Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Несапраўдная незалежнасьць: выжыць у краіне, дзе пануе страх


Падчас акцыі пратэсту ў Менску 15 жніўня 2020 года
Падчас акцыі пратэсту ў Менску 15 жніўня 2020 года

Гэты страх нібы разьліты ў паветры, якім дыхаюць сёньня беларусы. Ён адчуваецца ледзь ня ў кожнай размове і са знаёмым, і з малазнаёмым, і з зусім не знаёмым чалавекам.

Здавалася б, яшчэ ўчора дастаткова разьняволеныя і свабодныя людзі вельмі хутка закрыліся, адгарадзіліся і амаль замоўклі. Вось на менскай вуліцы рэпартэр зь мікрафонам спрабуе разгаварыць выпадковых мінакоў. Яшчэ год таму гэта зусім не было праблемай. Сёньня ж, пачуўшы «палітычнае» пытаньне (нават бяскрыўднае) ледзь ня кожны затуляе вусны рукамі і панічна адштурхоўвае ад сябе мікрафон.

Па-іншаму ня можа быць у краіне, дзе трапіць у турму можна за неасьцярожна сказанае слова, за пакінуты ў сацсетках камэнтар, за «ня той» лайк пад чыімсьці допісам. Гэты страх занявольвае, падзяляе, скоўвае, адчужае нават калісьці блізкіх людзей. Як з гэтым жыць і як выжыць?

Мы атрымалі несапраўдную незалежнасьць і несапраўдную свабоду

У гэтыя дні, тыдні і месяцы якраз спаўняецца 30 гадоў з часу многіх адметных падзей, якія адбываліся ў 1991-м на абшары былога СССР. Пасьля правалу ГКЧП былыя савецкія рэспублікі адна за другой абвяшчалі незалежнасьць. Абвалілася калісьці ўсёмагутная КПСС. Амаль усе савецкія газэты ў адно імгненьне сталі антысавецкімі. Стала магчыма гаварыць тое, што думаеш, самім выбіраць сабе ўладу, свабодна выяжджаць за мяжу.

Гэта быў эмацыйны і надзвычай узрушвальны момант гісторыі. Амаль усе ўсходнеэўрапейскія краіны былога «сацлягеру» і былыя савецкія рэспублікі перажывалі вялізны нацыянальны ўздым — гэта было відавочна нават на адлегласьці, адчувалася праз экран тэлевізара. Сотні тысяч людзей на вуліцах і плошчах....Маршы і «ланцугі салідарнасьці» працягласьцю ў тысячу кілямэтраў. Нацыянальныя сьцягі на кожным будынку, у руках соцень тысяч людзей. Народы, якія дзесяцігодзьдзямі жылі ў няволі, пазбаўляліся ад страху і віталі надыход свабоды. У Беларусі было па-іншаму. Можна цешыць сябе ілюзіямі і прыхарошваць уласныя ўспаміны, але калі цьвяроза і безэмацыйна паспрабаваць зірнуць у твар уласнай мінуўшчыне, то перад вачыма паўстае іншае. Беларусы ў сваёй бальшыні маўчалі. І назіралі за тым, што адбываецца наўкол, зь недаверам і трывогай.

Памятаю, удзень 19 і 20 жніўня 1991-га я шмат хадзіў па малалюдным цэнтры Менску — праспэктам Скарыны, плошчай Леніна... Ніякіх мітынгаў і пікетаў, толькі людзей прыкметна менш, чым звычайна. Да чыноўнікаў было не дазваніцца — усе раптам аказаліся ці ў адпачынку, ці захварэлі.

Дзякуючы свайму журналісцкаму пасьведчаньню зайшоў у Дом ураду, у Вярхоўны Савет. Там таксама было малалюдна і ціха. На лесьвіцы паспрабаваў спыніць пытаньнем пра ГКЧП дэпутата Дзьмітрыя Булахава, які некуды сьпяшаўся... Адказваў ён на хаду і вельмі асьцярожна: «Трэба думаць...Ня ўсё так адназначна...Камэнтары будуць пазьней». Потым, увечары і ў наступныя дні, калі стала вядома, што Ельцын перамог, што арыштаў і надзвычайнага становішча ня будзе, на плошчы зьбіраліся па некалькі соцень чалавек...Але ўсё гэта не ішло ні ў якое параўнаньне з тым, што адбывалася ў тыя дні ў Маскве, Кіеве, Вільні, Тбілісі...

Уніклівы і пунктуальны Сяргей Навумчык, мой сябар і калега, як самы дасканалы летапісец беларускай рэчаіснасьці пачатку і сярэдзіны 90-х, без сумневу, да самых драбніц і дэталяў апісаў ледзь ня кожную гадзіну і хвіліну тых дзён. Я ні кроплі не сумняваюся ў пратакольнай дакладнасьці напісанага ім. Але калі гаварыць пра мае ўласныя ўражаньні відавочцы і сьведкі таго, што тады адбывалася ў Беларусі, то не пакідае адчуваньне, што Беларусь і беларусы проста моўчкі плылі ў агульнай плыні туды, куды яна несла. Для пераважнай бальшыні тых суграмадзян, сярод якіх жыў і якіх памятаю, гэта не было момантам яднаньня і агульнага шчасьця, якім магло б і павінна б быць, калі б гэтыя людзі цанілі свабоду і незалежнасьць, імкнуліся і змагаліся за іх.

У нас не было соцень тысяч на вуліцах. Не было ўрачыстых спускаў старога сьцяга і ўздыманьня новага. Не было адчуваньня гістарычнасьці таго, што адбывалася. Нібы гісторыя рабіла круты паварот недзе там, далёка, у суседзяў, але ня ў нас.

Мітынг БНФ перад Домам ураду ў Менску ў жніўні 1991
Мітынг БНФ перад Домам ураду ў Менску ў жніўні 1991

Тыя сьпеўныя, «аксамітныя» рэвалюцыі ў суседніх краінах былі па сутнасьці негвалтоўнымі і некрывавымі, сьветлым і шчасьлівым момантам для нацый. Якія людзей згуртавалі і загартавалі...

І нават супрацьстаяньне з калісьці грознымі спэцслужбамі было там найчасьцей трохі апэрэтачным, бутафорскім, нібы несапраўдным. Міліцыянты складвалі свае шчыты і дубінкі, яшчэ ўчора ўсемагутныя партыйныя бонзы хаваліся на дачах і ў санаторыях, улада сама сьпелым яблыкам падала ў рукі ахмялеламу ад свабоды натоўпу. Фактычна ўсе суседзі Беларусі шчасьліва высьлізнулі з жалезных абдымкаў імпэрыі ў тое ненадоўга расчыненае вакно магчымасьцяў, якое адкрылася дзякуючы аслабелай хватцы Масквы...

Мы ўсяго гэтага не перажылі. Не ацанілі. Не адстаялі на плошчах і ў «ланцугах салідарнасьці», узяўшыся за рукі; не адсьвяткавалі, не адчулі ўсю глыбіню і эпахальнасьць вялікага моманту пазбаўленьня ад страху і несвабоды. І ўзамен атрымалі несапраўдную незалежнасьць і несапраўдную свабоду. Усё вярнулася праз трыццаць гадоў у яшчэ больш страшных гратэскавых формах. Тое, што для іншых гістарычны лёс зьвёў у некалькі шчасьлівых дзён, для нас расьцягнуў на доўгія дзесяцігодзьдзі, якія завяршаюцца драмай масавых палітычных рэпрэсіяў і татальнага страху ў грамадзтве.

У чаканьні, калі па цябе прыйдуць людзі ў чорным

Гэты страх нібыта выпаўз з патаемных куткоў сьвядомасьці, вярнуўся з паўзабытых сямейных успамінаў. Гэта нават ня наш страх, а працяг жахаў, перажытых нашымі бацькамі і дзядамі.

Бо для нас, народжаных у савецкай несвабодзе 50-70-х, таго штодзённага страху сталінскай эпохі ўжо, па сутнасьці, не было. Выгадаваныя за жалезнай заслонай, мы ня ведалі іншага жыцьця. Правілы савецкай рэчаіснасьці ўспрымаліся як норма. Савецкаму журналісту ўзору 70-80-х не прыйшло б у галаву насьміхацца над выбарамі ў Вярхоўны Савет, у якіх у бюлетэні мог быць толькі адзін прызначаны зьверху кандыдат і які перамагаў з вынікам 99 працэнтаў. Былі тэмы, пра якія не было прынята пісаць: гэта ведаў кожны і ўспрымаў як дадзенасьць. Абываталь, які часта быў не задаволены рэаліямі цяжкай паўсядзённасьці, не даўмеўся б выйсьці на плошчу з плякатам. Гэта было па-за правіламі савецкай рэчаіснасьці. Нас змалку прывучылі лічыць гэта нормай. Мы сапраўды ня ведалі іншага жыцьця.

Вядома, існаваў і пераказваўся з вуснаў у вусны досьвед папярэдніх пакаленьняў. Бабуля, а потым мама, да канца сваіх дзён успаміналі, як у 1940 годзе нехта зь сельсаветчыкаў пагражаў вывезьці іхную сям’ю «да белых мядзьведзяў» — за тое, што дзед служыў у польскім войску, што мелі ўласную кузьню. Пагрозы былі не пустымі: фурманкі з сасланымі сем’ямі штодня праяжджалі за вокнамі ў бок мястэчка. І ўсе ведалі: тыя людзі зьнікалі бясьсьледна. Бабуля і пяцёра малых дзяцей ужо нават зьвязалі ў клункі самыя неабходныя рэчы і жылі ў чаканьні найгоршага. Штодня кленчылі перад абразамі і маліліся. З жахам успрымалі кожны нечаканы стук у дзьверы. І так многія месяцы. Жыць з такім страхам, відавочна, было невыносна. Але куды было падзецца — з малымі дзецьмі, ад свайго кавалку зямлі, які карміў; ад сваякоў, якія дапамагалі выжыць без забранага на вайну і зьніклага гаспадара.

Гэтыя аповеды ў сваім маленстве я ўвесь час чуў ад бабулі і мамы, гэта, без сумневу, стала для іх адным з самых страшных жыцьцёвых перажываньняў. Але ўспрымалася гэта ў дзіцячым уяўленьні хутчэй як сівая даўніна, якая засталася ў гісторыі, якая ня можа здарыцца са мной, цяпер, у наш новы час, калі ўжо начамі не прыязджалі варанкі і не забіралі бясьсьледна людзей. Гэта быў нібыта чужы страх, які застаўся ў гісторыі, у чужым жыцьці. Але настаў дзень, калі людзі ў чорным пагрукалі і ў мае дзьверы.

Як злавесна і драматычна гучаць сёньня радкі Осіпа Мандэльштама, напісаныя 90 гадоў таму:

Я на лестнице черной живу, и в висок
Ударяет мне вырванный с мясом звонок,
И всю ночь напролет жду гостей дорогих,
Шевеля кандалами цепочек дверных.

Сёньня здаецца неверагодным, але гэты верш (што праўда, крыху падпраўлены) гучаў у Савецкім Саюзе ў выглядзе песьні ў выкананьні Пугачовай яшчэ ў канцы 70-х гадоў — у той час, калі нібыта лютавала савецкая цэнзура. Тады гэта ўспрымалася, пэўна, як фронда, але не як адсылка да актуаліяў мо ня надта сьветлай, але ўжо і не крывавай брэжнеўскай рэчаіснасьці, у якой пра Сталіна і палітычныя рэпрэсіі не прынята было згадваць.

У сёньняшняй Беларусі гэтыя радкі гучаць і ўспрымаюцца зусім інакш. Менавіта яны — першае, што прыйшло мне на памяць, калі я сёлета 16 ліпеня ўбачыў вырваны «зь мясам» званок і выбітыя дзьверы менскага офісу Радыё Свабода — месца працы маё і маіх калегаў. Вобразы, якія здаваліся даўно зьніклымі, уварваліся ў нашу паўсядзённасьць у сваім пачатковым, будзённым, немэтафарычным сэнсе. (Цікава, імя Мандэльштама з унівэрсытэцкага курсу расейскай літаратуры яшчэ ня выкрасьлілі? І колькі дзён арышту атрымае студэнт, які наважыцца працытаваць такія, напрыклад, радкі Мандэльштама?

Как подкову, кует за указом указ —
Кому в пах, кому в лоб, кому в бровь, кому в глаз.
Что ни казнь у него — то малина
И широкая грудь осетина).

Страх — апошняе, што цэмэнтуе гэты рэжым і не дае яму разваліцца

«Ня бойцеся!», — заклікаў некалі, напрыканцы 70-х гадоў, сваіх прыгнечаных камуністычным рэжымам суайчыньнікаў вялікі сын польскага народу, пантыфік Ян Павал ІІ. Гэты заклік прагучаў у вельмі змрочны для палякаў час, калі надзеі на перамогу праўды і справядлівасьці амаль не было, калі камуністычныя рэжымы на ўсёй прасторы ад Балтыкі да Балканаў выглядалі непарушнымі і маналітнымі. І мінула больш за дзесяцігодзьдзе, перш чым зьмены там адбыліся.

Гэтаксама сёньняшні змрок, які апусьціўся над Беларусьсю і скаваў грамадзтва страхам і адчаем, дае вельмі мала надзеі на хуткія зьмены.

Няма сумневу, што ён — той, хто ведае ўсё лепш за ўсіх, — гвалтам, закаваўшы рукі кайданкамі і падганяючы міліцэйскай дубінай, будзе цягнуць 9-мільённы народ у тыя 70-я, якія, напэўна, здаюцца яму блаславёнымі, камфортнымі і шчасьлівымі. Дзе ўсе аднадушна «галасавалі» за дзейную ўладу. Дзе ніякіх газэт і тэлеперадач, якія б дазвалялі сабе ўсумніцца ў бязгрэшнасьці і вечнасьці рэжыму... Дзе на тэлевізіі кожны выпуск навінаў —- пра геніяльнасьць правадыра, ягоныя няспынныя посьпехі і дасягненьні, а таксама пра загніваньне Захаду і «пакуты» тых, хто там жыве.

Цалкам дапускаю, што ён сам шчыра верыць у тое, што ў гэтым і ёсьць гармонія суіснаваньня чалавека і дзяржавы, і ўсё тое — дабро для грамадзтва. А няўдзячнае насельніцтва проста ня хоча гэтага зразумець. І адзіны сродак, якім гэтых неразумных можна зрабіць шчасьлівымі — татальны ўсёпранікальны страх... Бяз страху людзей туды не зацягнеш. Ён добра запомніў: Гарбачоў вызваліў людзей ад страху — і ўся савецкая аўтарытарная сыстэма бяз гэтага стрыжня імгненна рассыпалася. Страх скоўвае волю, паралізуе здольнасьць да супраціву і дазваляе цягнуць бязвольную істоту туды, куды хочаш. І тады можна жалезным кулаком загнаць людзей назад у «шчасьлівую» савецкую мінуўшчыну — такую, якой ён яе памятае і па якой настальгуе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG