Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Польшчы: Эўразьвяз адрэагуе на распальваньне Беларусьсю міграцыйнага крызісу


Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў (справа) з вугорскім калегам Пэтэрам Шыяртам, чэрвень 2021 году

Праблема спрашчэньня ўвозу мігрантаў на тэрыторыю ЭЗ беларускімі ўладамі была адной з тэмаў учорашняй сустрэчы ў Брусэлі кіраўнікоў дыпляматыі краін Эўразьвязу.

Эўрапейскі Зьвяз адрэагуе на распальваньне Беларусьсю міграцыйнага крызісу, пра гэта заявіў міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў у інтэрвію Польскаму радыё. Ён прызнаў, што магчымыя далейшыя санкцыі супраць рэжыму ў Менску.

Міністар Раў сказаў, што Літва знаходзіцца пад моцным ціскам, у Польшчы таксама ёсьць праблемы, хоць і ў значна меншым маштабе.

«Немагчыма, каб гэтая атака на цэласнасьць межаў Эўрапейскага Зьвязу засталася без эўрапейскага адказу. Ніхто ня ставіў пад сумнеў абгрунтаванасьць такога рашэньня ў будучыні», — падкрэсьліў міністар Раў.

Кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што акцыя па незаконным перакідваньні мігрантаў на тэрыторыю ЭЗ была выразна арганізаваная і падтрыманая беларускай дзяржавай.

«Гэта падобна да добра арганізаванага турыстычнага мерапрыемства. У розных гарадах сьвету гэтыя замежнікі плацяць пэўныя сумы грошай. Пазьней іх разьмяшчаюць дзе-небудзь у навакольлі Менску, а затым, на аснове добрых паслуг, прадстаўнікі беларускіх уладаў нават суправаджаюць гэтых камэрцыйных турыстаў да мяжы, паказваючы ім мяжу, часьцей за ўсё літоўскую, а таксама паведамляюць, як яе перасекчы максымальна эфэктыўна», — сказаў Зьбігнеў Раў.

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла 12 ліпеня ў Эўрапарлямэнце, што міграцыя — частка гібрыднай вайны, якую вядзе менскі рэжым. Яна паказала доказы арганізацыі акцыі і дакумэнты, якія тычацца прыбыцьця, выдадзеныя адным зь беларускіх ведамстваў, зьвязаным з Аляксандрам Лукашэнкам. Яна расказала таксама пра рэгулярныя рэйсы з Турэччыны і Іраку ў Менск з сотнямі мігрантаў на борце зь білетамі ў адзін бок.

Па зьвестках памежнай службы Літвы, ад пачатку 2021 году па 13 ліпеня ўсяго літоўскія памежнікі затрымалі 1716 асобаў, якія нелегальна прыбылі празь Беларусь. Сярод затрыманых 835 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 198 грамадзян Конга, 121 — Камэруну, 78 — Гвінэі, 68 — Ірану, і г.д.

Літва ў сувязі з наплывам мігрантаў значна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю.

Паводле начальніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы генэрала Рустамаса Любаеваса, мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца ў зоне адказнасьці 17 памежных застаў з 550 памежнікамі.

9 ліпеня Літва пачала будаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG