Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 1000 у Польшчы, 218 у Літве. Дзе беларусы просяць прытулку


У Лукіскай турме адкрылася фотавыстава «Мяжа», прысьвечаная беларусам, якія пад ціскам былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Вільня, 15 чэрвеня 2021 году.
У Лукіскай турме адкрылася фотавыстава «Мяжа», прысьвечаная беларусам, якія пад ціскам былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Вільня, 15 чэрвеня 2021 году.

Тысячы беларусаў ратуюцца за мяжой ад палітычна-грамадзкага крызісу на радзіме. Паспрабавалі падлічыць даступныя лічбы.

Польшча

Офіс па справах іншаземцаў на запыт Радыё Свабода паведаміў, што са жніўня 2020-га больш за 1000 беларусаў зьвярнуліся па міжнародную абарону ў Польшчы.

За першую палову 2021 году 667 беларусаў зрабілі такія запыты, і гэта найбольшая колькасьць (40%) сярод іншаземцаў. На наступным месцы грамадзяне Расеі (28%).

Найбольшая колькасьць беларусаў (391 чалавек) — і сярод іншаземцаў, якія атрымалі за гэты пэрыяд статус міжнароднай абароны.

Ведамства падлічыла, што колькасьць беларусаў, якія зьвяртаюцца па абарону, пачала расьці яшчэ ў жніўні 2020-га (з адзінкавых выпадкаў да некалькіх дзясяткаў). У кастрычніку мінулага году колькасьць такіх зваротаў дасягнула амаль сотні, а ў траўні 2021-га па абарону зьвярнуліся больш за 150 чалавек.

Чэхія

Паводле дадзеных, прадстаўленых Міністэрствам унутраных спраў Чэскай рэспублікі, 65 грамадзян Беларусі зьвярнуліся па міжнародную абарону ў гэтай краіне ў 2020 годзе. Такую ж колькасьць зваротаў падалі грамадзяне Віетнаму. На першым месцы ў Чэхіі сярод тых, хто прасіў там міжнароднай абароны, — грамадзяне Ўкраіны (351 зварот) і Грузіі (144 звароты).

Пры гэтым вядома, што ў сьнежні 2020-га па міжнародную абарону зьвярнуліся 13 беларусаў. Зь іх 6 жанчын.

У 2021 годзе 7 беларусаў зьвярнуліся па міжнародную абарону ў Чэхіі.

Беларусь уваходзіць у топ-10 краін, грамадзяне якіх зьвяртаюцца па абарону ў Чэхіі, але лічбы зваротаў непараўнальныя зь іншымі краінамі. Так, у 2021 годзе па міжнародную дапамогу ў Чэхіі зьвярнуліся 123 украінцы, 45 грузін, 21 віетнамец, а таксама больш за 10 грамадзян Малдовы, Казахстану, Армэніі, Сырыі.

Колькасьць відаў на жыхарства, выдадзеных беларусам у Чэхіі, зьмянілася нязначна. У 2019 годзе каля 4000 беларусаў мелі часовы від на жыхарства ў Чэхіі. Яшчэ каля 3 тысяч мелі сталы від на жыхарства. У 2020 часовы від на жыхарства мелі 3980 беларусаў, сталы — 3147.

Літва

Дэпартамэнт міграцыі Літоўскай Рэспублікі падаў зьвесткі, паводле якіх у пэрыяд з 21 верасьня па 21 ліпеня 2021 году грамадзяне Беларусі атрымалі 22 889 доўгатэрміновых нацыянальных візаў, 9745 шэнгенскіх візаў. 15 281 беларус атрымаў у гэты пэрыяд часовы від на жыхарства ў Літве, 172 — сталы від на жыхарства.

218 беларусаў зьвярнуліся да Літвы з просьбай даць ім прытулак у пэрыяд з 21 верасьня 2020 па 21 ліпеня 2021.

Ведамства паведамляе, што ў сувязі з сытуацыяй візавыя правілы былі спрошчаныя. Беларусы таксама могуць атрымаць доўгатэрміновую нацыянальную візу тэрмінам на 1 год па спрошчанай працэдуры.

Нямеччына

Фэдэральнае ведамства па пытаньнях міграцыі і ўцекачоў Нямеччыны паведаміла, што ў гэтай краіне сёлета было зарэгістравана 98 запытаў на наданьне прытулку ад грамадзян Беларусі ў пэрыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня. 23 зь іх ужо атрымалі адмову.

Пры гэтым у 2020 годзе такіх запытаў было 167, а ў 2019-м — 348. Прадстаўнік ведамства Саскія Гельтэнпот (Saskia Geltenpoth) просіць зьвярнуць увагу, што на лічбы апошніх гадоў паўплывала пандэмія COVID-19.

Прадстаўнік ведамства тлумачыць, што пад станоўчым рашэньнем аб наданьні абароны разумеецца: права на палітычны прытулак, абарона ўцекачоў, дадатковая абарона і нацыянальная забарона на дэпартацыю. Такіх рашэньняў прымаецца менш. Большасьць запытаў падпадаюць пад Дублінскую працэдуру (калі іншая дзяржава ЭЗ прымае рашэньне наконт наданьня абароны). Бывае і так, што апліканты адклікаюць свае запыты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG