Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я крычаў, задыхаючыся ў пакеце, а яны сьмяяліся». Палітвязень Латыпаў у апошнім слове расказаў пра катаваньні і спробу суіцыду


Сьцяпан Латыпаў у судзе
Сьцяпан Латыпаў у судзе

Прысуд палітвязьню Сьцяпану Латыпаву абвесьцяць 16 жніўня.

Дзяржабвінаваўца Ўладзімер Рабаў на папярэднім пасяджэньні папрасіў прызнаць Сьцяпана Латыпава вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і запатрабаваў пакараць яго 8,5 гадамі зьняволеньня.

Палітычнага вязьня абвінавачваюць па:

  • ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў);
  • ч. 4 арт. 209 (махлярства, зьдзейсьненае ў асабліва буйным памеры).

Пракурор запрасіў пакараньне для палітвязьня ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 8,5 года ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 300 базавых велічыняў, што цяпер складае 8700 рублёў.

Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Воўк. Латыпаў не прызнаў віны па ніводным з артыкулаў. Свой перасьлед ён яшчэ пры арышце назваў палітычна матываваным.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», падчас судовага працэсу 12 жніўня Сьцяпан Латыпаў у апошнім слове расказаў пра сваё затрыманьне і зьбіцьцё 15 верасьня 2020 году.

«Людзі ў масках занесьлі мяне ў мікрааўтобус. Зацягнулі рукі за сьпінаю, надзелі на галаву сьмецьцевы пакет і павезьлі. Двойчы перасаджвалі з аўтобуса ў аўтобус. Потым уключылі радыё на ўсю моц і пачалі біць. Ніколі не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за сьпінаю, ластаўкай, білі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната.

Білі дубінкай па ягадзіцах. Абапірацца я ня мог яшчэ тры тыдні. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся. Казалі: „Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе“. Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне гаварыць сабе: „Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча“. І гэта ў нейкае імгненьне дапамагала. Але яны вельмі вопытныя, пастаянна называлі па імені, і ў мяне не атрымлівалася адключацца».

Таксама палітвязень прызнаўся, што да суіцыду ў судзе, спроба якога стала нечаканасьцю для канвою, пачаў рыхтавацца загадзя. А зброяй была зусім не шарыкавая асадка.

«Рыхтавацца да самагубства пачаў адразу пасьля допыту. На сустрэчы з адвакатам браў кавалачак фольгі, падбіраючы форму і памер так, каб іх ня мог выявіць канвой. Забойца-рэцыдывіст за пакет кавы расказаў пра надгляд, а злодзей-кішэньнік навучыў хаваць лязо. Пазьней мне параілі абматаць мэтал кавалачкам плястыру, каб ня сьлізгаў па пальцах. Плястыр я наклеіў на тэчку з дакумэнтамі, а потым пераляпіў на куртку.

Нікога і не зьбянтэжыла, што ўсю першую палову пасяджэньня я плёў кляп, каб сысьці годна, не скуголячы ад болю. Мэтай ставіў перарэзаць адну з сонных артэрый. З правага боку, дзякуючы ўхілу налева, атрымалася, я адчуў пальцамі цяпло... Потым тузануў за нагу канваір, я стукнуўся галавой і ўпаў. Было страшна і сорамна, бо спроба выйшла няўдалай».

Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці. Бацькі — біёлягі. Паводле прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.

Мужчыну затрымалі 15 верасьня ў двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». 1 чэрвеня Сьцяпан Латыпаў зрабіў спробу суіцыду падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.

Яго даставілі ў лякарню, дзе ён перанёс апэрацыю. Але ўжо на наступны дзень Сьцяпана забралі са шпіталя і перавезьлі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага Латыпаў прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках, якая ня выявіла ў яго праблем.

Падчас судовых паседжаньняў высьветлілася, што тэлефон Латыпава праслухоўвалі задоўга да затрыманьня — яшчэ ў чэрвені 2020 году. Ініцыятыва ByPol праз свае крыніцы ў сілавых органах высьветліла, хто затрымліваў і катаваў Сьцяпана Латыпава, змушаючы яго да прызнальных паказаньняў, якіх ён, зрэшты, так і ня даў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG