Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 датаў, калі можна адзначаць Дзень Незалежнасьці Беларусі


Дзень Волі 1996. Фота Георгія Ліхтаровіча
Дзень Волі 1996. Фота Георгія Ліхтаровіча

У розныя часы беларусам прапаноўвалі розныя даты для адзначэньня дня незалежнасьці. Сярод іх 1 студзеня, 25 сакавіка, 3 ліпеня, 27 ліпеня, 25 жніўня. Якую дату лічыце Днём Незалежнасьці вы? Выказвайцеся ў камэнтарах.

25 сакавіка

У гэты дзень у 1918 годзе была створаная першая нацыянальная дзяржава — Беларуская Народная Рэспубліка, была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата. З пачатку 90-х гэты дзень адзначаўся неафіцыйна і атрымаў назву Дзень Волі. Дэмакратычная супольнасьць Беларусі ў гэты дзень заўсёды ладзіла вялікую вулічную акцыю — шэсьце ў цэнтры гораду.

Урад БНР, 1918 год
Урад БНР, 1918 год

1 студзеня

У гэты дзень у 1919 годзе была абвешчаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, якая 31 студзеня 1919 году выйшла са складу Расейскай Савецкай Фэдэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яна праіснавала два месяцы, потым яе скасавалі, аднавілі як Літоўска-Беларускую ССР, а тую ліквідавалі наступным летам і ўтварылі БССР.

3 ліпеня

У гэты дзень у 1944 годзе Менск быў вызвалены ад нямецкіх захопнікаў. Ад 1996 году 3 ліпеня афіцыйна адзначаецца Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), хоць ёсьць зьвесткі, што савецкія войскі бамбілі Менск да таго самага дня, ды і тым днём ні вызваленьне Беларусі, ні пагатоў Другая ўсясьветная вайна не завяршылася.

Менск пасьля вызваленьня, фота з архіву Алеся Клышкі
Менск пасьля вызваленьня, фота з архіву Алеся Клышкі

27 ліпеня

У 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Да рэфэрэндуму 1996 году 27 ліпеня ў Беларусі адзначалася як Дзень Незалежнасьці.

«Пагоня» на Доме ўраду ў 1990-х
«Пагоня» на Доме ўраду ў 1990-х

25 жніўня

У 1991 годзе Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага акту. Гэта адбылося пасьля таго, як Масква ўвяла танкі ў Вільню, у Беларусі адбыўся найбуйнейшы ў СССР страйк, а ў Маскве праваліўся путч.

Якую дату лічыце Днём Незалежнасьці вы? Выказвайцеся ў камэнтарах.

Упершыню было апублікавана на сайце Свабоды ў 2017 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG