Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зварот у падтрымку горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» падпісала амаль тысяча чалавек


Лявон Вольскі выступае ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні на адкрыцьці новага памяшканьня, верасень 2018
Лявон Вольскі выступае ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні на адкрыцьці новага памяшканьня, верасень 2018

Улады праз суд хочуць закрыць прыватную культурную пляцоўку «Цэнтар гарадзкога жыцьця» ў Горадні. Пад адкрытым зваротам у падтрымку «Цэнтру» пакінулі подпісы з імёнамі і прозьвішчамі больш як 997 чалавек.

Сярод падпісантаў навукоўцы, прадпрымальнікі, дзеячы культуры, айці-спэцыялісты, настаўнікі, лекары, інжынэры, людзі, што займаюць кіраўнічыя пасады, пэнсіянэры, студэнты, будаўнікі, грузчыкі, рамесьнікі, маці ў дэкрэце, барысты, журналісты. Зьвесткі падпісантаў апрацоўваюць уручную, таму яны зьяўляюцца на сайце не адразу.

12 траўня ў эканамічным судзе Горадні мае прайсьці паседжаньне, на якім «Цэнтар» могуць ліквідаваць. Пазоў у суд падаў пракурор Горадні Ўладзімер Клішын. Прэтэнзіі пракуратуры зьвязаныя з выставай Алеся Пушкіна, якая ладзілася ў «Цэнтры», нібыта яна мае дачыненьне да экстрэмізму.

«Я лічу гэтыя прэтэнзіі фантазіяй пракурора», — кажа дырэктар «Цэнтру гарадзкога жыцьця» Павал Мажэйка.

Ён мяркуе, што ў сёньняшніх грамадзка-палітычных умовах такія працэсы пачынаюць для таго, каб ня даць магчымасьці арганізацыі працаваць далей.

«Адносна таго, якім будзе вынік гэтага працэсу, я ілюзій ня маю... На жаданьне гарадзенцаў жыць у лепшай краіне такія рашэньні не паўплываюць», — мяркуе Павал Мажэйка.

Спэктакль у «Цэнтры» на фоне аўтазака ў верасьні 2020 году
Спэктакль у «Цэнтры» на фоне аўтазака ў верасьні 2020 году

Культурная пляцоўка «Цэнтар гарадзкога жыцьця» паўстала ў Горадні ў верасьні 2016 году. Там праводзілі прэзэнтацыі кніг, дыскусіі, выставы. За 4,5 года прайшлі сотні імпрэзаў. Сярод іх канцэрт Лявона Вольскага на адкрыцьці новага памяшканьня, кніжны фэстываль «Прадмова», гістарычныя канфэрэнцыі «Grodnae et orbi».

У 2019 годзе выстава фатаграфій самага прэстыжнага конкурсу фатографаў World Press Photo адкрылася толькі ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця», больш нідзе ў Беларусі яе ў тым годзе не было.

Апошнія 3 гады ў «Цэнтры» праходзілі бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова».

У 2020 годзе «Цэнтар» стаў месцам, дзе горадзенскія валянтэры ByCovid рабілі ахоўныя сродкі для мэдыкаў падчас эпідэміі каранавірусу.

Калі з горадзенскага драматычнага тэатру звольнілі 14 актораў за страйк, яны знайшлі пляцоўку для выступаў у «Цэнтры». Самым маштабным стаў спэктакль на фоне аўтазака ва ўнутраным дворыку «Цэнтру», які сабраў каля 400 гледачоў.

Сёлета ў сакавіку ў «Цэнтры» забаранілі паказ спэктакля, які асуджае фашызм. Пракуратура ўгледзела ў ім аналёгію зь цяперашняй сытуацыяй у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG