Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Фэлікс Аксёнцаў: «Параза дэмакратычных сілаў толькі адтэрмінавала непазьбежнае»


Фэлікс Аксёнцаў
Фэлікс Аксёнцаў

Фэлікс Аксёнцаў належыць да плеяды пачынальнікаў беларускага рок-н-ролу. Стварыў тэксты для альбомаў рок-гуртоў «Уліс» («Чужаніца», «Краіна доўгай белай хмары», «Танцы на даху») і «Крама» (Зацьменны блюз»). У 1996 годзе пакінуў Беларусь і цяпер жыве ў канадзкім Ванкувэры.

Нядаўна сябры і знаёмцы атрымалі адтуль, з Канады, яго новую паэтычную кнігу «Междуречье». Мы пагаварылі з паэтам пра вершы на трох мовах, будучыню Беларусі і абавязкі свабоднага творцы.

— Віншуем з новай кнігай! Яна, як шматслойны пірог, добра сьпечаны майстравітым кандытарам. І кожны мае шанец пасмакаваць нешта сваё. Хтосьці вылучыць удалую кампазыцыю кнігі, некаму больш даспадобы прыйдзецца мэтафорыка радкоў, іншыя ж парадуюцца тэматычнай разнастайнасьці ці шырыні далягляду і часавага абсягу аўтара. Пра ўсё гэта нам бы хацелася пагаварыць з вамі, але дазвольце засяродзіцца толькі на мове. Дакладней, на мовах, бо іх тут цэлыя тры. Як так сталася, што аўтар беларускіх тэкстаў для культавых рок-групаў «Уліс» і «Крама» цяпер — расейска-беларуска-ангельскі паэт?

— Так склалася ад самага пачатку. У сям’і размаўлялі па-расейску, і гэта была мая матчына мова. Таму і паэтычныя радкі да мяне часьцей за ўсё прыходзяць на расейскай. Калі верш выплывае зь нічога, загараецца сьвятлом у сьвядомасьці — ты ўжо ня маеш выбару.

А вось тэксты песень я здольны ствараць толькі беларускія. Яны пішуцца на гатовую музыку, а музыка выклікае ў мяне найчасьцей беларускія вобразы і радкі. Так я настроіў сябе яшчэ ў юнацтве. Мо таму, што паэтычны слых і музычны — розныя рэчы і варта трымаць іх на адлегласьці. Усе мае спробы расейскіх тэкстаў на гатовыя мэлёдыі няўдалыя.

Ангельская (яе ў маіх вершах няшмат) — гэта вынік 25 гадоў канадзкага жыцьця і штодзённага гаварэньня на гэтай мове.

Я нарадзіўся ў адзін дзень з Робэртам Бэрнзам, вялікім шатляндзкім паэтам. Аднойчы я чытаў свае вершы на вечарыне ў Портлэндзе, у ЗША. І пасьля чытаньня ў мяне запыталіся: «А вы расейскі паэт ці беларускі?». «Беларускі», — адказваю. «Дык вершы ж расейскія!» — кажуць мне. «А на якой мове пісаў Бэрнс?» — пытаюся. «На ангельскай». «А ён ангельскі паэт ці шатляндзкі?» — «Шатляндзкі…» — кажуць. «Ну вось, — кажу, — вы і самі адказалі на сваё пытаньне».

— У вашай кнізе ёсьць цудоўнае прызнаньне:

поэзия —
это когда речью рвёт

таму, што падзеньне
таму, што ўзьлёт

Ад чаго ў кожным разе ў вас залежыць выбар мовы новага верша?

— Гэта залежыць ад самога верша. Як ён захоча, так і прыйдзе. Нешта ўзьнікае з пачуцьця ў цішыні. Разам з мовай — гук, мэтафара, рытм, гул, вобраз, ці рыфма, а потым пачынаецца выбар варыянтаў, словаў. Паэзія — магічная мова, мова заклёнаў і варажбы. Ёй ня варта пярэчыць, яе нельга карыстаць дзеля нейкіх культурніцкіх ці палітычных мэтаў. Бо яна адпомсьціць і забʼе аўтара, каб захаваць сваю чысьціню.

— А ад чаго залежаў выбар назвы кнігі? У ёй ёсьць бліскучая маленькая паэма зь беларускім наватворам у назьве «Міжземнамоўе», але на вокладку вынесена расейскае слова «Междуречье». Чаму?

— Паэма (ці, хутчэй, нізка) «Междуречье» — «Міжземнамоўе» ў кнізе падзеленая на дзьве часткі. У кожнай зь іх па 12 міні-білінгваў. Першая частка мае назву «Междуречье», другая — «Міжземнамоўе». Наватвор «Міжземнамоўе» прыдумаў Макс Шчур, таму ў кнізе, дарэчы, ёсьць і падзяка яму. Гэтае слова пераклікаецца зь Міжземнаморʼем, фэнтэзі-краінай пісьменьніцы Ўрсулы Ле Гуін. А расейскае слова «Междуречье» — са старажытнай цывілізацыяй Міжрэчча Мэсапатаміяй, зь міталёгіяй акадцаў і шумэраў, з Бабілёнам.

Кніга пабудаваная менавіта на аснове шумэрскай сыстэмы зьлічэньня. Шумэры карысталіся шасьцідзясятковай сыстэмай, а не дзясятковай, як мы. Водгукі яе захаваліся ў 60 хвілінах і сэкундах на нашых гадзіньніках, у сыстэме нябесных каардынат.

Гавораць, што адна з этнічных груп Мэсапатаміі мела сыстэму зьлічэньня, заснаваную на лічбе 5, а іншая — на лічбе 12. 12×5 = 60.

Іншыя мяркуюць, што шумэрскі пастух, пералічваючы авечак, перабіраў вялікім пальцам суставы іншых пяці пальцаў той жа рукі. Такіх костак — 12. Затым дванадцаткі гуртаваліся па пальцах другой рукі. 5 разоў па 12 = 60.

Таму ў кнізе 60 вершаў/паэмаў — 5 падзелаў па 12 тэкстаў у кожным.

«Междуречье» — гэта таксама і тое, што адбываецца, калі цішыня ператвараецца ў маўчаньне паміж словамі. І прастора паміж мовамі, і стылістычная эклектыка. Ёсьць і яшчэ адно адценьне, улоўнае для тых, хто ўжывае абедзьве мовы. Рэч — «вещь», рэчаіснасьць — «сущность». Таму «Между-рэч’е» — гэта і прастора паміж рэчамі фізычнага сусьвету.

Адсюль і назва — «Междуречье». Да таго ж у кнізе ўсё-ткі болей расейскіх вершаў.

— Тут якраз дазвольце працытаваць яшчэ адно ваша чатырохрадкоўе:

крыгалом рок-н-ролу
блюзавы шлях дахаты

это как будто на другом языке
или у меня в руках граната

У гэтых радках чытаецца нават не настальгія па вашай беларускай паэтычна-музычнай маладосьці, а роспач невяртанца, які гранатаю можа рвануць па перашкодзе на шляху дахаты. Чаго ў канадзкім Ванкувэры вам не стае для захаваньня ў творчай прасторы беларускай мовы?

— Бракуе, вядома ж, штодзённай, вулічнай, жывой беларускай мовы. Большасьць маіх тутэйшых сяброў размаўляюць ангельскім дыялектам расейскай мовы. Сярод іх, дарэчы, няма імпэрцаў і рускамірцаў — з такімі асобамі я прынцыпова разьвітаўся. Але ж гутарковай беларускай тут не хапае.

— А вось ваша простая і разам з тым трагічная канстатацыя прыроднае зьявы:

Птушыны Шлях нябачны за хмарамі
па-над цёмным морам

Што вас ратуе ў хвіліны такіх балючых адкрыцьцяў?

— Малітва. У 2005 годзе я прыняў будызм, практыкую мэдытацыі, сустракаюся з манахамі, слухаю пропаведзі, чытаю сутры. На Захадзе шмат хто лічыць, што ў будызьме няма Бога. Яны памыляюцца.

— ...Барвяныя цені крыжоў
на чыстых палотнах

Гэта апошнія радкі вашага верша, пад якім стаіць дата 2020. Год сьмелых людзей і вольналюбных надзей. Але ваш верш гучыць безнадзейным наканаваньнем беларускае будучыні. Як вы наогул успрынялі леташнія весткі з радзімы, якая прымусіла гаварыць пра сябе ўвесь сьвет?

— Дарэчы, верш узьнік пад уплывам кнігі сябра юнацтва, Міхала Анепмадыстава, «Колер Беларусі». Белае і чырвонае — хрысьціянскія колеры, у іх сымболіка веры, зямных пакутаў і адраджэньня. Таму надзея ў вершы ўсё-ткі ёсьць.

А што да падзеяў, то, на маю думку, летась мы сталі ўдзельнікамі і сьведкамі крытычнага моманту ў аднаўленьні сучаснай беларускай нацыі, сьцьвярджэньні яе эўрапейскай накіраванасьці. Параза дэмакратычных сілаў толькі адтэрмінавала непазьбежнае — Беларусь далучыцца да абʼяднанай вольнай Эўропы, да якой яна гістарычна і належыць. Магчыма, мы не пабачым гэтага пры нашым жыцьці, але гісторыя — гэта доўгі эпас.

Адначасова я адчуваю абурэньне забойствамі, катаваньнямі, зьняволеньнямі, катастрофай права, разбурэньнем грамадзкіх суполак. Гэта крывавы водгук Сярэднявечча і «падарунак» ад Расейскай імпэрыі, якая належыць Сярэднявеччу і ў ім і застанецца. Нам не туды.

— У пратэставых шэрагах летась і сёлета было шмат беларускіх творцаў, многія зь якіх за сваю актыўнасьць зазналі жорсткі перасьлед уладаў і змушаныя ратавацца за мяжой. Там яны будуць у бясьпецы, ім там будзе ўдосталь цяпла і сьвятла. Але ці будзе ім там хапаць для творчасьці роднае мовы? Што б вы з вашага дваццаціпяцігадовага эмігранцкага досьведу сказалі ім пра гэта?

— Свабода і бясьпека накладаюць абавязкі. Галоўны зь іх — тварыць, карыстацца магчымасьцю прысьвяціць сваё жыцьцё мастацтву. А таксама падтрымліваць тых, хто пакутуе на радзіме, змагаецца за яе лепшы лёс. Напрыклад, канадзкія беларусы даслалі шмат лістоў да канадзкага міністра замежных спраў, прэмʼера, дэпутатаў парлямэнту з патрабаваньнямі дапамагчы ахвярам рэпрэсій і аказаць ціск на аўтакратычны рэжым. Я ўпэўнены, што беларускія галасы спатрэбяцца на тутэйшых выбарах, а таму канадзкі ўрад зьвяртае ўвагу на такія патрабаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG