Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы цябе зараз згвалцім». Мужчына з Жабінкі апавядае, як выжыў у «прэс-хаце»


Аляксандр Дарафееў з жонкай Тацянай. Кіеў, 24 ліпеня 2020 году.
Аляксандр Дарафееў з жонкай Тацянай. Кіеў, 24 ліпеня 2020 году.

Да жніўня 2020 году Аляксандар Дарафееў жыў мерным жыцьцём у Жабінцы. Ягонай старэйшай дачцэ шэсьць гадоў. Летась 21 жніўня жонка нарадзіла меншую дзяўчынку.

Увосень Аляксандар прайшоў праз затрыманьні і арышты. Увесну па яго прыйшлі ў крымінальнай справе. У ізалятары ён даведаўся, што такое «прэс-хата».

Аляксандар з жонкай Таянай і малодшай дачкой Настай. Кіеў, 24 ліпеня 2021 году.
Аляксандар з жонкай Таянай і малодшай дачкой Настай. Кіеў, 24 ліпеня 2021 году.

«За тое, што быў на «сутках», нашу сям’ю прызналі «сацыяльна небясьпечнай»

«Папраўдзе я заўсёды быў супраць гэтай улады. Бо разумеў яе сутнасьць. У жніўні 2020 году я думаў, што нарэшце нам выдаўся шанец нешта зьмяніць у краіне. Таму я выходзіў на пратэсты ў Жабінцы. 21 жніўня мая жонка нарадзіла малодшую дачку. У кастрычніку нашу сям’ю прызналі „сацыяльна небясьпечнай“, бо я быў двойчы арыштаваны за пратэсты. Адзін раз адбыў 10 дзён. Другі — 15. Значыць, мы „благія бацькі“.

Старэшая дачка Дарафеевых Кацярына.
Старэшая дачка Дарафеевых Кацярына.

У лістападзе мяне „папрасілі“ з працы — зноў жа за ўдзел у пратэстах. Жабінка — невялікі горад, таму пасьля ўмяшаньня „слабавікоў“ знайсьці працу вельмі цяжка. Адзін чалавек, праўда, узяў мяне на працу.

І мяне, і жонку ўсё цягалі на допыты, усё пыталіся — ці дапамагалі нам фонды, ці аплачвалі мае штрафы і арышты. Спакою не было».

«Затрымалі ў справе «шакаляднага Сашы»

«У нашай Жабінцы ў траўні распачалі крымінальную справу за «абразу прэзыдэнта», мы называлі гэтую справу «за шакаляднага Сашу». Нехта разьвесіў партрэты Лукашэнкі па Жабінцы. Яны былі ў нешта выквацаныя, можа быць, у экскрэмэнты. Пачалі скрозь хапаць людзей. Урываліся ў дамы, цягнулі на допыты і ў ізалятары. Гэта страшна — у нас малыя дзеці, а няма спакою. Ранкам урываюцца ў балаклавах, ператрасуць дом дагары нагамі, дзеці палохаюцца, плачуць.

Аляксандар Дарафееў з жонкай Тацянай
Аляксандар Дарафееў з жонкай Тацянай

Мяне забралі ў Берасьцейскі ГУБАЗіК, там дапытвалі пра гэтую «абразу прэзыдэнта». Потым перавезьлі ў Жабінку, «закрылі» на 72 гадзіны і завезьлі ў Кобрын, у ІЧУ. Там я трапіў у «прэс-хату». Бо не прызнаваўся ні ў чым. А ў чым мне было прызнавацца? Гэта ня я рабіў. У «прэс-хаце» сядзелі два такія здаровыя мужчыны, адзін увесь у наколках. Гэта былі «зэкі». Яны пачалі мяне біць, каб я прызнаўся пра тыя партрэты. Білі па галаве, у жывот, каб пайшоў на яўку з прызнаньнем. Потым... Адзін дастаў чэлес і сказаў: «Мы цябе зараз згвалцім». Я тады сказаў цьвёрда: «Я рукі мачану ва ўнітаз, заквэцаю вас, і вы самі будзеце „апушчанымі“». Потым яны пачалі мяне душыць псыхалягічна, прыніжалі, абражалі, казалі: «Ды цябе ўсё роўна раскрыюць, прызнавайся, цябе зноў кінуць у „прэс-хату“. І яны ўсе выбягалі з камэры і давалі справаздачу апэратыўнікам. Я чуў, як яны размаўлялі з апэратыўнікамі на жаргоне пра мяне: „Он на полном морозе, быка включил“. Гэта значыць, што я ўпарты, не „калюся“ і ні ў чым не прызнаюся.

Потым ад іх яшчэ быў ціск, але толькі псыхалягічны. Праз 72 гадзіны мяне адпусьцілі, але я застаўся ў статусе падазраванага.

Я не хацеў і не зьбіраўся нікуды бегчы ці зьяжджаць. Я ж ведаю, што ў іх на мяне нічога няма. Але людзі, якія маюць сувязі ў міліцыі і іншых органах, папярэдзілі, што па нас — тых, каго затрымлівалі, абавязкова прыйдуць і забяруць другі раз.

Мы з жонкай вырашылі ўцякаць».

«Тое, што міліцыя рабіла ў Жабінцы, — проста зьверствы, генацыд!»

«Жабінка — маленькі горад. Тут жа ўсе адно аднаго ведаюць. Мая маці ўсё жыцьцё працавала ў дзіцячым садку. Груба кажучы, усе дзеці мясцовых міліцыянтаў выхоўваліся ў яе. І такое пачалося з восені, што міліцыянты — а цяпер я не магу іх так называць! — такое зьверства ладзілі! Проста генацыд свайго народу. 1937 год нам зладзілі.

Жонка зьехала з дзецьмі ва Ўкраіну. У мяне былі праблемы — сьледчы забраў мой пашпарт. Праўда, потым міліцыянты падкінулі яго ў маю паштовую скрыню, але ён быў сапсаваны — фатаграфія размытая.

У такім выглядзе Аляксандру вярнулі пашпарт.
У такім выглядзе Аляксандру вярнулі пашпарт.

Прыгодаў было шмат у мяне. Але ўрэшце днямі я праз Расею дабраўся да Ўкраіны, пабачыў жонку, дзяцей.

Нам дапамаглі нашы беларускія фонды, дапамагалі неабыякавыя людзі. Божа, я цешуся, што мы вырваліся з канцлягеру! Я гатовы жыць хоць у гостэле, хоць у будане — абы на волі. У Беларусі я даўно забыўся, што такое свабода. Цяпер я спакойны, мая жонка і дзеці ў бясьпецы, бо ў чым яны вінаватыя? Я прыходжу ў прытомнасьць, вяртаюся да жыцьця, калі да цябе не пастукаюць у дзьверы, ня будуць гаспадарыць у тваім доме, ня будуць палохаць тваіх дзяцей!

Далей — ня ведаю. Можа быць, паедзем у Польшчу. Цяпер проста вяртаемся ў прытомнасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG