Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы ў турме


СІЗА КДБ у Менску
СІЗА КДБ у Менску

Такім чынам, перамовы паміж уладай і пратэстуючым народам, пра якія два месяцы бясконца гаварылі ўсе беларускія і замежныя суб’екты, нарэшце пачаліся. Праўда, зь непаўторнай беларускай спэцыфікай. Лукашэнка прыехаў у турму і сустрэўся з палітвязьнямі. Лепшага месца для гэтай справы ня знойдзеш. І партнэры Лукашэнкі па перамовах у такім стане, што лягчэй дамагчыся ад іх згоды.

Сёньняшнім візытам у СІЗА КДБ Лукашэнка паламаў шэраг стэрэатыпаў.

Вось шмат разоў сам Лукашэнка казаў, што ня пойдзе ні на якія перамовы з рэальнымі прадстаўнікамі пратэстуючага народу. Пра тое ж казалі ўсе экспэрты. Бо, маўляў, гэта была б дэманстрацыя ягонай слабасьці. А ён узяў і прыйшоў у турму. І нават круглы стол знайшлі ў СІЗА КДБ.

Таксама шмат казалі ў экспэртным асяродзьдзі — маўляў, няма з кім весьці перамовы, няма рэальнага канкрэтнага суб’екта. Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка, іншыя палітыкі, якія прэтэндуюць на лідэрства, — за мяжой. Аднак лідэры знайшліся і ўнутры краіны. Праўда, усе яны ў турме. Таму, калі хочаш пачаць перамовы, то знойдзеш з кім. Была б воля.

І зьвярніце ўвагу, каго запрасілі на сустрэчу. Не Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца ці Сяргея Ціханоўскага. Бо яны прадстаўляюць радыкальную апазыцыю. На сустрэчу запрасілі ўмераных, прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады і Аб’яднанага штабу, якія імкнуліся змагацца ў рамках прававога поля.

Што ўсё гэта значыць? Зразумела, не ідзецца пра рэальныя перамовы з пратэстуючым народам. Гаворка ідзе пра імітацыю. Але нават імітацыя азначае, што Лукашэнка адчувае свае пазыцыі не такімі моцнымі, як падаецца на першы погляд. Так, яны ўмацаваліся ў параўнаньні зь першымі двума тыднямі пасьля выбараў. І цяпер ён, ужо з пазыцыі сілы, пасылае грамадзтву сыгнал, што гатовы да нейкага, няхай сымбалічнага, кампрамісу.

Таксама гэта сыгнал Захаду і Расеі, якія падштурхоўвалі Лукашэнку да перамоваў. Мусіць, яго трохі напружвае тое, што Пуцін абмяркоўвае сытуацыю ў Беларусі, а значыць, і ягоны палітычны лёс, з Макронам і Мэркель. Магчыма, гэта адна з умоваў, якіх ад яго вымагаў прэзыдэнт Расеі ў Сочы. Маскву імітацыя перамоваў задаволіць, а Захад — не.

І яшчэ важны нюанс. Калі б пачаліся рэальныя перамовы з прадстаўнікамі пратэстуючага народу, то дапамога Пуціна стала б ня так ужо і патрэбная. Ён нешта паабяцаў Пуціну ў Сочы. Цяпер нешта паабяцаў палітвязьням у турме. Цяпер можна паспрабаваць манэўраваць паміж гэтымі абяцаньнямі, не выконваючы да канца ніводнага.

Такім чынам, можна канстатаваць, што Лукашэнка пачаў складаную гульню. Дасюль ён быў схільны да простых і грубых рашэньняў. Ці ўдасца ўсіх перайграць?

«Канстытуцыю на вуліцы не напішаш», — цытуе словы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого». Няўжо турма для гэтага лепш пасуе?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG