Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ляшчэня — на Акрэсьціна, яго падазраюць у датычнасьці да масавых акцый


Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

Ляшчэня ў жніўні 2020 году пайшоў у адстаўку празь нязгоду з рэпрэсіямі Лукашэнкі супраць народу.

Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня, у якога 11 жніўня сілавікі правялі ператрус, знайшоўся ў ізалятары на Акрэсьціна. Адпаведную інфармацыю пацьвердзілі валянтэры, якія атрымалі сьпіс зьмешчаных у ізалятар людзей.

Сьледчыя правяраюць інфармацыю аб дачыненьні Ігара Ляшчэні да масавых беспарадкаў.

«Упраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў, якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы. Сьледчымі дасьледуецца інфармацыя аб дачыненьні Ігара Ляшчэні да зьдзяйсьненьня дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак», — паведаміла агенцтву «Интерфакс-Запад» афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Кацярына Гарлінская.

У цяперашні момант з удзелам Ляшчэні праводзяць сьледчыя дзеяньні, дадала яна.

Ігар Ляшчэня да нядаўняга часу быў амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Славаччыне (раней — у Эгіпце, Ізраілі). Ягоны дыпляматычны стаж — 30 гадоў. Мае сям’ю і траіх дзяцей. Ён стаў першым беларускім амбасадарам, хто 15 жніўня публічна заявіў пра салідарнасьць зь мірнымі пратэстоўцамі. І потым вярнуўся ў Беларусь.

Пазьней Ляшчэня ўзначаліў грамадзянскую ініцыятыву «Сход» — лічбавую дыялёгавую плятформу народных прадстаўнікоў, якая мае на мэце, сярод іншага, садзейнічаць вырашэньню палітычнага крызісу ў краіне.

Празь нейкі час Ляшчэня сышоў. 11 жніўня сілавікі пачалі масава прыходзіць да дэлегатаў «Сходу». Хутчэй за ўсё, ператрус у доме Ляшчэні ў Жодзіне таксама быў зьвязаны з гэтым. Агулам прайшлі ператрусы ў 11 чалавек, частку адпусьцілі пад падпіску аб невыдаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG