Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальны ў New York Times: Расея — гэта Эўропа і Захад


Аляксей Навальны ў судзе, люты 2021
Аляксей Навальны ў судзе, люты 2021

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны даў першае інтэрвію падчас свайго знаходжаньня ў калёніі

Ён пісьмова адказаў на пытаньні газэты The New York Times.

У вялікім матэрыяле, апублікаваным у амэрыканскім выданьні, прыводзяцца цытаты з адказаў Навальнага (ён названы ў артыкуле «самым знакамітым расейскім зьняволеным») на пытаньні пра яго жыцьцё ў калёніі, пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Расеі, пра палітыку ЗША ў дачыненьні да Крамля.

Па словах Навальнага, расейская дзяржаўная прапаганда «вельмі эфэктыўна» падала сустрэчу прэзыдэнтаў ЗША і РФ у Жэнэве ў чэрвені гэтага году як трыюмф Уладзіміра Пуціна, а Джо Байдэн, відавочна, пакуль не дасягнуў мэтаў, якія ён ставіў перад сустрэчай.

Адказваючы на пытаньне пра тое, якія санкцыі ён прапануе ўвесьці Захаду супраць Расеі, Навальны сказаў, што выступае за санкцыі ня супраць Расеі, а супраць атачэньня Пуціна — як ён выказаўся, «тых, хто рабуе Расею, робіць яе народ бяднейшым і пазбаўляе яго будучыні».

Навальны таксама апісаў свой тыповы дзень у калёніі. Зь ягоных словаў вынікае, што вялікую частку дня ён праводзіць за праглядам расейскага тэлебачаньня — гэта прадугледжана распарадкам дня. «А 18-й гадзіне — галоўная частка праграмы ператварэньня злачынцы ў нармальнага грамадзяніна — "патрыятычнае выхаваньне". Мы глядзім фільмы пра Вялікую Айчынную вайну. Або пра тое, як аднойчы, гадоў 40 таму, нашы спартоўцы разграмілі амэрыканцаў ці канадцаў. Менавіта а 18-й гадзіне кожнага дня мне асабліва выразна зразумелая сутнасьць ідэалёгіі пуцінскага рэжыму: падмена сучаснасьці і будучыні мінулым», — піша, сярод іншага, Навальны.

Да працы яго не прыцягваюць. Паводле яго, у ягоным атрадзе мала людзей, і ўсё зроблена для таго, каб ён заўсёды быў навідавоку ў адміністрацыі.

Па словах Навальнага, фізычнага гвалту ў калёніі да яго не ўжывалі.

«Зона спэцыялізуецца на гвалце псыхалягічным. Гэта нашмат больш вытанчана. Цябе ня будуць біць — наадварот, бясконцымі правакацыямі цябе самога паставяць ва ўмовы, калі ты будзеш вымушаны кагосьці пабіць, ударыць, пагражаць, — сьцьвярджае ён. — У нашым лягеры жорсткасьць выяўляецца якраз не ў зьбіцьці і беззаконьні, а ў літаральным выкананьні закону і інструкцыяў».

Навальны адзначыў, што ягонае здароўе палепшылася ў параўнаньні зь вясной, калі ён абвяшчаў галадоўку з патрабаваньнем дапусьціць да яго цывільных лекараў, а таксама — што яго перасталі будзіць па начах, правяраючы як «схільнага да ўцёкаў».

Гаворачы пра палітыку, Навальны заявіў, што «рэжым Пуціна — гэта гістарычная выпадковасьць, а не заканамернасьць», і выказаў надзею, што «рана ці позна гэтая памылка будзе выпраўленая і Расея пойдзе па дэмакратычным эўрапейскім шляху разьвіцьця». «Мы асаблівыя, як і любая нацыя, але мы Эўропа, і мы Захад», — гэтай цытатай завяршаецца публікацыя ў New York Times.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG