Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаў у МЗС СССР, працаваў памочнікам Лукашэнкі. Хто такі Ігар Ляшчэня, арыштаваны 11 жніўня


Ігар Ляшчэня, архіўнае фота
Ігар Ляшчэня, архіўнае фота

Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне першым з дыпкорпусу адкрыта выказаўся супраць палітыкі Лукашэнкі пасьля выбараў 9 жніўня. Пры гэтым ён таксама крытыкаваў і дзеяньні апазыцыі.

Сілавікі дадому да былога дыплямата Ігара Ляшчэні прыйшлі раніцай 11 жніўня. У той жа дзень ператрусы прайшлі яшчэ ў некалькіх дзясяткаў удзельнікаў ініцыятывы «Сход», аднак абсалютную большасьць зь іх пасьля допыту адпусьцілі дадому пад падпіску аб невыдаваньні. Ляшчэня ж паехаў у камэру на завулку Акрэсьціна.

«Упраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў, якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы. Сьледчымі дасьледуецца інфармацыя аб дачыненьні Ігара Ляшчэні да ўчыненьня дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак», — паведаміла агенцтву «Интерфакс-Запад» афіцыйная прадстаўніца УСК па Менску Кацярына Гарлінская.

Свабода расказвае пра тое, як Ляшчэня стаў дыпляматам і што зь ім адбывалася пасьля гучнай заявы ў жніўні 2020-га.

Праца ў амбасадзе СССР у Эгіпце

Будучы беларускі дыплямат Ігар Ляшчэня нарадзіўся ў Жодзіне ў 1967 годзе. У самы разгар «перабудовы» Ляшчэня паступіў у Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў, больш вядомы пад расейскай абрэвіятурай МГИМО. Там жа пазьней вучыўся яшчэ адзін актыўны ўдзельнік падзей лета 2020 году ў Беларусі — Валер Цапкала.

Вучобу Ігар Ляшчэня скончыў усяго за некалькі месяцаў да канчатковага распаду СССР — у чэрвені 1991 году. Нягледзячы на гэта, маладога беларуса адразу ўзялі на працу ў Міністэрства замежных справаў СССР і накіравалі на працу ў савецкую амбасаду ў Эгіпце. Ляшчэня валодаў арабскай мовай і прапрацаваў там ажно да 1994 году, быў супрацоўнікам ужо расейскай амбасады, а перад вяртаньнем у Менск нават атрымаў пасаду аташэ амбасады РФ у Эгіпце.

У 1994 годзе, калі ў Беларусі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, Ігар Ляшчэня вярнуўся ў Беларусь і адразу пачаў працаваць у МЗС. Спачатку быў сакратаром, а потым кіраўніком аддзелу краін Азіі і Афрыкі. Праз тры гады працы ў Менску Ляшчэня вярнуўся ў Эгіпет ужо ў якасьці дарадцы амбасадара Беларусі, а праз год узначаліў дыпляматычнага прадстаўніцтва сам.

У Эгіпце Ігар Ляшчэня прапрацаваў амбасадарам чатыры гады, пасьля яшчэ чатыры быў памочнікам Лукашэнкі ў замежнапалітычных і замежнаэканамічных пытаньнях. З 2006 году — амбасадар Беларусі ў Ізраілі, займаў гэтую пасаду шэсьць гадоў. Пасьля адстаўкі зноў вярнуўся ў Менск і зноў узначаліў аддзел краін Азіі і Афрыкі МЗС Беларусі.

Ігар Ляшчэня ўручае памятнае пасьведчаньне аб нараджэньні прэзыдэнту Ізраілю Шымону Пэрэсу, які нарадзіўся 2 жніўня 1923 году ў вёсцы Вішнева. 15 ліпеня 2013 году
Ігар Ляшчэня ўручае памятнае пасьведчаньне аб нараджэньні прэзыдэнту Ізраілю Шымону Пэрэсу, які нарадзіўся 2 жніўня 1923 году ў вёсцы Вішнева. 15 ліпеня 2013 году

«Я салідарны з тымі, хто выйшаў на мірныя шэсьці»

У чэрвені 2016 году Ігара Ляшчэню прызначылі Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Славаччыне. Паводле дыпляматычных нормаў, гэта найвышэйшы ўзровень самастойнасьці ў прыняцьці рашэньняў. Самастойнасьць Ігар Ляшчэня прадэманстраваў самым нечаканым чынам — 16 жніўня 2020 году, роўна праз тыдзень пасьля выбараў, ён публічна асудзіў прымяненьне гвалту з боку праваахоўных органаў і падтрымаў удзельнікаў пратэсту.

Першы зь беларускіх дыпляматаў падтрымаў пратэсты
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:28 0:00

«У Славаччыне я прадстаўляю Беларусь і беларускі народ, які ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй зьяўляецца адзінай крыніцай улады ў нашай краіне, — сказаў у сваім звароце Ігар Ляшчэня. — Я салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў зь мірнымі шэсьцямі, каб іх голас быў пачуты. Як нарадзіўся ў горадзе Жодзіна. Я з вамі, рабочыя БелАЗу і заводу цяжкіх штамповак. Я шчыра спадзяюся, што будучыня маёй краіны будзе заснаваная на ўліку пазыцый усіх слаёў грамадзтва і прадстаўнікоў розных палітычных сілаў. Беларусы выпакутавалі гэта права».

Праз два дні пасьля гэтага Ігар Ляшчэня сам падаў у адстаўку з пасады амбасадара і вярнуўся ў Менск.

«Каардынацыйная рада нагадвала мне адміністрацыю Лукашэнкі»

У адрозьненьне ад шэрагу іншых дзяржслужбоўцаў, якія пасьля публічнага асуджэньня дзеяньняў уладаў перайшлі на бок апазыцыі, далучыліся да Латушкі, Ціханоўскай, альбо нейкіх іншых структур, Ігар Ляшчэня ў склад апазыцыі не ўвайшоў. У размове з «Нашай нівай» ён прызнаўся, што ў першыя дні пасьля звароту хацеў увайсьці ў склад Каардынацыйнай рады, яму нават пісаў Павал Латушка з прапановай сустрэцца і паразмаўляць. Аднак у выніку «рамантычны этап» прайшоў і Ляшчэня зразумеў, што далучацца да апазыцыі больш ня хоча. Таксама для яго было важна заставацца ў Беларусі.

«Мне гэта чымсьці нагадвала працу адміністрацыі Лукашэнкі, толькі зь іншым знакам, — расказваў у размове з „Нашай нівай“ Ігар Ляшчэня пра свае ўражаньні ад Каардынацыйнай рады. — Я нават глядзеў, мо там ёсьць супрацоўнікі адміністрацыі, хаця б былыя. Гэта такі псыхалягічны падыход, калі блыталася агітацыя на шырокія масы і халоднае абмеркаваньне праблемы. У чым фішка „народнага прэзыдэнта“: падчас любога абмеркаваньня стаіць камэра БТ ці АНТ. Хіба ў такой атмасфэры магчымае абмеркаваньне нейкімі нетрывіяльнымі думкамі? І тут так, з аднаго боку, трэба пераканаць народ, што нас шмат, а з другога — самі пачынаюць у гэта верыць і адрываюцца ад рэальнасьці».

Крытычна Ігар Ляшчэня ставіцца і да дзеяньняў Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. У інтэрвію ён неаднаразова выступаў супраць увядзеньня эканамічных санкцый у дачыненьні да Беларусі, тлумачачы гэты тым, што ад санкцый атачэньне Лукашэнкі і ён сам пацярпяць значна менш, чым шараговыя беларусы. Не пайшоў Ляшчэня і да Юрыя Васкрасенскага.

«Я выконваю ролю такой легальнай часткі пратэсту, ролю цэнтру, — гаварыў Ляшчэня ў размове з журналістамі „Нашай нівы“. — Чым гэта кепска? Кожны спрабуе перацягнуць на свой бок. У мяне было позьняе запрашэньне ад Каардынацыйнай рады. Калі БТ спрабавала зрабіць зь мяне „антылатушку“, то на наступны дзень супольны знаёмы перадаў мне прывітаньне ад Васкрасенскага. Я сказаў, што бачу дыялёг крыху інакш. Не „па паняцьцях“ і не „па дагаварняку“».

У чым дакладна падазраюць альбо абвінавачваюць Ігара Ляшчэню, пакуль невядома. Сілавікі мусяць агучыць ягоны статус на працягу 10 дзён пасьля затрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG