Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага журналіста «Комсомольской правды» будуць абараняць два адвакаты


 Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін
Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін

Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін зьвярнуў увагу на тое, што рэдакцыя выданьня па-ранейшаму ня мае афіцыйнай інфармацыі аб тым, што здарылася.

Журналіста Генадзя Мажэйку, які знаходзіцца ў ізалятары ў Менску, будуць абараняць два адвакаты, юрыстам яшчэ не ўдалося сустрэцца зь ім. Пра гэта ТАСС паведаміў галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін.

«У Беларусі для абароны Мажэйкі ўжо нанятыя два адвакаты. Пакуль ім не ўдалося сустрэцца зь ім. Разьлічваем, што ўжо ў нядзелю абарона зможа атрымаць падрабязнасьці справы», — сказаў ён.

Сунгоркін зьвярнуў увагу на тое, што рэдакцыя «Комсомольской правды» па-ранейшаму ня мае афіцыйнай інфармацыі аб тым, што здарылася.

«У нас да гэтага часу няма афіцыйнай інфармацыі. Мы ўсё ведаем ад яго бацькоў. Паводле іх інфармацыі, ён зьехаў у Маскву [зь Беларусі], пасьпеў зь імі паразмаўляць, пасьля чаго нечакана зьнік. Канкрэтнай інфармацыі, дзе менавіта ён быў затрыманы, няма. Ён быў у Маскве, зьнік і раптам апынуўся ў Менску», — сказаў Уладзімір Сунгоркін.

Журналіст выданьня " Комсомольская правда в Беларуси" Генадзь Мажэйка быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка і знаходзіцца ў ізалятары ў Менску. Пра гэта ў суботу паведаміла «Комсомольская правда» са спасылкай на словы маці журналіста. Паводле яе даных, 1 кастрычніка ў кватэры яе сына па месцы жыхарства на працягу дзьвюх з паловай гадзін праходзіў ператрус супрацоўнікамі КДБ. У пастанове на ператрус, па яе словах, былі пазначаныя артыкулы 130 і 369 Крымінальнага кодэксу аб распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або розьні і абразе прадстаўніка ўлады.

Пасьля выхаду матэрыялу Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякавала доступ да сайту kp. by. Згодна з камэнтарам ведамства, такое рашэньне было прынятае ў сувязі з тым, што выданьне пісала пра інфармацыю, «якая садзейнічае фарміраваньню крыніц пагроз нацыянальнай бясьпецы».

У сваю чаргу ў Крамлі выказалі катэгарычную нязгоду з такім рашэньнем беларускіх уладаў. Як заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, такія дзеяньні «ідуць у парушэньне прынцыпу свабоды СМІ».

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG