Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не магу прывыкнуць, што на акцыях пратэсту паліцыя нас ахоўвае». Тры расповеды пра жыцьцё беларускіх уцекачоў у Латвіі


Жаночы марш у падтрымку дэмакратычнай Беларусі, Рыга, 10 кастрычніка 2020
Жаночы марш у падтрымку дэмакратычнай Беларусі, Рыга, 10 кастрычніка 2020

Са жніўня 2020 году, калі ў Беларусі пачаліся акцыі пратэсту, затрыманьні журналістаў, палітычных актывістаў і проста ўдзельнікаў мірных акцый, краіны Балтыі і Польшча адкрылі гуманітарны калідор для беларускіх уцекачоў.

Пра тое, як там жывуць беларусы, як зьмяніліся іх існаваньне за гэты год і ці спадзяюцца яны вярнуцца на радзіму, расказалі карэспандэнтцы тэлеканалу «Настоящее время» Марыі Андрэевай трое ўцекачоў зь Беларусі.

Наста Захарэвіч — журналістка, у Беларусі яна працавала на гішпанскае навінавае агенцтва, асьвятляла выбары і акцыі пратэсту ў Менску. Выехаць з краіны Наста вырашыла пасьля другога затрыманьня.

«За тое, што я працавала журналісткай на пратэстах, мяне два разы затрымлівалі. Першы раз прысудзілі 7 дзён адміністрацыйнага арышту, другі раз — 15. Яшчэ мяне спрабавалі абвінаваціць у крадзяжы міліцэйскага відэарэгістратара, але ў выніку ня сталі заводзіць крымінальную справу. Пасьля другога вызваленьня сталі тэлефанаваць маім сваякам. Я гэта зразумела як адназначны сыгнал: або я зьяжджаю, або мяне саджаюць», — апавядае дзяўчына.

Наста, як і многія іншыя ўцекачы, не зьбіралася пакідаць Беларусь надоўга — максымум на некалькі тыдняў: адпачыць, прыйсьці ў сябе пасьля вызваленьня з СІЗА, зьмяніць абстаноўку, а потым зноў паехаць у Менск і працаваць. Але пачаліся арышты і суды над журналістамі, потым прымусовая пасадка самалёта з Раманам Пратасевічам, іншыя рэпрэсіі. Стала ясна, што эміграцыя — гэта, магчыма, надоўга.

«Гэта была поўная разгубленасьць, я наагул не разумела, як далей жыць. У Менску застаецца здымная кватэра, бацькі ў Беларусі, усё жыцьцё ў Беларусі, а з сабой — чамадан, пакет і заплечнік», — расказвае Наста Захарэвіч пра свой выезд.

Яна ўжо атрымала ў Латвіі афіцыйны статус палітычнага ўцекача — ён дазваляе атрымаць від на жыхарства ў краіне на пяць гадоў. Пакуль журналістка жыве ў цэнтры для мігрантаў: для таго, каб здымаць кватэру і жыць самастойна, трэба знайсьці працу. «З аднаго боку, неяк усё блізка і падобна на Беларусь, з другога — я ніяк не магу прывыкнуць, што на акцыях пратэсту паліцыя нас ахоўвае, гэта кожны раз такі шок. Тут бясьпечна, гэта самае галоўнае. Але, вядома, хочацца дадому, убачыць бацькоў і па Менску пагуляць».

Пра тое, што, бачачы паліцыянтаў, становіцца страшна і ад гэтага страху складана пазбавіцца нават за мяжой, расказваюць многія ўцекачы зь Беларусі. Яўгенія вырашыла пераехаць тры месяцы таму. Са жніўня мінулага году дзяўчына ўдзельнічала амаль ва ўсіх мірных акцыях у Менску. Калі рэпрэсіі з боку ўладаў сталі амаль штодзённымі, Яўгенія зразумела, што ня хоча ў турму, і выехала.

«Я думала, што паеду павольна і паступова, а так выйшла, што мне патэлефанаваў участковы і сказаў, каб я прыйшла і дала тлумачэньні пра сьняжынкі, аленяў і сэрцайкі, якія ўтвараюць сьцяг на маім акне. Я зразумела, што сяду на месяц, і палічыла за лепшае зьехаць», — дзеліцца Яўгенія.

У Рызе беларускія ўцекачы актыўна падтрымліваюць сувязь — беларуская дыяспара ў Латвіі вельмі актыўная. Рэгулярна праводзяцца розныя акцыі салідарнасьці і падтрымкі пацярпелым ад рэпрэсій. Пікеты каля беларускай амбасады і шэсьці ў цэнтры гораду. Уцекачы актыўна патрабавалі пазбаўленьня Беларусі правоў на правядзеньня чэмпіянату сьвету ў хакеі і больш жорсткіх санкцый з боку ЭЗ.

Яўгенія кажа, што ня мае ілюзій наконт таго, што вось-вось людзі выйдуць на масавыя акцыі пратэсту. «Настолькі заціснутыя пратэставая актыўнасьць, такія жудасныя рэпрэсіі. Мы не падазравалі, што з такімі жудаснымі рэпрэсіямі сутыкнёмся. Мы так будучыні сваёй ня бачылі».

Радзівон Бягляк — адзін зь першых беларускіх уцекачоў у Латвіі. Ён прыехаў у Рыгу яшчэ ў верасьні, пасьля жорсткага затрыманьня і пабіцьця. На радзіме на яго завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў. Радзівон кажа, што ў яго проста не было выбару, давялося ехаць.

«Дзевяць з паловай мільёнаў людзей цяпер у Беларусі жывуць у страху, яны баяцца выйсьці на вуліцы, яны баяцца надзець бела-чырвоную вопратку. Я не магу вярнуцца ў Беларусь, бо мяне, хутчэй за ўсё, адразу пасадзяць. Таму Латвія — адзіны варыянт», — кажа Радзівон Бягляк.

Надзея на тое, што сытуацыя ў Беларусі хутка зьменіцца, даўно прайшла. Людзі пачынаюць будаваць сваё жыцьцё ў новай краіне. «Я сёньня ўспамінала першы буйны марш, 16 жніўня: мы ішлі ўсе ўпэўненыя, што ўжо перамаглі, што народ ужо перамог. Гэта ўжо было сьвяткаваньне, — успамінае Наста Захарэвіч. — Ну а цяпер усё дрэнна».

Гуманітарны калідор для грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад рэпрэсій, па-ранейшаму адкрыты. Прадстаўнікі дыяспары кажуць, што кожны тыдзень яны маюць зносіны з кім-небудзь зь беларусаў, хто зьбіраецца выехаць з краіны, дапамагаюць усё арганізаваць. Некаторым даводзіцца ўцякаць тэрмінова, некалькі тыдняў таму малады чалавек пераплыў Дзьвіну, каб перасекчы мяжу з Латвіяй. Прасіць прыстанішча давялося ў плаўках і ластах, іншых рэчаў з сабой не было наагул.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG