Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя супраць рэспублікі. Сёньня ў Беларусі і Расеі стартуюць вайсковыя вучэньні «Захад-2021»


Падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».
Падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

9 верасьня ў Беларусі і Расеі пачынаюцца вайсковыя вучэньні «Захад-2021». Яны пройдуць у Расеі і на двух палігонах у Беларусі — каля Баранавічаў і Берасьця, перадае Интерфакс-Запад.

На палігоне «Муліна» ў Ніжагародзкай вобласьці Расеі адбылася цырымонія адкрыцьця сумеснага стратэгічнага вучэньня Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь «Захад-2021», — паведаміла расейскае вайсковае ведамства.

Намесьнік міністра абароны Расеі Мікалай Панкоў заявіў, што вучэньне «мае абарончы характар, яно накіравана на навучаньне войскаў вядзеньню ваенных дзеяньняў у сучасных умовах і павышэньне апэратыўнай сумяшчальнасьці органаў вайсковага кіраваньня ўзброеных сілаў саюзьнікаў і дружалюбных дзяржаў».

Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны генэрал-маёр Алег Воінаў на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды пачатку вучэньняў заявіў, што прысутнасьць міжнародных назіральнікаў на манэўрах не прадугледжаная, бо «колькасьць войскаў, танкаў, браніраваных машын, самалётаў ды іншай тэхнікі не перавышае ўзроўню, абавязковага для пэўных відаў вайсковай дзейнасьці».

Таксама ён закрануў «новыя існуючыя ваенныя пагрозы», на фоне якіх Беларусь імкнецца да зьніжэньня канфліктнага патэнцыялу і ўмацаваньня бясьпекі:

«Адрозна ад нашых заходніх партнэраў, Беларусь можа канстатаваць адсутнасьць замежных базаў з вайсковай тэхнікай, за выключэньнем радыёстанцыі і вузла сувязі расейскіх установаў, якія не зьяўляюцца вайсковымі базамі. А вось некаторыя суседнія краіны стала нарошчваюць кантынгенты на мяжы зь Беларусьсю з ужо зафіксаванай дысьлякацыяй звыш 8,5 тысячы вайскоўцаў NATO і вялікай колькасьцю тэхнікі», — заявіў прадстаўнік абароннага ведамства Беларусі.

Паводле генэрала, кожная дзяржава мае права праводзіць апэратыўную і баявую падрыхтоўку войскаў, аднак характар і інтэнсіўнасьць таго, што адбываецца на вонкавых межах Беларусі, выклікае «заканамерную заклапочанасьць».

У Беларусі ў манэўрах возьмуць удзел 12 800 чалавек, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў, а таксама

  • больш за 30 самалётаў і верталётаў,
  • каля 140 танкаў,
  • да 110 гарматаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і мінамётаў.

Усяго ў Беларусі і Расеі на вучэньні залучаць каля 200 тысяч чалавек.

Паводле задумы вучэньняў, умоўная дзяржава «Палярная рэспубліка» зробіць спробы сілавога ціску на «Цэнтральную фэдэрацыю». Эскаляцыя напружанасьці перарасьце ў збройны канфлікт. Фэдэрацыя будзе абараняцца, лякалізуе канфлікт і разграміць праціўніка.

Беларускія ўлады запрасілі на вучэньні замежных назіральнікаў

  • зь Літвы і шэрагу іншых дзяржаў,
  • з Цэнтру па прадухіленьні канфліктаў АБСЭ,
  • з ААН,
  • з Чырвонага Крыжа.

Раней генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што сапраўдная колькасьць войскаў на вучэньнях «Захад-2021» значна перавышае заяўленую.

Вучэньні «Захад» праводзяцца кожныя чатыры гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG