Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 56 мігрантаў зь Беларусі затрымалі ў Літве. Вільня прапанавала Эўразьвязу тры варыянты санкцый супраць Лукашэнкі


На мяжы зь Беларусьсю літоўцы будуюць агароджу.
На мяжы зь Беларусьсю літоўцы будуюць агароджу.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс прапанаваў Эўразьвязу разгледзець тры магчымыя варыянты санкцый супраць уладаў Беларусі з прычыны сытуацыі зь мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы.

  • увесьці пяты пакет санкцыяў, які б датычыўся асоб і прадпрыемстваў;
  • пашырыць сэктаральныя санкцыі;
  • ужыць санкцыі да канкрэтных кампаніяў, якія займаюцца арганізацыяй перакідваньня нелегальных мігрантаў.

Так міністар пракамэнтаваў агенцтву BNS вынікі абмеркаваньня праблем міграцыі на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін – сяброў ЭЗ.

Ён ня стаў называць канкрэтных кампаній, заявіўшы, што ў яго няма дакладнай інфармацыі.

«Ёсьць авіякампаніі, турыстычныя агенцтвы, транспартныя агенцтвы. Гэта значыць, іх можна вызначыць, яны ідэнтыфікаваныя, у іх ёсьць нумары рахункаў, яны плацяць заробак, Эўрапейскі Зьвяз пасьля дбайнага расьсьледаваньня можа накласьці санкцыі на гэтыя кампаніі за іх дзейнасьць», — патлумачыў сваю думку міністар.

Міністар абароны краіны Арвідас Анушаўскас паведаміў, што Літва вызначыла выканаўцаў і арганізатараў патоку нелегальных мігрантаў зь Беларусі. Паводле яго, мігранты атрымліваюць у Беларусі інструкцыі пра тое, як зьнішчаць дакумэнты, як паводзіць сябе на допытах і як адказваць.

Анушаўскас лічыць, што санкцыі могуць быць прынятымі і супраць тых замежных авіякампаній, якіх уцягнулі ў сытуацыю.

За мінулы дзень у Літве затрымалі яшчэ 56 мігрантаў зь Беларусі

Пра гэта паведаміла літоўская памежная служба. Усяго з пачатку 2021 года на літоўскай мяжы затрымалі 1 716 мігрантаў, паведамляе Памежная служба Літвы. Гэта ў 22 разы болей, чым за ўвесь папярэдні год.

Паводле памежнай службы Літвы, з 1 716 затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 835 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 198 грамадзян Конга, 121 – Камэруну, 78 – Гвінэі, 68 – Ірану і іншых краін.

  • Большая частка затрыманых імкнецца трапіць у краіны Заходняй Эўропы празь Літву.
  • Літва значна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з наплывам мігрантаў.
  • Цяпер літоўскім памежнікам дапамагаюць ахоўваць мяжу сябры Зьвязу стралкоў Літвы, а таксама супрацоўнікі сыстэмы ўнутраных спраў.
  • Паводле начальніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы генэрала Рустамаса Любаеваса, мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца ў зоне адказнасьці 17 памежных застаў з 550 памежнікамі.
  • У мінулую пятніцу 9 ліпеня Літва пачала будаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.
  • Сёлета колькасьць нерэгулярных мігрантаў, якія прыбываюць у Літву празь Беларусь, перасягнула 1600 чалавек. Гэта ў 22 разы больш, чым летась.
  • Эўрапейская камісія выказала гатовасьць падтрымаць Літву сродкамі ў памеры 10 мільёнаў эўра.
  • Агенцтва бясьпекі вонкавых межаў Эўрапейскага Зьвязу Frontex накіроўвае ў Літву дадатковую групу супрацоўнікаў, патрульных машын і экспэртаў.
  • У чэрвені і ліпені Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам санкцый Беларусь ня будзе абараняць Эўропу ад нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і кантрабанды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG