Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Суд будзе месяцаў празь пяць». Мастак Пушкін просіць не перадаваць перадачы, каб не адбіраць грошы ў дзяцей

абноўлена

Алесь Пушкін. Архіўнае фота
Алесь Пушкін. Архіўнае фота

19 красавіка Алеся Пушкіна судзілі ў Крупках праз скайп і далі 10 сутак арышту. Падстава — супраціў супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Пра гэта Алесь Пушкін паведаміў у лісьце да жонкі Яніны.

Яніна таксама паведаміла, што атрымала паперы, у якіх гаворыцца пра накладаньне арышту на дом у Бабры, у якім жыве сям'я Пушкіна і які належыць Пушкіну. Арышт робіцца на падставе пастановы сьледчага Ўпраўленьня ўнутраных спраў па Горадзенскай вобласьці.

Гэта ўжо 16-ты суд Пушкіна па адміністрацыйных справах за ўвесь час.

Таксама Алесю Пушкіну двойчы афіцыйна і настойліва прапанавалі самому напісаць заяву аб звальненьні зь «Белрэстаўрацыі».

«Я адмаўляюся, няхай звальняюць самі па якой заўгодна прычыне. Пакуль на 23 красавіка я яшчэ работнік, мастак-рэстаўратар „Белрэстаўрацыі“», — піша Алесь.

Алесь Пушкін піша, каб Яніна прыяжджала толькі на першы дзень суду і больш ня езьдзіла.

«Суд будзе доўгім і нудным. Перадачы не перадавайце, бо глупства жулікаў карміць, што са мною сядзяць, — піша Алесь Пушкін. — Усё трэба дзецям, бо цяжка будзе і за Марыльку плаціць штомесяц у ліцэі, і Міколка паступіць, вучыць яго».

Таксама Алесь піша, што ў канцы сьледзтва аддадуць забраныя рэчы: кампутар, тэлефоны Яніны і сына Міколы.

«Паводле сьледчага, суд будзе месяцаў празь пяць, — кажа Яніна. — Калі гэтую справу прычапілі да „польскай справы“, то гэта ж трэба „ізашчрыцца“, каб усё гэта зьвязаць».

У мінулую пятніцу да Алеся Пушкіна ў менскае СІЗА ўпершыню пусьцілі адваката.

«Яна сказала, што Алесю ў Менску спадабалася нават больш, чым у Горадні. Кажа, не хвалюйцеся».

Алесь Пушкін таксама даслаў асобныя лісты дзецям.

«Прыйшлі чатыры лісты, адзін дачцэ, другі сыну, трэці мне і адзін агульны. Таксама ў лістах Алесь дае „ЦУ“: двор касіць, туалет прыбіраць, дровы рыхтаваць», — кажа Яніна.

Яніна ўдзячная за салідарнасьць, якую выказваюць сям’і.

«Сябры, валянтэры адгукаюцца, усе праяўляюць салідарнасьць і мне дапамагаюць, зрабілі дастаўку харчоў. Тэлефануюць нават незнаёмыя людзі і пытаюцца, чым дапамагчы», — кажа Яніна Пушкіна.

Пушкін пагаліўся

Палітвязьня Алеся Пушкіна ўтрымліваюць у менскім СІЗА № 1 на Валадарскага.

Актывіст з Гомля Ільля Міронаў напісаў у фэйсбуку, што атрымаў ад Алеся Пушкіна малюнак з аўтапартрэтам. Ліст быў напісаны мастаком яшчэ ў гарадзенскім СІЗА. Паводле Алеся Пушкіна, калі ў яго зьявіліся вошы, то «давялося прыняць радыкальныя меры». З малюнка відаць, што мастак пагаліў галаву.

«Цяпер я ў спэцоўцы „Белрэстаўрацыя“, якую мне пасьпелі ўкінуць у міліцэйскую машыну пры арышце 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы, у палацы Булгака, дзе я працаваў», — піша Пушкін.

У чым вінавацяць Алеся Пушкіна

30 сакавіка мастака затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Цяпер яго ўтрымліваюць у горадзенскім ізалятары, ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры, «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні. Спачатку Алеся Пушкіна зьмясьцілі ў горадзенскі СІЗА, а потым перавялі ў Менск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG