Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭН-цэнтар: За першае паўгодзьдзе ў Беларусі зафіксаваны 621 выпадак парушэньня культурных правоў і правоў дзеячаў культуры


У беларускім ПЭН-цэнтры, архіўнае фота

Грамадзкая арганізацыя Беларускі ПЭН-цэнтар апублікавала справаздачу па выніках маніторынгу парушэньняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячаў культуры за студзень–чэрвень 2021 году.

Па зьвестках ПЭН-цэнтру, за першае паўгодзьдзе сёлета зафіксаваны 621 выпадак парушэньня культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячаў культуры.

Колькасьць парушэньняў за студзень–чэрвень большая за аб’ём сытуацый, зафіксаваных за ўвесь 2020 год (593).

«Можна сьцьвярджаць, што ціск і рэпрэсіі, якія асабліва моцна праявіліся са жніўня 2020 году, пачынаючы з пэрыяду прэзыдэнцкай кампаніі, па-ранейшаму не слабеюць, набываюць новыя формы і закранаюць усё шырэйшае кола суб’ектаў культуры Беларусі», — гаворыцца ў справаздачы.

Праваабаронцы прыводзяць дынаміку зафіксаваных парушэньняў, пачынаючы з 2020 году: паводле дадзеных ПЭН-цэнтру, з агульнай колькасьці палітвязьняў (на гэты момант іх лічба складае 579 чалавек) 39 належаць да дзеячаў культуры.

Сярод іх:

  • пісьменьнік і грамадзка-палітычны дзеяч Павал Севярынец,
  • адвакат, паэт і аўтар-выканаўца песень Максім Знак;
  • мэцэнат Віктар Бабарыка;
  • паэт і рэжысэр Ігнат Сідорчык;
  • актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры Мікалай Дзядок;
  • літаратар і культуроляг Юлія Чарняўская;
  • аўтарка кнігі і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава);
  • паэт і сябра «Саюзу палякаў Беларусі» Андрэй Пачобут;
  • паэт, журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў;
  • музыкант і мэнэджар культурных праектаў Марыя Калесьнікава;
  • музыкант Ігар Банцэр;
  • мэнэджар культурных праектаў і бізнэсовец Аляксандар Васілевіч;
  • мэнэджар культуры Эдуард Бабарыка;
  • старшыня «Саюзу палякаў Беларусі» Анжаліка Борыс;
  • арт-дасьледчыца Ала Шарко;
  • мастак Алесь Пушкін;
  • актор Сяргей Волкаў;
  • паэтка і публіцыстка, студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот;
  • студэнткі факультэту эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько;
  • студэнтка факультэту экспазыцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік;
  • і іншыя.

За першае паўгодзьдзе 2021 году 24 дзеячы культуры, у дачыненьні якіх вядзецца крымінальны перасьлед, былі незаконна асуджаныя.

Сярод іх як тыя, каго прызналі палітвязьнямі, так і асобы бяз гэтага статусу. 13 дзеячаў культуры асудзілі на тэрмін ад 2 да 8 гадоў калёніі (7 чалавек — калёніі ўзмоцненага рэжыму), 9 чалавек — на 1,5–3 гады «хіміі», 2 — на 1-2 гады «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

«Характэрная асаблівасьць другой паловы паўгодзьдзя палягае ў тым, што дзеячы культуры, якія былі асуджаныя на „хімію“ і адпушчаныя пасьля абвяшчэньня прысуду на некаторы час дадому, у чэрвені сталі атрымліваць накіраваньні для адбыцьця пакараньня ва ўстановах адкрытага тыпу», — зазначылі праваабаронцы.

Таксама ПЭН-цэнтар зьвярнуў увагу на ўмовы ўтрыманьня ў закрытых установах:

«У дадзены пэрыяд мы вылучаем 44 сытуацыі з апісаньнем або згадваньнем тых умоў, у якіх знаходзяцца зьняволеныя. Гэта толькі тыя факты, што дайшлі да нас празь СМІ, праз публікацыі сваякоў. Мы разумеем, што існыя абмежаваныя крыніцы інфармацыі, цяжкасьць, а часта адсутнасьць ліставаньня са зьняволенымі, жорсткія рамкі турэмнай цэнзуры не даюць нам магчымасьці заяўляць аб паўнаце інфармацыі, але нават па наяўных фактах мы сьцьвярджаем пра тое, што ўмовы ўтрыманьня ў дачыненьні „палітычных“ зьняволеных уяўляюць сабой як мінімум жорсткае і прыніжальнае для годнасьці абыходжаньне, а ў шэрагу выпадкаў маюць прыкметы катаваньняў».

У сьпісе найбольш часта парушаных правоў у дачыненьні да дзеячаў культуры і асоб, якія рэалізоўвалі свае культурныя правы, згаданыя сытуацыі адвольнага затрыманьня, крымінальнага перасьледу, незаконнага асуджэньня і некаторыя іншыя.

«Іншадумства (погляды, адрозныя ад тых, што трансьлююць прадстаўнікі дзяржаўнай улады) — галоўная нагода пачаць перасьлед чалавека», — адзначаюць у ПЭН-цэнтры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG