Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стымулявалі адказваць ударамі і электрашокерам». Хроніка перасьледу 11 верасьня

абноўлена

Гукарэжысэра і музыку гурту Favourite Mirror Аляксея Бусла па затрыманьні білі нагамі і катавалі электрашокерам, паведаміла «Вясна назірае».

35-гадовага Аляксея Бусла разам з маці Тацянай Бусел затрымалі раніцай 9 верасьня падчас «хапуну» ў менскай Кунцаўшчыне. Пазьней у праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае відэа» з хлопцам, якое зьнялі ў службовым мікрааўтобусе. У кватэры сям’і ГУБАЗіК правёў ператрус, пасьля якога затрымалі і бацьку Аляксея Сяргея Бусла (уначы яго адпусьцілі). Аляксея і Тацяну пакінулі за кратамі, на іх склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (24.23 КаАП).

10 верасьня на судзе Аляксей Бусел прызнаў віну часткова, бо «намер удзельнічаць быў, але ён ня быў рэалізаваны, бо мерапрыемства не адбылося».

Аляксей апавёў, што 9 верасьня ён прыйшоў на месца збору, дзе плянавалася акцыя, пра якую даведаўся з ананімнага паведамленьня ў тэлеграме. З сабою ў яго быў «дзяржаўны сьцяг 1991 году — бел-чырвона-белы». Аляксей накінуў яго на плечы, і на яго адразу накінуліся сілавікі.

«Пасьля затрыманьня ў бусе супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўжывалі фізычную сілу. У ГУБАЗіКу было апытаньне таксама з ужываньнем фізычнай сілы. Везьлі ў ГУБАЗіК на падлозе аўтобуса. Часам білі. Нешта пыталіся, нешта адказваў, стымулявалі адказваць ударамі і электрашокерам», — сказаў на судзе Аляксей Бусел

Выслухаўшы гэта, судзьдзя Бугук пакарала яго 15-сутачным арыштам.

Маці Аляксея Тацяну таксама арыштавалі на 15 сутак.

Рэпэра пакаралі годам калёніі за песьню пра Лукашэнку

Суд Добрускага раёну пакараў 1 годам калёніі агульнага рэжыму рэпэра Яўгена Пятрова. Судзьдзя Сьвятлана Лукʼянава палічыла яго вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла «Гомельская Вясна».

Яўген Пятроў
Яўген Пятроў

Яўген — грамадзянін Расеі, а значыць, пасьля адбыцьця пакараньня яго дэпартуюць. Адваката ў яго не было. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

У песьні 22-гадовага Яўгена Пятрова ёсьць словы «Ты Сярожу пасадзіў, Лукашэнка, ты д...л?».

Віны ён не прызнаў, бо лічыць, што ў песьні, якую ён напісаў летась падчас выбарнай кампаніі, не было абразы, ён проста ставіў пытаньне наконт разумовых здольнасьцяў кіраўніка Беларусі.

Аднак экспэрты, якія праводзілі лінгвістычную экспэртызу тэксту, прыйшлі да высновы, што гэта «натуральная абраза Лукашэнкі».

«Мяне вельмі ўсхвалявала тое, што адбывалася ў Беларусі падчас выбарнай кампаніі, — патлумачыў творца. — Нерэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, затрыманьні актывістаў, палітыкаў, блогераў. Брутальныя дзеяньні сілавікоў у адносінах да пратэстоўцаў. Усё гэта падштурхнула да стварэньня песьні, за якую мяне судзяць».

Яўгена Пятрова затрымалі 4 чэрвеня. Прычым супрацоўнікі ГУБАЗіК, каб знайсьці маладзёна, які ня жыў па месцы рэгістрацыі ў Добрушы, стварылі фэйкавы акаўнт. Ад імя дзяўчыны напісалі яму ў асабістыя паведамленьні і папрасілі напісаць песьню. Адпаведна, на сустрэчу замест кліенткі прыйшлі сьледчыя.

У Берасьці затрымалі Дзьмітрыя Шчурко, які адбывае «хатнюю хімію» за крадзеж міліцэйскай рацыі

10 верасьня затрымалі берасьцейца Дзмітрыя Шчурко, які адбывае «хатнюю хімію»

Зраньня ў яго прайшоў ужо пяты па ліку ператрус. У пастанове ўказаны арт. 290 КК — «Пагроза ўчыненьня акту тэрарызму». У справе раней апыталі каля 15 сяброў Шчурко. Увечары а 17-й гадзіне Дзмітры пайшоў па выкліку ў Маскоўскі РАУС Берасьця. Там яго затрымалі і адвезьлі ў ізалятар.

Інцыдэнт, за які судзілі Дзьмітрыя Шчурко, адбыўся 20 верасьня. Тады на рагу вуліц Савецкай і Гогаля сабраліся ўдзельнікі акцыі пратэсту. Да іх пад’ехаў мікрааўтобус зь сілавікамі і пачаліся затрыманьні.

Па вэрсіі абвінавачаньня, мужчына скарыстаўся тым, што міліцыянты адцягнуліся на ўдзельнікаў дэманстрацыі, і дастаў з падсумка бронекамізэлькі аднаго зь іх радыёстанцыю. Выкрадзеную рацыю ён панёс дадому. Праз дзень яго выклікалі ў аддзяленьне міліцыі, дзе ён вярнуў абсталяваньне. Ва УУС шкоду ацанілі ў 890 рублёў.

Шчурко раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, ён выхоўвае дваіх дзяцей: 8 і 2 гадоў.

Берасьцеец вінаватым сябе не прызнаў. Суду ён расказаў, што 20 верасьня прыехаў на Савецкую прагуляцца. Каля помніка 1000-годзьдзя завязалася бойка з АМАПам. Сілавікі падбеглі да Дзьмітрыя, сказалі яму «ляжаць» і паспрабавалі скруціць. Празь дзень Дзьмітрыю патэлефанавалі з крымінальнага вышуку і папрасілі прыйсьці. У райаддзеле ён вярнуў рацыю. Затым яго дапыталі, затрымалі і адправілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС.

У судзе мужчына растлумачыў, што красьці рацыю ён не зьбіраўся. Ён узяў яе, каб выкарыстоўваць у якасьці доказу злачынстваў невядомых, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў.

Завялі крымінальную справу за папсаваныя міліцэйскія банэры

Затрымалі траіх віцяблян, якія нібыта аблілі чырвонай фарбай «міліцэйскія» банэры. У іх правялі ператрусы, завялі крымінальную справу. Двое з затрыманых – Святлана Гуркоўская і Арцём Латышаў – затрыманыя, паведамляе «Вясна».



Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 6 чалавек

  • Максіма Клімовіча,
  • Глеба Койпіша,
  • Аляксея Мінава,
  • Аляксея Муравіцкага,
  • Кірыла Пальчэўскага,
  • Дар’ю Чайко.

«Мы ацэньваем перасьлед вышэйназваных асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», — заявілі праваабаронцы і заклікалі іх вызваліць.

Усяго ў Беларусі на сёньня 667 палітычных вязьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG