Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На дэструктыўны канал нельга зайсьці выпадкова!» Жыхарку Гомля пакаралі «хатняй хіміяй» за камэнтар у Тэлеграме


Супрацоўнік міліцыі, ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнік міліцыі, ілюстрацыйнае фота

6 кастрычніка суд Савецкага раёну Гомля (судзьдзя Віталь Каўбеня) пакараў «хатняй хіміяй» на 1 год і выплатай кампэнсацыі маральнай шкоды міліцыянту за камэнтар у тэлеграм-канале «Каратели Беларуси».

Камэнтар 48-гадовая Натальля Сьцепанцова пакінула ўвосень 2020 году.

Жыхарка Гомля працуе сакратаром на адным з прадпрыемстваў. Яна прызнала, што сапраўды пакінула нэгатыўны камэнтар пад здымкам «незнаёмага мужчыны» ў канале «Каратели Беларуси».

Зазначыла, што на канал яна трапіла выпадкова, камэнтар пакідала, ня ведаючы, што на здымку міліцыянт, бо чалавек быў бяз формы. Тэкст пад фота не чытала. Камэнтар напісала таму, што мужчына на фота быў падобны да яе былога сужыцеля, што пацягнула за сабой непрыемныя ўспаміны і эмоцыі.

«Пацярпеў» ад дзеяньняў жыхаркі Гомля міліцыянт са Сьветлагорску Аляксандар Перавядзенцаў. Ён даў паказаньні на сьледзтве, што ў «Карателях Беларуси» быў разьмешчаны здымак незнаёмага мужчыны. Пад здымкам былі асабістыя дадзеныя сьветлагорскага міліцыянта і нэгатыўны тэкст пра яго. Міліцыянт прачытаў таксама камэнтары і палічыў сябе абражаным. Ён запатрабаваў, каб суд спагнаў з жыхаркі Гомля 3 000 рублёў маральнай шкоды.

Натальля Сьцепанцова зазначыла, што лічыць такую суму непад’ёмнай. Яна мае заробак 600 рублёў. «Магу сплаціць 150 рублёў — столькі я маю свабодных грошай. Больш у мяне няма», — дадала абвінавачаная.

Пракурорка Марыя Пушкар выказалася ў спрэчках, што віна Натальлі Сьцепанцовай даказаная і што яна не прызнае віну і не раскаялася — таму што адмовілася даваць паказаньні ў судзе.

«Занятая ёю пазыцыя супярэчыць доказам па справе. На такі дэструктыўны канал, як „Каратели Беларуси“, нельга зайсьці выпадкова», — дадала пракурорка.

Яна прасіла пакараць жанчыну «хіміяй» (абмежаваньнем свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) на 2 гады і прымусіць яе сплаціць міліцыянту 3 000 рублёў.

Судзьдзя пастанавіў пакараць жыхарку Гомля «хатняй хіміяй» на 1 год і канфіскаваць у яе мабільны тэлефон.

Акрамя таго, Натальля Сьцепанцова мусіць сплаціць міліцыянту 700 рублёў маральнай кампэнсацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG