Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартоўцаў». Міжнародная фэдэрацыя хакею на 5 гадоў дыскваліфікавала Баскава


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Баскаў (справа) на Калядным аматарскім хакейным турніры, 2017 год.
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Баскаў (справа) на Калядным аматарскім хакейным турніры, 2017 год.

Кіраўніка фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава дыскваліфікавалі пасьля дзесяцімесячнага расьсьледаваньня Дысцыплінарнай камісіі Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF), якая палічыла, што Баскаў парушае Кодэкс паводзінаў фэдэрацыі.

Дзьмітры Баскаў адхілены ад усяе нацыянальнай і міжнароднай дзейнасьці ў хакеі на пяць гадоў, пачынаючы з 10 верасьня 2021 году і заканчваючы 9 верасьня 2026 году.

«Камісія прывяла дастатковыя доказы таго, што Дзьмітры Баскаў спрабаваў прама паўплываць на іншых, каб падтрымаць беларускі ўрад, і пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартоўцаў за іх палітычныя погляды, што парушае правіла 1.2.2.1 Кодэксу паводзінаў IIHF. Калегія таксама вызначыла, што Баскаў злоўжываў сваім становішчам прадстаўніка хакею, каб падтрымаць Аляксандра Лукашэнку, парушыўшы артыкул 5 Алімпійскай хартыі ў сувязі з артыкулам 2.1 Дысцыплінарных рэглямэнтаў IIHF і правілам 1.2.2.4 Кодэксу паводзінаў IIHF», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

25 лістапада 2020 году IIHF паведаміла Баскаву, што пачала расьсьледаваньне яго меркаванай датычнасьці да інцыдэнту, які прывёў да сьмерці Рамана Бандарэнкі.

Інцыдэнт адбыўся 11 лістапада 2020 года на «плошчы Пераменаў» у Менску, дзе група людзей сустрэлася, каб перарэзаць бел-чырвона-белыя стужкі, якія сьведчаць аб палітычнай апазыцыі ў Беларусі. На Бандарэнку падчас інцыдэнту напалі, ён атрымаў цяжкія раненьні і на наступны дзень памёр ад гэтых пашкоджаньняў.

Пасля IIHF атрымала справаздачы ад Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) і даручыла незалежнай сьледчай фірме правесьці агляд агульнадаступнай інфармацыі адносна сьцьвярджэньняў аб датычнасьці Баскава да інцыдэнту, які прывёў да сьмерці Бандарэнкі, і любыя дзеяньні, зьвязаныя з гэтым.

«На падставе ацэнкі паведамленьняў у СМІ, аўдыёзапісаў і фатаграфій фірма палічыла, што, хоць нельга выключыць, што Баскаў прысутнічаў падчас інцыдэнту, яна не знайшла доказаў актыўнага ўдзелу Баскава ў нападзе на Бандарэнку. Вядома, што Баскаў ацэньваецца як заўзяты прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі і ўдзельнічаў у палітычных акцыях, прысьвечаных Лукашэнку ў 2020 годзе»,— паведаміла IIHF.

У сваім дакладзе BSSF абвінавачвае Баскава ў тым, што ён шчыльна ўдзельнічаў у злачынстве супраць Бандарэнкі 11 лістапада 2020 году. Акрамя таго, BSSF абвінавачвае Баскава ў парушэньні права на свабоду думак, патрабуючы ад беларускіх спартоўцаў падтрымкі Лукашэнкі і адмовы ад крытыкі рэжыму.

«Пасьля разгляду розных справаздач, агляду ўсіх высьветленых фактаў і пасьля афіцыйнага слуханьня з Баскавам, вырашальная камісія Дысцыплінарнай рады вызначыла, што прадстаўленыя BSSF доказы даюць абгрунтаваную прычыну таго, што Баскаў мог прысутнічаць падчас інцыдэнту 11 лістапада 2020 году. Аднак гэта не было дастатковым доказам датычнасьці Баскава да інцыдэнту, які прывёў да сьмерці Бандарэнкі.

Вырашальная група вызначыла, аднак, што ёсьць дастатковыя доказы таго, што Баскаў спрабаваў паўплываць на іншых, каб падтрымаць урад, і пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартоўцаў за іхныя палітычныя погляды, і што ён злоўжываў сваім становішчам прадстаўніка хакею з мэтай падтрымкі Лукашэнкі, парушыўшы артыкул 5 Алімпійскай хартыі», — заявіла IIHF.

Рэакцыя Фэдэрацыі хакея Беларусі

Фэдэрацыя хакея Беларусі пракамэнтавала рашэньне пра пяцігадовае адхіленьне свайго кіраўніка Дзьмітрыя Баскава.

«ФХБ лічыць недапушчальным адхіленьне старшыні нацыянальнай спартыўнай фэдэрацыі ад нацыянальнай і міжнароднай дзейнасьці за выказваньне асабістай грамадзянскай пазыцыі і нібыта аказаны гвалт з-за палітычных перакананьняў на спартоўцаў і трэнэраў. Рашэньне абумоўленае ўзрослым ціскам на Міжнародную фэдэрацыю з боку палітычных сілаў, а факты нібыта дапушчаных Дзьмітрыем Баскавым парушэньняў на падставе справаздачаў замежных арганізацый і прыватных асобаў могуць быць трактаваныя як заклікі да дэструктыўных антыграмадзянскіх дзеяньняў».

ФХБ сьцьвярджае, што абраньне Дзьмітрыя Баскава на пасаду старшыні Фэдэрацыі было легітымным і адпаведным статутным нормам арганізацыі. Фэдэрацыя піша, што Баскаў працягне працу на займанай ім пасадзе.

У бліжэйшы час будзе ФХБ зьбіраецца прыняць рашэньне аб мэтазгоднасьці абскарджваньня рашэньня IIHF у Спартыўным арбітражным судзе ў Лязане.

Камэнтар Фонду спартовай салідарнасьці

У сваю чаргу юрыдычная служба Фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) пракамэнтавала наступствы рашэньня Міжнароднай фэдэрацыі хакея для Дзьмітрыя Баскава.

«Па-першае, Дзьмітры Баскаў больш ня мае права ўдзельнічаць ні ў якіх мерапрыемствах, зьвязаных з хакеем — як на міжнародным, так і на нацыянальным узроўні. Па-другое, Фэдэрацыя хакея Беларусі, вядома, мае магчымасьць пакінуць яго на пасадзе старшыні. Але тады яна павінна разумець, што за невыкананьне рашэньняў IIHF санкцыі будуць ужо супраць арганізацыі, што можа цалкам выключыць беларускі хакей з сусьветнай спартовай супольнасьці», — адзначаецца ў адмысловай заяве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG