Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы ліст ад Алеся Пушкіна сям’я атрымала амаль празь месяц, як палітвязень у турме. Жонка падазрае, што перапіску блякуюць


Алесь Пушкін падчас акцыі пратэсту ў Менску, 27 жніўня 2020

Чакаецца, што 28 красавіка мастака Алеся Пушкіна этапуюць з Горадні ў у СІЗА № 1 Менска. Жонка палітвязьня Яніна Пушкіна скардзіцца на блякаваньне перапіскі зь ім.

Паводле тэлеграм-каналу Belsat, горадзенскія сьледчыя перадалі крымінальную справу ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Імавернай прычынай пераводу называюць тое, што «справу Пушкіна» нібыта аб’яднаюць са «справай Саюзу палякаў».

Сябра мастакоўскай суполкі «Пагоня» Алесь Пушкін амаль месяц знаходзіцца за кратамі, з 30 сакавіка. На яго і кіраўніка горадзенскага Цэнтру гарадзкога жыцьця Паўла Мажэйку завялі крымінальную справу за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Нагодай стаў партрэт паваеннага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які мастак вывесіў на выставе. Мажэйку праз нейкі час выпусьцілі, а Пушкіна зьмясьцілі пад варту.

Дзецям Пушкіна не вярнулі кампутары і тэлефоны

Жонка мастака Яніна Пушкіна ў размове са Свабодай пацьвердзіла, што раней абаронцы казалі ёй пра хуткі перавод мужа ў СІЗА ў Менск, але не было пэўнасьці адносна даты.

Па яе словах, ёй і дзецям пакуль не вярнулі канфіскаваныя падчас ператрусу мабільныя тэлефоны і кампутарную тэхніку, хоць у апошнія дні прыйшлі некалькі лістоў з аддзелу прымусовага выкананьня Крупскага раёну.

Яніна слаба верыць у хуткае вызваленьне мужа, хоць сёлета ў сям’і чакаецца значная падзея — заканчвае школу сын Мікола. Выпускную вечарыну плянавалі загадзя, але цяпер давядзецца пляны карэктаваць.

Яніна перакананая ў моцы Алеся Пушкіна: «Гэта не яны яму судзілішча рыхтуюць, а ён ім», — мяркуе яна.

Яніна Пушкіна паведаміла, што за месяц атрымала з турмы толькі адзін ліст ад мужа — якраз напярэдадні. Таксама аднойчы дайшоў ад Алеся ліст да ягонай сястры і пляменьніцы. З размоваў з астатнімі сваякамі і валянтэрамі робіць выснову, што зь імі ліставаньне наўмысна блякуецца — пошта вяртаецца з пазнакай «адрасат не існуе». Яна падазрае, што і яе лісты не даходзяць да мужа, ёй лісты не вярталіся, але няма пэўнасьці, ці даходзілі, бо ў атрыманым лісьце Алесь піша, не прывязваючыся да яе лістоў, як быццам іх не было.

Пра тое, што ўсе допісы мужа праходзіць цэнзуру, сьведчаць закрэсьленыя «крамольныя» выразы.

«У тым лісьце пра свой побыт ён нічога не паведамляе — магчыма, каб дайшло хоць у выхалашчаным выглядзе. У асноўным інструкцыі нам па гаспадарцы — куды пайсьці, што зрабіць, — усьміхаецца Яніна. — Але неяк прапусьцілі, дзе піша, што стварылі цэлую камісію, каб фабракаваць ягоную справу. І ўсе гэтыя дармаеды будуць праядаць дзяржаўны бюджэт. Але колькасьць „камісараў“ замазана асадкай. Гэтак жа ў лісьце да сястры, дзе ён абураўся сытуацыяй у краіне, зафарбавалі слова „фашысты“. Хоць на сьвятло ўсё роўна прачытваецца».

Пушкіна і польскіх актывістаў прызналі палітвязьнямі

На перакананьне праваабаронцаў, справа Алеся Пушкіна мае палітычны характар і грунтуецца на ідэалягічным падмурку савецкай гістарыяграфіі. Праваабарончая супольнасьць прызнала творцу палітвязьнем.

У аналягічнай крымінальнай справе аб «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасьці і рэабілітацыі нацызму» праходзіць і група актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Падставай стала неафіцыйная імпрэза ў гонар «праклятых жаўнераў», якое сёлета прайшло ў Берасьці.

Пасьля гэтага Менск і Варшава ўзаемна выслалі дыпляматаў, а ў Берасьці і Горадні затрымалі заснавальнікаў асьветніцкай ініцыятывы «Польская школа» і польскіх актывістаў на чале з Анжалікай Борыс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG