Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль палова асуджаных за катаваньні сілавікоў атрымалі ў Расеі ўмоўныя тэрміны


Са 122 сілавікоў, асуджаных у Расеі ў справах аб катаваньнях затрыманых і зьняволеных, 52 (43%) атрымалі ўмоўныя тэрміны. Сярэдні рэальны тэрмін для астатніх склаў каля чатырох гадоў. Яшчэ ў палове выпадкаў справы супраць сілавікоў не былі заведзеныя.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на даклад «Камітэту супраць катаваньняў».

Праваабаронцы выявілі 219 фактаў жорсткага абыходжаньня з 291 затрыманым і зьняволеным у Расеі за пэрыяд з 2000 году. 70 супрацоўнікаў, што праходзілі ў справах, за якімі сочыць камітэт, атрымалі рэальныя тэрміны.

Сярэдні тэрмін пазбаўленьня волі склаў тры з паловай гады (роўна палова атрымала тэрміны большыя, палова — меншыя), сярэдні тэрмін склаў крыху больш за чатыры гады. Пры гэтым максымальнае пакараньне паводле артыкулу аб перавышэньні паўнамоцтваў, якое часьцей за ўсё ўжываюць у выпадку катаваньняў, складае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Самы строгі прысуд атрымаў супрацоўнік ніжагародзкай паліцыі Аляксей Маслаў. Яму далі 14 гадоў калёніі строгага рэжыму, прызнаўшы вінаватым у забойстве рабочага ў выцьвярэзніку. Самае мяккае пакараньне атрымалі двое паліцыянтаў з Марый Эл, якія на працягу 21 гадзіны катавалі затрыманага. У 2012 годзе іх асудзілі на паўтара года калёніі агульнага рэжыму.

Сярод тых, хто зьвярнуўся па дапамогу ў «Камітэт супраць катаваньняў», 61 чалавек паведаміў пра катаваньні электрычным токам, 44 чалавекі — пра пабіцьцё гумавай палкай, яшчэ 41 чалавек сказаў, што яго зьвязвалі. У дакладзе прыведзеныя выпадкі, калі сілавікі «спрабавалі ўтапіць ахвяру ў канале, курылі пры затрыманым з астмай, прымушалі праглынуць накрыўку ад піўной бутэлькі, прысядаць у адгазьніку, ужывалі кіпень, бэйсбольную біту, самаробную дыбу і іншыя мэтады катаваньня».

Праваабаронцы адзначылі, што іх даклад не зьяўляецца «паўнавартаснай карцінай, якая цалкам адлюстроўвае агульнарасейскую рэчаіснасьць», бо «Камітэт супраць катаваньняў» працуе не ва ўсіх рэгіёнах Расеі. Аўтары дакладу мяркуюць, што іх статыстыка значна больш пазытыўная, чым ёсьць на самай справе, бо «актыўная прысутнасьць у справе аб катаваньнях праваабарончай арганізацыі падвышае шанец скаргі на катаваньні быць расьсьледаванай афіцыйным сьледзтвам значна больш якасна».

Акрамя таго, арганізацыя зьвяртае ўвагу, што часта справы супраць сілавікоў не распачынаюць. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у 77% выпадкаў Сьледчы камітэт адмаўляе ў завядзеньні справы пасьля першаснай праверкі па скарзе пацярпелага, у 51% выпадкаў справа так ніколі і не распачынаецца.

У 23% скаргаў справу пачыналі адразу, але, як адзначаюць аўтары дакладу, часьцей за ўсё ў гэтым выпадку гаворка ішла пра гвалт, які прывёў да сьмерці, цяжкай шкоды здароўю, або аб справах, якія выклікалі шырокі грамадзкі рэзананс.

«У выпадку, калі крымінальная справа па скарзе на катаваньні будзе распачата, да гэтага сьледчыя ў сярэднім шэсьць разоў адмаўляюць у яе ўзбуджэньні», — гаворыцца ў дакладзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG