Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомлі за гадзіну ліквідаваў краязнаўчую арганізацыю «Талака», якая існавала з 1986 году


Архіўнае фота. Удзельнікі «Талакі» на Купальлі, 2013 год
Архіўнае фота. Удзельнікі «Талакі» на Купальлі, 2013 год

Арганізацыя дзейнічае з 1986 году і сёлета магла б адзначыць сваё 35-годзьдзе.

У Гомельскім абласным судзе 15 верасьня адбыўся разгляд грамадзянскай справы паводле пазову галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму да гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі «Талака» — аб яе ліквідацыі.

Разбор цягнуўся каля гадзіны, у выніку судзьдзя Тацяна Аземша пагадзілася з пазовам і пастанавіла ліквідаваць арганізацыю.

Падчас суду аб ліквідацыі аб'яднаньня «Талака» ў Гомлі. 15 верасьня 2021 г.
Падчас суду аб ліквідацыі аб'яднаньня «Талака» ў Гомлі. 15 верасьня 2021 г.

Сёлета «Талацэ» якраз споўнілася б 35 гадоў — гэта адно з найстарэйшых грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі. Празь яго ў розныя часы прайшлі асобы, якія ў далейшым сталі вядомымі беларускімі дзеячамі: Сяргей Дубавец, Тацяна Сапач, Барыс Пятровіч, Алесь Бяляцкі, Вольга Цярэшчанка, Зьміцер Сасноўскі, Сяргей Балахонаў, Яўген Малікаў.

«Талака» займаецца разьвіцьцём нацыянальнай культуры: адраджае старадаўнія беларускія народныя абрады, зьбірае фальклёр, рэканструюе аўтэнтычныя сьвяты. Абʼяднаньне папулярызавала культуру, гісторыю і краязнаўства, ладзіла сьвяты ў адпаведнасьці з народнымі традыцыямі.

Падчас суду высьветлілася, што ў адрас «Талакі» выносілі пісьмовае папярэджаньне. У тым ліку за тое, што арганізацыя ня выканала патрабаваньня закону «Аб мерах па прадухіленьні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня». Паводле гэтага закону ўсе беларускія грамадзкія абʼяднаньні абавязаныя прадстаўляць дакумэнты аб сваёй дзейнасьці — у прыватнасьці, аб паступленьні і выдаткоўваньні грашовых сродкаў і іншай маёмасьці. Гэтага патрабаваньня «Талака» ня выканала.

Як патлумачыў падчас суду старшыня арганізацыі Пятро Цалка, абʼяднаньне не вяло эканамічнай дзейнасьці. Ён папрасіў даць час, каб прадставіць неабходныя дакумэнты, але суд гэтае хадайніцтва адхіліў.

У галоўным упраўленьні юстыцыі адзначылі, што «Талака» ажыцьцяўляе дзейнасьць «зь неаднаразовымі і грубымі парушэньнямі заканадаўства», а часу на падрыхтоўку дакумэнтаў было дастаткова.

«У „Талакі“ не было шанцаў. Бо ў краіне ідзе шырокамаштабная акцыя па вынішчэньні НДА. „Талака“ з 1986 году гадавала патрыётаў, беларускамоўных, таму па „Талаку“ прыйшлі. Як і абяцаў спадар Макей — у адказ на санкцыі зьнішчаць НДА. Але мы будзем працягваць рабіць сваю справу», — сказала Свабодзе сябра рады «Талакі» Ларыса Шчыракова, якой не далі выступіць на судзе.

Пасьля суду аб ліквідацыі аб'яднаньня «Талака» ў Гомлі.
Пасьля суду аб ліквідацыі аб'яднаньня «Талака» ў Гомлі.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на сярэдзіну верасьня, згодна са зьвесткамі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 году зьліквідавалі ўжо 135 недзяржаўных арганізацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG