Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На літоўскай мяжы затрымалі яшчэ 57 нелегальных мігрантаў зь Беларусі, на польскай — 46


Літоўскія вайскоўцы ставяць агароджу на мяжы зь Беларусьсю.

Усе мігранты, затрыманыя польскімі памежнікамі 13 ліпеня, — грамадзяне Аўганістану, паведамляе памежная служба Польшчы.

«Раніцай 13 ліпеня памежны патруль выявіў на памежнай паласе сьляды групы людзей, якія перасеклі мяжу зь Беларусі ў Польшчу. Затрымалі 46 іншаземцаў — 31 мужчыну, 4 жанчыны і 11 дзяцей. Усе яны грамадзяне Аўганістану. Іншземцы пераходзілі зялёную мяжу пешшу. На рашэньне суду яны будуць зьмешчаныя ў ахоўныя цэнтры для іншаземцаў, — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Тым часам мігранты з Беларусі працягваюць перасякаць літоўскую мяжу. Нягледзячы на тое, што ў аўторак літоўскія памежнікі зафіксавалі мінімальны паток мігрантаў (у той дзень затрымалі 22 асобы, што стала самым нізкім паказчыкам у ліпені. — РС), на наступны дзень лічба зноў павялічылася да 57 нелегальных мігрантаў. Сярод затрыманых — мігранты, якія прадставіліся грамадзянамі РФ з Чачні і Дагестану, грамадзянамі Аўганістану і Індыі, паведамляе Памежная служба Літвы.

Усяго з пачатку году на мяжы з Беларусьсю літоўскія памежнікі затрымалі 1 795 мігрантаў.

Гэта ў 22 разы болей, чым за ўвесь папярэдні год. Сярод агульнай лічбы затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 854 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 198 грамадзян Конга, 121 — Камэруну, 78 — Гвінэі, 70 — Ірану ды іншых краін.

Літва ў сувязі з наплывам мігрантаў значна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю. Паводле начальніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы генэрала Рустамаса Любаеваса, мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца ў зоне адказнасьці 17 памежных застаў з 550 памежнікамі.

9 ліпеня Літва пачала будаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.

Паводле кіраўніка літоўскага замежнапалітычнага ведамства Габрыелюса Ландсбергіса, цяпер Эўразьвяз разглядае магчымасьць скасаваньня шэнгенскага візавага рэжыму для Іраку, аднак гэта не зьвязана зь цяперашнім крызісам, рашэньне «даўно насьпявала».

Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу наўпрост датычныя беларускія ўлады. На гэта ў Менску і не пярэчаць, спасылаючыся на вымушанае скарачэньне выдаткаў на ахову мяжы ў зьвязку з заходнімі санкцыямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG