Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы накіраваўся ў Анкару і Багдад на перамовы аб мігрантах, якія едуць празь Беларусь


Чарговая партыя мігрантаў з боку Беларусі

Кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства Габрыелюс Ландсбергіс зробіць візыты ў турэцкую і ірацкую сталіцы, каб абмеркаваць спыненьне незаконных міграцыйных плыняў з боку Беларусі і вяртаньня людзей у свае краіны.

«Я саджуся ў самалёт, лячу ў Анкару, адтуль у Багдад, і асноўныя праблемы ў абедзвюх сталіцах палягаюць у перамовах аб скарачэньні руху і вяртаньні мігрантаў, асабліва ў Ірак», —сказаў Габрыелюс Ландсбергіс журналістам у літоўскім Сэйме.

Пры гэтым ён дадаў, што да дэлегацыі таксама могуць далучыцца прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу.

«Я размаўляў пра гэта з кіраўнікамі эўрапейскіх інстытутаў і іншых краін. Ня выключана, што іх прадстаўнікі далучацца да нашых сустрэч у абедзьвюх сталіцах, бо гэта ня толькі праблема Літвы, а і ўсяго Эўразьвязу, — зазначыў міністар. — Астатнія краіны, асабліва тыя, куды мігранты маюць намер уцякаць, сыходзяцца ў думцы, што павінны быць вельмі выразныя мэханізмы вяртаньня, таму дзеля гэтага трэба працаваць сумесна».

Паводле Габрыелюса Ландсбергіса, цяпер Эўразьвяз разглядае магчымасьць скасаваньня шэнгенскага візавага рэжыму для Іраку, аднак гэта не зьвязана зь цяперашнім крызісам, рашэньне «даўно насьпявала».

Ад пачатку году літоўскія службы затрымалі на мяжы зь Беларусьсю 1716 мігрантаў — як мінімум у 20 разоў больш, чым летась. Бальшыня паходзяць з краін Блізкага Усходу і Афрыкі.

Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу наўпрост датычныя беларускія ўлады. На гэта ў Менску і не пярэчаць, спасылаючыся на вымушанае скарачэньне выдаткаў на ахову мяжы ў зьвязку з заходнімі санкцыямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG