Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыстэму адукацыі падганяюць пад патрэбы рэжыму


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Паводле Лукашэнкі, галоўная задача школы палягае не ў атрыманьні якаснай адукацыі, а ў забесьпячэньні палітычнай ляяльнасьці моладзі існаму рэжыму.

Сьцісла:

  • Лукашэнка ніяк ня можа адхіліцца ад тэмы мінулагодніх пратэстаў.
  • Паводле Лукашэнкі, сыстэма адукацыі павінна найперш сканцэнтравацца на выхаваньні моладзі, каб прадухіліць пратэсты.
  • Дзеля гэтага патрэбна перазагрузка сыстэмы адукацыі.
  • «Парадак і дысцыпліна» — галоўныя сродкі дасягненьня мэты.
  • Дзяржава рэдукуе свае функцыі да вузкай задачы выжываньня рэжыму.

Апошнія месяцы Лукашэнка, выступаючы перад любой аўдыторыяй, пры абмеркаваньні самых розных пытаньняў, зьвяртаецца да аднаго і таго ж — да леташняга пратэставага выбуху. Гэтая тэма сядзіць стрэмкай у ягонай сьвядомасьці, не дае магчымасьці адхіліцца, агледзецца і вярнуцца нарэшце да вырашэньня актуальных праблем краіны. Выдатнай ілюстрацыяй гэтай заканамернасьці стаў ягоны выступ на так званым «рэспубліканскім пэдсавеце» 24 жніўня.

У сыстэме адукацыі Беларусі сёньня шмат праблем. Бо яе ўзровень вызначае будучыню краіны, самавыжываньне, канкурэнтаздольнасьць дзяржавы ў глябальным сьвеце. І Лукашэнка кажа: «Нам трэба будзе перазагрузіць сыстэму адукацыі. Сёньня гэта пытаньне дзяржаўнай важнасьці... Перад сыстэмай адукацыі беспрэцэдэнтны па сваёй сур’ёзнасьці выклік».

У якім кірунку перазагрузіць? Можа, каб падвысіць якасьць адукацыі? Ці сфармаваць з школьніка творчую асобу, якая крытычна глядзіць на сьвет?

Аказваецца, зусім не. Усе гэтыя задачы Лукашэнка праігнараваў, сканцэнтраваўшы ўвагу толькі на адным пытаньні: «правільным» выхаваньні моладзі. Выступ быў прысьвечаны ўрокам мінулагодняга пратэсту і неабходнасьці прадухіленьня новых выбухаў абурэньня. Бо, паводле Лукашэнкі, «усе нашы «касякі», нэгатыўныя падзеі мінулага году, — гэта нашы школьныя «касякі».

Галоўны лейтматыў прамовы быў наступны: «Урокі засвоеныя. Падзеі, якія адбыліся, прадвызначылі глябальнасьць тых пытаньняў, якія мы вынесьлі на гэты пэдсавет... Апошнія падзеі ў Беларусі прымусілі зьвярнуць увагу на адну з галоўных функцый адукацыйнага працэсу — выхаваўчую».

Такім чынам, галоўны ўрок, глябальнае пытаньне перазагрузкі сыстэмы адукацыі — гэта ідэалягічна правільна выхаваць моладзь, каб яна захоўвала палітычную ляяльнасьць існаму рэжыму, любіла Лукашэнку. Напрыклад, у рамках рэалізацыі праекту «Гонар за Беларусь», у якім адлюстраваны дасягненьні краіны за гады сувэрэнітэту. Ён пашкадаваў, што ўсё менш застаецца людзей, якія былі выхаваныя на каштоўнасьцях савецкага часу, а ва ўсіх праблемах зьвінаваціў Захад і «праграмы Сораса».

Пад гэтую задачу падганяецца і фінансаваньне. Лукашэнка паведаміў, што «з 1 студзеня 2022 году мы павінны знайсьці магчымасьць значна прастымуляваць у матэрыяльным пляне працу клясных кіраўнікоў і куратараў груп устаноў прафэсійна-тэхнічнай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі». То бок заробкі падвысяць не настаўнікам, якія займаюцца ўласна адукацыяй, а толькі клясным кіраўнікам, чыя функцыя — якраз выхаваньне. Бо на ўсіх грошай няма.

Якімі мэтадамі трэба выхоўваць маладых людзей? Можа, паспрабаваць падстройвацца пад моладзь, яе патрэбы, спрабаваць размаўляць з падрастаючым пакаленьнем на ягонай мове, на адной хвалі зь ім?

Зноў не. Сродкі дасягненьня мэты традыцыйныя для рэжыму, яны раз і назаўсёды прадвызначаныя і не мяняюцца, другіх ён проста не прызнае. Лукашэнка іх фармулюе так: «Парадак і дысцыпліна... Навядзіце парадак у школе, чаго б гэта нам ні каштавала... Я б нават сказаў больш: выкарыстоўвайце любыя мэтады, але навядзіце парадак у школе».

Любыя мэтады — гэта якія? Няўжо гвалт? Памятаеце, як у 2019 годзе здарыўся скандал з настаўніцай гомельскай школы, якая пагражала забіць школьніка. Тады Лукашэнка прарэагаваў так: «Я б на месцы гэтай настаўніцы галаву б адарваў шчанюку нейкаму». Вось такі ўзор выхаваньня.

А дзяржава вызваляецца ад выкананьня яшчэ адной функцыі: забесьпячэньне якаснай адукацыі. Гэта ўсьлед за адмовай ажыцьцяўляць правасудзьдзе, рэалізоўваць замежную палітыку, ахоўваць межы і г.д. Дзяржава рэдукуе свае функцыі да вузкай патрэбы выжываньня рэжыму. І гэтая тэндэнцыя нарастае.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG