Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечніцу Навальнага асудзілі ў Маскве на паўтара года абмежаваньня волі


Любоў Собаль

Праабражэнскі суд у Маскве у аўторак прызнаў паплечніцу расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага Любоў Собаль вінаватай у так званай «санітарнай справе» аб падбухторваньні да парушэньня санітарна-эпідэміялягічных нормаў — у сувязі з акцыяй пратэсту ў Маскве 23 студзеня.

Собаль асудзілі на паўтара года абмежаваньня волі. Пракуратура запытвала 2 гады.

Як паведаміў адвакат Собаль Уладзімір Варонін, прысуд прадугледжвае, што ёй будзе забаронена выходзіць з дому па начах, наведваць масавыя мерапрыемствы, выяжджаць за межы Масквы і Маскоўскай вобласьці.

Паводле вэрсіі сьледзтва, заклікі Собаль прыйсьці на акцыю ў падтрымку арыштаванага Навальнага спрыялі пашырэньню каранавіруснай інфэкцыі.

Любоў Собаль адмаўляе віну. Яна адзначае, што сьледзтва так і не знайшло ніводнага чалавека, які прыйшоў на акцыю на яе заклік і пры гэтым быў хворы на COVID-19.

Собаль у твітэры апублікавала відэа, на якім судовыя прыставы сілай выводзяць яе з залі суду, дзе абвяшчаецца прысуд. Прычынаў ёй не паведамілі — пэўна, судзьдзю не спадабалася, што Собаль спрабавала здымаць падзеі на тэлефон.

  • Для Любові Собаль цяперашні прысуд — другі абвінаваўчы вэрдыкт у крымінальнай справе за апошнія паўгода. Раней яе прызналі вінаватай у незаконным пранікненьні ў жытло — падставай для абвінавачаньня паслужыла яе спроба знайсьці меркаванага супрацоўніка ФСБ, якога Аляксей Навальны лічыць датычным да свайго атручэньня летась у жніўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG