Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Божа, што я нёс!» Палітоляг Шкляраў тлумачыць, чаму пасьля вызваленьня зь СІЗА казаў пра «сталёвыя яйцы» Лукашэнкі


Віталь Шкляраў
Віталь Шкляраў

Палітоляг Віталь Шкляраў, які ў 2020 правёў тры месяцы ў СІЗА, апавядае ў інтэрвію «Ўкраінскай праўдзе», што зразумеў пра Лукашэнку падчас сустрэчы зь ім. Вось некалькі фрагмэнтаў.

«Злосьць і жаданьне лезьці ў бойку»

— Прайшоўшы праз досьвед СІЗА, вы сталі мацнейшым ці наадварот?

— Цяжкае для мяне пытаньне. Часта я кажу сабе, што шмат у чым стаў слабейшым. Але калі шчыра і па сутнасьці, стаў мацнейшым. У тым сэнсе, што стаў лепш заўважаць сваю хлусьню, стаў бачыць, што я не ўсемагутны, што маю слабасьці і страхі. Маю сілы прымаць рашэньні, на якія раней ня быў здольны.

Я шчасьліўчык — прасядзеў усяго тры месяцы. Але гэта была вельмі важная школа. І калі б цяпер зноў меў выбар, ці ехаць у 2020-м у Беларусь, я б прыехаў, не раздумваючы ні хвіліны. Проста зрабіў бы гэта больш асэнсавана.

— Што вы цяпер адчуваеце як чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі і лічыць яе сваёй радзімай?

— Злосьць. Злосьць і непераадольнае жаданьне лезьці ў бойку.

«Лукашэнка — галоўны зэк»

— Гэта злосьць ад бясьсільля ці злосьць, якая каналізуецца ў дзеяньні, як было на Майдане?

— Ня маю злосьці ад бясьсільля. Не лічу, што Беларусь і беларусы нямоглыя. Маю злосьць, якая добра каналізуецца ў дзеяньні, злосьць, якая служыць дровамі для вогнішча.

Злосьць — гэта, вядома, і адчай, калі здаецца, што ніколі гэта ня скончыцца. Гэта скончыцца. Не пабудавалі яшчэ тую турму, у якую ёсьць толькі ўваход. Ёсьць выхад і з гэтай турмы. Ён доўгі. Ён, магчыма, здарыцца ня так хутка, як мы хочам, а можа, і хутка здарыцца.

І ахова, і слугі гэтага рэжыму адчуваюць сябе зэкамі, бо ведаюць, што робяць няправільна. Яны ня могуць гэтага ня ведаць.

А тое, што Лукашэнка — галоўны закладнік пабудаванай ім сыстэмы, я зразумеў, седзячы насупраць яго, калі ён прыехаў у СІЗА. Пасьля 2,5 месяцаў турмы ты ў такім дзэне, у такім крыштальным успрыманьні ўсяго навокал бяз вонкавых раздражняльнікаў, што зьвяртаеш увагу на дэталі. І вось ужо ў такім стане гледзячы на яго, я зразумеў — вось галоўны зэк.

«Ты і твае амэрыканцы»

— На гэтай сустрэчы Лукашэнкі ў СІЗА з палітвязьнямі ў кастрычніку 2020 году — як вы можаце патлумачыць выбар менавіта гэтых васьмі чалавек, сярод якіх былі і вы? У якой квоце вы трапілі на гэтую сустрэчу?

— Захад, амэрыканцы. Бо кожны раз, крытыкуючы калектыўны Захад і амэрыканцаў, ён зьвяртаўся да мяне: «Ты і твае амэрыканцы». У яго вачах я быў прадстаўніком гэтай касты ворагаў Беларусі.

— Падчас гэтай сустрэчы ці зразумелі вы нешта пра Лукашэнку, чаго не разумелі да таго?

— За 5 гадзін зносін з чалавекам, палярна зараджаным, ты альбо закрываесься і сварысься да сарванага голасу, альбо спрабуеш зразумець, што ж ім рухае.

Лукашэнка — чалавек, які 25 гадоў жыве на сваёй плянэце, ён глыбока ў яе занураны. У ягонай сыстэме каштоўнасьцяў няма нікога роўнага яму. Гэта цытаты з той сустрэчы: «У мяне прамая сувязь зь Ім», «прэзыдэнтамі нараджаюцца, і я, умоўна, памазанец Божы, а вы — ніхто, і такія, як вы, ельцынскія псэўдадэмакраты ў 1990-х прасралі б краіну».

«Ён — чалавек, які жыве ў страху»

Можа, ён паважае... Хоць, не, нават яго не паважае. Я хацеў сказаць «якога-небудзь Пуціна». Нават Пуціна ён не паважае, ён яго відавочна ненавідзіць, гэта відаць было ў яго рэпліках.

Гэта чалавек, які жыве ў страху, ён баіцца ўсяго і ўва ўсім бачыць здраду. Чалавек, які залгаўся і з гэтага стану ўжо ня выйдзе. Я часта гэта кажу і мяне за гэта крытыкуюць, але я не лічу, што зь ім трэба дамаўляцца. Я не лічу, што трэба весьціся на нейкія яго заявы а-ля «зараз будзе рэфэрэндум і будзе новая канстытуцыя». Гэта ўсё лухта. Нічога ня будзе.

Гэта можа дзіўна прагучаць, я ні ў якім разе не хачу акультурваць яго вобраз, але мне чамусьці бачыцца чалавек, які быў у дзяцінстве вельмі траўмаваны чымсьці і з гэтага страху, адзіноты, гэтай траўмы так і ня выйшаў.

Ён лічыць, што, зь ягоных жа словаў, «любімую» не аддаюць. А «любімая» — гэта ўлада, гэта краіна, гэта ўсё тое, да чаго ён прывык. І калі, каб не аддаваць любімую, трэба яе біць у вока і зачыняць на кухні, ну, значыць, біць у вока і зачыняць на кухні. Вось такі хатні гвалт.

«Калі Пратасевіч тымі ж словамі сказаў пра «сталёвыя яйцы», мяне як жарам абдало»

— Калі затрыманы ў Менску экс-галоўны рэдактар Telegram-каналу Nexta Раман Пратасевіч запісвае відэа, дзе прызнаецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і кажа пра «сталёвыя яйцы» Лукашэнкі — гэта па-чалавечы вытлумачальна. Ня ўсім быць Джарданамі Бруна і не «канапным экспэртам» судзіць Пратасевіча. Калі ў інтэрвію, ужо знаходзячыся ў Кіеве, вы кажаце пра Лукашэнку як пра «неймаверна разумнага» «крутога мужыка» са «сталёвымі яйцамі», гэта ўспрымаецца некалькі інакш. Ці разумелі вы тады, што пасьля гэтых словаў робіцеся чужым сярод сваіх, ня стаўшы сваім сярод чужых?

— Ці разумеў я? Вядома, не. Калі б разумеў, не казаў бы гэтага. Гэта ламаная псыхіка, часткова тое, што называецца стакгольмскім сындромам. Калі выйшаў Пратасевіч і тымі ж словамі сказаў пра «сталёвыя яйцы» Лукашэнкі, мяне як жарам абдало. Я падумаў, што вось яшчэ адзін такі ж пацыент выйшаў з душэўным разладам.

Я не апраўдваю сябе, проста паспрабую растлумачыць, чаму я так сказаў і што меў на ўвазе.

Сказаў, бо ты ў дзіўным душэўным стане знаходзісься, калі адтуль выходзіш. Ты прывыкаеш размаўляць сам з сабой. І калі ты доўга гаворыш сам з сабой, табе здаецца, што нейкія рэчы самі сабой разумеюцца, іх ня трэба тлумачыць. Ведаеце, як у тым анэкдоце, калі двое сяброў сустракаюцца і адзін другому кажа: «Давай я распавяду табе анэкдот: 58-ы — ха-ха-ха, 63-і — ха-ха-ха».

«Божа, што я нёс...»

У мяне не было магчымасьці падчас таго інтэрвію растлумачыць, што я меў на ўвазе. Калі я казаў, што лічу Лукашэнку «моцным», — гэта была проста канстатацыя факту. Каб ён ня быў моцным, даўно Беларусь была б вольнай. Уцёк бы, як Януковіч. Ён моцны сваім вар’яцтвам. Ці апраўдвае гэта яго ўчынкі? Не. Ці зьяўляецца гэтая сіла прыкладам? Не.

Я казаў тады, што, седзячы ў часе той сустрэчы насупраць яго, я зразумеў, што мы зь ім падобныя. Я меў на ўвазе, што ў гэты момант я, зэк, бачу перад сабой іншага зэка, і ён больш праседзіць тут, чым я. Але я не растлумачыў гэта. А потым паслухаў гэтае інтэрвію і падумаў: божа, што я нёс...

Цалкам інтэрвію можна прачытаць тут.

  • 45-гадовы паліттэхноляг Віталь Шкляраў да 29 ліпеня 2020 году працаваў у выбарчых кампаніях у ЗША, Расеі, Грузіі. Шкляраў жыў у Вашынгтоне, займаўся дасьледчай працай у Цэнтры расейскіх і эўразійскіх дасьледаваньняў Гарвардзкага ўнівэрсытэту, быў калюмністам вядомых амэрыканскіх і расейскіх выданьняў.
  • Улетку 2020 году разам з сынам прыехаў у Беларусь наведаць хворую маці. За 10 дзён да прэзыдэнцкіх выбараў Шклярава затрымалі паводле падазрэньня ў працы на палітыка і блогера Сяргея Ціханоўскага. Нягледзячы на амэрыканскае грамадзянства, статус сваяка дыплямата (жонка Віталя — супрацоўніца амбасады ЗША ва Ўкраіне), звароты міжнародных праваабарончых арганізацыяў, улады Беларусі не сьпяшаліся вызваляць Шклярава і зрабілі гэта толькі праз тры месяцы пасьля арышту, калі дзяржаўны сакратар Майкл Пампэо патэлефанаваў Лукашэнку.
  • Шкляраў разам зь яшчэ некалькімі палітвязьнямі быў запрошаны на сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА. Пасьля вызваленьня, ужо знаходзячыся ў бясьпецы, Віталь Шкляраў у інтэрвію з сымпатыяй гаварыў пра Лукашэнку, назваўшы яго «крутым» і ўжыўшы эпітэт «сталёвыя яйцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG