Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым вядомы гурт Irdorath, музыкаў якога затрымлівалі з дронам і стралянінай


Канцэрт гурту Irdorath, архіўнае фота

Пачыналі як вулічныя музыкі, з канцэртаў імкнуліся ладзіць шоў, аб’езьдзілі больш за тузін краін Эўропы з канцэртамі, напісалі песьню на верш Уладзімера Караткевіча.

2 жніўня музыкаў фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath затрымалі на лецішчы пад Менскам з удзелам узброеных байцоў САХР і міліцыі Менскай вобласьці. Там сьвяткавалі дзень нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач.

Чатырох чалавек, затрыманых на лецішчы разам з музыкамі, аштрафавалі ў судзе Менскага раёну на сумы ад 870 да 1160 рублёў.

Шасьцёх затрыманых падазраюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх». Гэта Ўладзімер Калач, Антон Шнып, Пётра Марчанка, Павал Шмыга, Юлія Юніцкая, Аляксандар Сінкевіч.

Irdorath — папулярны ў Беларусі і за яе межамі фэнтэзі-фольк-гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне.

Пачыналі як вулічныя музыкі ў Горадні

Заснавальнікі гурту пачыналі граць яшчэ студэнтамі ў Горадні. Надзея, студэнтка юрфаку, і Ўладзімер, студэнт каледжу мастацтваў, пачалі спрабаваць сябе ў сярэднявечнай музыцы як вулічны дуэт у 2009 годзе.

Уладзімер граў на нямецкай дудзе, Надзея — на давуле. Да дуэту далучаліся артысты фаер-шоў і танцоры, тады ж упершыню спрабавалі выяжджаць на фэстывалі.

Улетку 2010 году гурт выступіў на афіцыйным Фэстывалі нацыянальных культураў у Горадні, да гурту далучыўся струньнік Віталь Буйвід, а таксама бубнач Павал Шмыга.

Згулялі вясельле на канцэрце

У 2011 годзе музыкі гурту пераехалі ў Менск, дзе пачалі працаваць над першым альбомам, тады ж да іх далучыўся Антон Шнып. Працавалі ў закрытым пансіянаце пад Менскам, там музыкі з падручных матэрыялаў зрабілі часовую студыю, дзе і пісаўся альбом.

У 2012 годзе дэбютны альбом пад назвай «Ad Astra» прэзэнтавалі на сцэне менскага клюбу Re:Public. Пасьля выпуску альбому гурт пасьпяхова пачынае выступаць на эўрапейскіх пляцоўках: у Польшчы, Літве, Нямеччыне, Францыі.

У 2014-м заснавальнікі гурту Надзея і Ўладзімер згулялі вясельле падчас сольнага канцэрту ў Менску.

Фірмовы стыль гурту Irdorath — гэта яскравыя сцэнічныя касьцюмы ў сярэднявечным стылі і выступы з элемэнтамі шоў (танцы, фаер-шоў, нэонавае шоў). Гурт выкарыстоўвае шмат аўтэнтычных інструмэнтаў: дуды, віялянчэль, скрыпку, бузукі, дыджэрыбон, варган.

Напісалі песьню на верш Уладзімера Караткевіча

У траўні 2015 году гурт выпусьціў другі альбом Dreamcatcher, які запісвалі ўжо ў прафэсійнай студыі Everest. Адна з кампазыцыяў альбому — «Быў. Ёсьць. Буду» на верш Уладзімера Караткевіча. Кампазыцыя паводле вэрсіі парталу Tuzin.fm стала «Песьняй году».

У 2017 годзе выходзіць трэці альбом гурту Wild. З 10 аўтарскіх кампазыцыяў у альбоме 5 песень па-беларуску, у тым ліку народная песьня «Купала на Йвана», на якую зьняты кліп.

Аб’ехалі ўсю Эўропу з канцэртамі

Гурт Irdorath вядомы далёка за межамі Беларусі. У 2017 годзе калектыў стаў першым беларускім гуртам, які выступіў на найбуйнейшым мэтал-фестывалі Эўропы Wacken Open Air. У канцы 2018-га легендарны нямецкі гурт Corvus Corax запрасіў Irdorath разам выступіць на калядным канцэрце ў Бэрліне.


За 2019 год гурт выступіў у 12 краінах Эўропы, праехаў у туры каля 4 тысяч кілямэтраў. Тады ж адбыўся першы сольны канцэрт гурту ў Нямеччыне, у Мюнхэне.

Дэбютная рэжысэрская праца Надзеі Калач

У 2020 годзе гурт выпусьціў сынгл і кліп Serca Rascolata, гэта дэбютная рэжысэрская праца Надзеі Калач. Гісторыя пра брата і сястру, якія праходзяць доўгі шлях, каб разам расстацца з сымбалямі мінулага і атрымаць унутранае вызваленьне.

Усе пэрсанажы, зьнятыя ў кліпе, — сапраўдная сям’я: браты і сёстры Ўладзімера Калача.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG