Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская падвяла вынікі году пратэстаў: «За адзін год рэжым ператварыўся зь нелегітымнага ў тэрарыстычны»

абноўлена

Габрыэлюс Ландсбэргіс і Сьвятлана Ціханоўская. Вільня, 9 жніўня 2021 году
Габрыэлюс Ландсбэргіс і Сьвятлана Ціханоўская. Вільня, 9 жніўня 2021 году

Беларуская апазыцыйная лідэрка 9 жніўня выступае ў Вільні ў МЗС і на Лукіскім пляцы.

У 11:30 пачалася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь міністрам замежных спраў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам. У будынку МЗС Літвы яна падвяла вынікі году беларускіх пратэстаў.

Сьвятлана Ціханоўская зрабіла заяву на дзьвюх мовах — беларускай і ангельскай.

Што сказала Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская спадзяецца, што краіны Захаду далей будуць пашыраць санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.

«Упершыню Эўразьвяз, Вялікая Брытанія і ЗША маюць аб’яднаную пазыцыю ў беларускім пытаньні. Мы чакаем, што ЗША, Вялікая Брытанія і Канада далучацца да санкцый супраць рэжыму».

Ціханоўская адзначыла, што Беларусь ужо год плаціць вельмі дарагую цану за ўтрыманьне Лукашэнкам улады.

«Кошт утрыманьня ўлады Лукашэнкам гвалтоўным шляхам велізарны. Больш за 36 000 беларусаў прайшлі праз затрыманьні, 610 чалавек прызнаныя палітвязьнямі, яшчэ тысячы знаходзяцца за кратамі безь віны. Больш за дзесяць чалавек загінулі. Рэжым зьдзяйсьняе злачынствы ня толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Захоп самалёта RyanAir, плыня нелегальных мігрантаў на мяжы зь Літвой, спроба гвалтоўнай высылкі Крысьціны Ціманоўскай з Алімпіяды ў Токіё. За адзін год рэжым ператварыўся зь нелегітымнага ў тэрарыстычны».

Таксама палітык узгадала выбары 2020 году.

«Роўна год таму ў Беларусі ўпершыню за многія гады на розных выбарчых участках пачалі вывешваць сапраўдныя пратаколы. З дапамогай альтэрнатыўнага падліку ў „Голасе“ народ змог даказаць: ужо ў першым туры 56% выбарнікаў прагаласавалі за перамены. І ўсё, што адбываецца з таго часу, паказвае: у сьвядомасьці і ў сэрцах беларусаў гэтыя перамены ўжо адбыліся».

Канцом крызісу палітык будзе лічыць, толькі калі ўсе палітвязьні выйдуць з турмаў, а ў краіне пройдуць новыя выбары. Таксама Ціханоўская адзначыла, што журналісты сталі для Лукашэнкі адмысловай мішэньню, яна прыгадала таксама прымусовае закрыцьцё шэрагу недзяржаўных арганізацый і газэт у Беларусі. Пры гэтым Ціханоўская падзякавала ўсім працаўнікам мэдыясфэры, якія працягваюць сваю працу ў асьвятленьні падзей, нават нягледзячы на тое, што шэраг рэдакцый вымушаны працаваць за мяжой.

На завяршэньне свайго выступу Ціханоўская адзначыла, што рэжым Лукашэнкі за год паказаў няздольнасьць разумець дыпляматычную мову. Яна падкрэсьліла, што толькі супольная, узгодненая пазыцыя ўсіх краін стасоўна санкцый і далейшага ціску на Лукашэнку дапаможа Беларусі пераадолець крызіс і зрабіць новыя рашучыя крокі да дэмакратыі.

Акцыя на Лукіскім пляцы

А 17-й гадзіне на Лукіскім пляцы ў Вільні пачнецца акцыя пад лёзунгам «Не забудзем! Не даруем!» Яна будзе прысьвечана гадавіне крывавых разгонаў першых пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў. У акцыі прадугледжаны ўдзел беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь празь перасьлед уладаў. У 17:30 плянуецца слова Сьвятланы Ціханоўскай.

Выбары 2020 году і іх наступствы. Коратка

Паводле афіцыйных лічбаў Цэнтарвыбаркаму, Аляксандар Лукашэнка набраў на прэзыдэнцкіх выбарах 80,1% галасоў, аднак незалежныя апытаньні паказвалі значна ніжэйшы ўзровень яго падтрымкі. Пад ціскам людзей, якія патрабавалі паказаць ім сапраўдныя вынікі галасаваньня, на шэрагу ўчасткаў камісіі прывялі лічбы бюлетэняў за кандыдатаў — Сьвятлана Ціханоўская шматкроць апярэджвала Лукашэнку.

Плятформа «Голос» у ліпені 2021 году завяршыла альтэрнатыўны падлік галасоў на выбарах 2020 году, афіцыйныя вынікі якіх апазыцыя і краіны Захаду лічаць сфальшаванымі. Паводле плятфомы «Голос», Ціханоўская набрала мінімум 3 млн галасоў і перамагла ў першым туры выбараў 9 жніўня 2020 году.

Пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году ў розных гарадах краіны адбыліся масавыя пратэсты, сілавікі ўжывалі гвалт, у тым ліку траўматычную зброю, некалькі чалавек загінула, тысячы людзей былі затрыманыя і заявілі пра катаваньні ў пастарунках і ізалятарах. Ніводнай справы за катаваньні і сьмерці пры разгоне пратэстаў не было заведзена. Супраць удзельнікаў пратэстаў завялі тысяч спраў, больш за 600 чалавек у краіне прызнаныя палітвязьнямі. Сьвятлану Ціханоўскую прымусілі выехаць з краіны.

Краіны Захаду ўвялі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня санкцыі за фальсыфікацыі і масавыя рэпрэсіі.

За апошні год пад санкцыі ЭЗ падпалі 78 асобаў і 8 арганізацыяў. Таксама Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі на экспарт і перадачу абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў дзеля маніторынгу або перахопу інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах, на імпарт нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў зь Беларусі, на доступ на фінансавыя рынкі ЭЗ ураду Беларусі, а таксама беларускіх дзяржаўных фінансавых інстытутаў і суб’ектаў.

Сьвятлану Ціханоўскую пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году прымусова вывезьлі ў Літву, дзе яна ўжо амаль год знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. За гэты час яна сустрэлася зь дзясяткамі палітыкаў заходніх дзяржаў і працягвае настойваць на перамовах па перадачы Лукашэнкам улады дэмакратам, а таксама на вызваленьні ўсіх палітвязьняў, у тым ліку свайго мужа Сяргея Ціханоўскага.

На 9 жніўня 2021 году, роўна праз год пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта, у Беларусі 610 палітычных зьняволеных. Яны дагэтуль цярпяць ад катаваньняў і зьняважлівага стаўленьня з боку адміністрацыі калёній і ізалятараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG