Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы да гадавіны выбараў 9 жніўня. Затрыманьні ў Бабруйску, Вялейцы, Берасьці і Менску


Заўзятары ФК «Крумкачы», архіўнае фота
Заўзятары ФК «Крумкачы», архіўнае фота

Сілавікі працягваюць перасьледаваць беларускіх грамадзян за ўдзел у пратэстах. Свабода сочыць за падзеямі.

Заўзятара «Крумкачоў» асудзілі на 14 сутак за «дробнае хуліганства»

9 жніўня прайшоў суд над Віктарам Панасенкам. Заўзятара «Крумкачоў» затрымалі проста на гульні за футболку з 25-м нумарам, пад якім гуляў палітвязень Аляксандар Івулін, піша @nashaniva. Панасенку прысудзілі 14 сутак арышту за «дробнае хуліганства».

У Берасьці затрымалі актывіста Андрэя Прыстаўку

Пра затрыманьне паведамляе «Вясна Брэст»

29 ліпеня Андрэй Прыстаўка паведамляў, што супрацоўнікі КДБ правялі ў яго ператрус, пасьля чаго забралі тэхніку. Андрэй расказаў у адным зь берасьцейскіх чатаў, што яго дапыталі пра ўдзел у чатах і вызвалілі. Ён застаецца ў статусах сьведкі і падазраванага ў невядомай, нібыта «тэрарыстычнай», справе.

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году Прыстаўка перажыў некалькі ператрусаў, адбываў арышт за пікет. На адным з маршаў у сталіцы яму пры затрыманьні зламалі руку. Агулам сілавікі затрымлівалі Андрэя 7 разоў.

Пры ператрусе ў сваякоў брат Андрэя казаў, што сьледчыя згадвалі справу, зьвязаную з «удзелам у арганізацыі», за што Прыстаўку нібыта чакае пакараньне ад 1 да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Былога музыку «Харошак» пакаралі 15 суткамі арышту

МУС Беларусі заявіла пра «выкрыцьцё падпольнай друкарні», дзе вырабляліся незарэгістраваныя газэты і ўлёткі. Па словах сілавікоў, затрымалі 33-гадовага дырэктара інтэрнэт-крамы музычных інструмэнтаў. Як даведалася Свабода, гэта нядаўна звольнены музыка ансамбля «Харошкі» Зьміцер Кукс.

«Раней мужчына актыўна выходзіў на пратэставыя акцыі, зьяўляўся ўдзельнікам дэструктыўных Telegram-чатаў. У адным зь іх ён адгукнуўся на прапанову аб вытворчасьці паліграфічнай прадукцыі. Каардынатар працэсу ўводзіў яго ў зман, пераконваючы ў бясьпецы дзейнасьці. Тым ня менш у выпадку затрыманьня абяцаў выплату ўсіх магчымых штрафаў», — праінфармавалі ў сілавым ведамстве.

Апэратыўнікі па месцы жыхарства мужчыны канфіскавалі асобнікі гатовай прадукцыі, банкаўскія карткі, кампутарную і памнажальную тэхніку, а таксама грошы.

Пра затрыманьне даведаліся выпадкова — адзін з родзічаў заўважыў Зьмітра на вуліцы 6 жніўня ў кайданках у суправаджэньні невядомых людзей у цывільным. Жонкі з двума малымі дзецьмі падчас ператрусу не было дома.

«Чамусьці знайшоўся на Акрэсьціна як затрыманы ў адміністрацыйнай справе, што даволі дзіўна. Там сказалі, што ён трапіў да іх з Фрунзэнскага РУУС, хоць у самім упраўленьні сьцьвярджаюць, што ў іх такога не было. Адвакаты, якія пагаджаюцца працаваць у справе, пытаюцца зьвесткі пра ўваходныя дэталі — хто пракурор, хто затрымаў. На жаль, мы гэтага ня ведаем. У выніку абаронца ня можа пачаць займацца справай праз брак інфармацыі. Нават ня ведаем, ці скончыліся допыты», — расказаў сваяк музыкі.

Пазьней стала вядома, што творцу пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Пасьля ператрусу ў кватэры ўсё перавярнулі, зьніклі грошы, у тым ліку атрыманыя ад нядаўняга продажу машыны. Цяпер сям’я засталася бяз сродкаў да існаваньня.

Самога Зьмітра Кукса звольнілі з ансамбля «Харошкі». Адной з прычынаў стала ягоная грамадзянская пазыцыя. Ён адмовіўся ўдзельнічаць у канцэртах, якія Міністэрства культуры ладзіла на сцэне Купалаўскага тэатру, а таксама ў афіцыйных выступах на дзяржаўных сьвятах.

Зьміцер якраз напярэдадні затрыманьня атрымаў паштовае паведамленьне пра тое, што яго звальняюць з працы. Прычым паведамленьне падпісана яшчэ 20 ліпеня, а трапіла на пошту толькі 31-га. Так скончыліся 11 гадоў працы музыкам у калектыве.

Ператрусы ў Бабруйску

У Бабруйску ад раніцы адбываюцца ператрусы ў людзей, якія праходзілі па арт. 23.34 (цяперашні 24.23 КаАП), — паведамляе «Вясна». Забіраюць тэхніку, шукаюць сьцягі і іншую прадукцыю. Вядома як мінімум пра 10 ператрусаў. Сярод тых, да каго прыйшлі, — Юлія Загрышава, Дзьмітры Косьцін, Яўген Мамойка.

Затрыманьне ў Вялейцы

У Вялейцы затрымалі мясцовага актывіста Андрэя Кудзіка. Пра гэта паведамляюць ягоныя сябры ў Фэйсбуку. Раней Андрэя Кудзіка ўжо некалькі разоў судзілі за ўдзел у акцыях і прысуджалі вялікія штрафы.

«Адміністрацыйны працэс доўжыўся каля 20 хвілін. Судзьдзя мяне запытала: «Што вы мелі на ўвазе пад словамі „Жыве Беларусь“?» І было бачна, што ёй самой няёмка і адначасова сьмешна задаваць такія пытаньні і весьці гэты працэс. Але, тым ня менш, яна вырашыла ўсё ж аштрафаваць мяне», — расказваў у студзені Андрэй Кудзік «Вясьне» пра суд над ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG