Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Сяргей Драздоўскі расказаў, як паўгода быў пад хатнім арыштам


Сяргей Драздоўскі, архіўнае фота
Сяргей Драздоўскі, архіўнае фота

6 месяцаў праваабаронца Сяргей Драздоўскі правёў пад хатнім арыштам. 31 ліпеня меру стрыманьня ў дачыненьні да яго зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе. Цяпер ён зноў можа выходзіць з дому, кантактаваць зь людзьмі і карыстацца інтэрнэтам.

Сяргей Драздоўскі — дырэктар праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю». Разам зь ім 3 лютага затрымалі ягонага калегу, юрыста арганізацыі Алега Граблеўскага.

У дачыненьні да Алега Граблеўскага была абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, увесь час ён знаходзіўся ў менскім СІЗА-1. 31 ліпеня яго таксама вызвалілі. Абодвух праваабарончая супольнасьць прызнавала палітычнымі зьняволенымі. Іх абвінавачвалі паводле часткі 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, зьдзейсьненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Яны застаюцца падазраванымі, дзейнічае падпіска аб неразгалошваньні.

«Безумоўна, хатні арышт — гэта не турма: я ў сваім ложку сплю, сваю лядоўню адчыняю, у сваю ванну хаджу, — расказаў „Вясьне“ Сяргей Драздоўскі. — Але была забароненая любая камунікацыя з усімі ў любым выглядзе. Дазволена было камунікаваць зь сямейнікамі, але толькі таму, што я сам не магу сябе цалкам абслугоўваць. Мае дадатковыя патрэбы такія, што неабходная непасрэдная дапамога ў досыць вялікім аб’ёме».

Сяргей Драздоўскі мае інваліднасьць і перасоўваецца ў вазку. Але і ў камунікаваньні са сваякамі даводзілася сябе абмяжоўваць.

«Насамрэч я ня ведаю тых межаў і рамак, наколькі шмат і пра што я магу са сваякамі размаўляць. Ці ня здарыцца, што іх абвінавацяць у чым-небудзь? Што яны, напрыклад, у нечым мне дапамагаюць і садзейнічаюць адносна крымінальнай справы. Насамрэч, чалавек прызвычайваецца да таго, што ён кантактуе. А я ня мог спакойна ўзяць і патэлефанаваць сваім сябрам...»

Камунікацыя ў выпадку неабходнасьці са сваякамі і сьледчым адбывалася праз стацыянарны тэлефон. Акрамя таго, з тэхнікі было дазволена карыстацца толькі радыёпрыёмачом, якога ў Сяргея няма, і тэлевізарам. Паколькі забарона на камунікацыю прадугледжвае немагчымасьць карыстацца інтэрнэтам, адзінай крыніцай навінаў было тэлебачаньне.

«Тэлевізар глядзеў фонам. Мне здаецца, я ўжо зрабіўся экспэртам па старажытным Эгіпце, бо глядзеў каналы гістарычныя, — жартуе праваабаронца. — Але сёньня ўся інфармацыя ў сьвеце дакладна не ў тэлевізары. І апынуцца ў такім вакуўме без актуальнай інфармацыі, асабліва не разумеючы, што адбываецца навокал, складана. Тэлевізар — гэта вельмі аднабока. Таму даводзіцца здагадвацца, дадумваць».

Пад хатнім арыштам Сяргей Драздоўскі мог выходзіць на шпацыр з 11-й да 12-й у радыюсе 200 мэтраў ад пакоя. Некалькі разоў узьнікала патрэба наведваць лекараў. Для гэтага трэба было апавяшчаць наглядны орган і атрымліваць дазвол. Стаўленьне сьледчых і ўсіх тых, ад каго залежаў ягоны арышт, было карэктнае.

«Калі кажуць, што хатні арышт — гэта ой як добра: сеў дома, уключыў тэлевізар, ясі каўбасу і радуйся жыцьцю... Але лад жыцьця ў мяне не такі, і гэта не мая мэта — сесьці і глядзець тэлевізар. Я сапраўды адчуваў пакуты, што мая праца стаіць і я не магу нічога з гэтым зрабіць. Мае пэрспэктыўныя пляны абрынуліся. Бягучая дзейнасьць офіса абвалілася», — кажа Сяргей Драздоўскі.

Жыцьцё пад хатнім арыштам прадугледжвае немалыя выдаткі, кажа ён. І калі няма заробку, узьнікаюць праблемы.

«Трэба разумець, адкуль браць грошы, бо заробкі скончыліся, а ты пад арыштам. Калі ёсьць нейкія ашчаджэньні, напэўна, можна дазволіць сабе такі паўгадавы „адпачынак“. Добра, калі родныя табе дапамагаюць. Значна горш, калі гэтага няма».

У ацэнцы свайго хатняга арышту і крымінальнага перасьледу Сяргей Драздоўскі катэгарычны.

«Я не прызнаю і не зьбіраюся прызнаваць сваю віну ні ў якай частцы, ні ў якай меры, ні ў якай ступені, ні ў якім разуменьні. Хатні арышт адносна мяне быў адвольны і незаконны. Мне было ня так дрэнна, як магло б быць, і я нібыта адпачыў паўгода ад інтэрнэту, але тым ня менш. Уся мая сям’я, мне здаецца, перажывае яшчэ больш, чым я, з гэтай нагоды. Памятаеце, была гісторыя: „Гэта ня мне далі 15 сутак. Гэта нам далі 15 сутак“. Мяркую, гэта не сакрэт для тых, хто выпісвае пастановы аб хатнім арышце ды іншых падобных мерах».

Праваабарончая ўстанова «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» трапіла пад адну зь першых хваляў масавай зачысткі грамадзянскай супольнасьці — цяпер яна ў стане ліквідацыі.

«Нам даслалі стандартную паперку: паколькі мы не вялі на працягу апошніх 24 месяцаў прадпрымальніцкай дзейнасьці, з гэтай прычыны трэба закрыцца. На працягу месяца мы абавязаныя прынесьці арыгінал рэгістрацыйных дакумэнтаў. Але з пункту гледжаньня права гэта бязглузьдзіца, бо пярэчыць Грамадзянскаму кодэксу. Мы маем намер яшчэ разабрацца ў сытуацыі. Але намер закрыць нас разам з усімі вельмі ўпэўнены з таго боку. І калі гэтае абвінавачваньне не спрацуе, дык будзе наступнае»,— падсумаваў Сяргей Драздоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG