Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальлю Хершэ трымаюць у адзіночнай камэры, угаворваюць напісаць просьбу аб памілаваньні. Яе наведаў амбасадар

абноўлена

Суд над Натальляй Хершэ. Менск, 7 сьнежня 2020 году
Суд над Натальляй Хершэ. Менск, 7 сьнежня 2020 году

Палітзьняволеная Натальля Хершэ, асуджаная за сарваную зь сілавіка балаклаву, амаль два месяцы правяла ў штрафным ізалятары ў калёніі, дзе нават не выдаюць пасьцельную бялізну.

Так яе пакаралі за адмову шыць форму сілавікам і іншыя ўчынкі. Цяпер яе перавялі ў камэру, дзе яна сядзіць адна, і ўгаворваюць пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, піша «Наша Ніва».

Пасол Швайцарыі Клёд Альтэрмат наведаў Натальлю Хершэ ў гомельскай калёніі. «Сытуацыя з Хершэ застаецца няпростай, — напісаў амбасадар у Twitter. — Натальля сказала мне, што для яе вельмі важная падтрымка звонку, падзякавала і перадала прывітаньні ўсім!»

Цяпер Натальля Хершэ ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Гэта камэра з больш строгім рэжымам утрыманьня.

«Яе можна назваць мяккім карцарам. Там ёсьць ложак, стол, крэсла, пасьцель. Можна замаўляць кнігі зь бібліятэкі, дазволены паўгадзінныя шпацыры на паветры штодзень. У ПКТ Натальля адна. Яна кажа, што для яе гэта лепш, чым у атрадзе, бо можна не працаваць. Псыхалягічны стан у яе такі, што ёй хочацца пабыць адной, адпачыць. З словаў адваката, выглядае яна нядрэнна», — расказаў НН яе брат Генадзь.

Ужо больш як два месяцы ён не атрымлівае ад сястры ні лістоў, ні званкоў. Застаюцца толькі размовы праз адваката.

«Мае два лісты ёй не перадалі праз тое, што яны зьмяшчаюць „экстрэмісцкую рыторыку“. Я пісаў, што няма справядлівасьці ў краіне», — кажа Генадзь.

Цяпер Натальлі дазволена ліставаньне, але спатканьні забароненыя. У пакупках яе абмежавалі — у краме можна патраціць адну базавую велічыню ў месяц (29 рублёў).

«Дадаткова раз на месяц я магу замовіць для яе праз інтэрнэт-краму пладовую пасылку да 10 кг. Гэта апэльсіны, лімоны, яблыкі, памідоры і цыбуля. Натальля казала, што да яе тройчы прыходзілі з пытаньнем, ці будзе яна пісаць прашэньне аб памілаваньні. З розных установаў, у тым ліку з адміністрацыі калёніі. Яна адмовілася, бо лічыць, што пісаць прашэньне — значыць прызнаць сябе вінаватай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG