Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне за кантрабанду тытуню і нафтапрадуктаў будуць караць пазбаўленьнем волі


Кантрабанда беларускіх цыгарэтаў
Кантрабанда беларускіх цыгарэтаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў Крымінальны і Крымінальны працэсуальны кодэксы, якія ўводзяць крымінальную адказнасьць за кантрабанду падакцызных тавараў.

Адпаведны законапраект дэпутаты ўхвалілі на пазачарговым пасяджэньні парлямэнту, скліканым з ініцыятывы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Згодна з новымі нормамі, дзеяньні, скіраваныя на перамяшчэньне падакцызных тавараў у значным аб’ёме па-за мытным кантролем або са спробамі схавацца ад яго, будуць карацца штрафам ад 340 да 680 тысяч грыўняў (на сёньня ад 12 да 24 тысяч даляраў) або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да шасьці гадоў.

У выпадку, калі будзе даведзена, што кантрабанду ажыцьцяўляла асоба, якая ўжо прыцягвалася за аналягічнае правапарушэньне, або службовая асоба ці ў складзе арганізаванай групы, адказнасьць будзе больш жорсткая — штраф у памеры ад 1,275 да 2,04 мільёна грыўняў (ад 46 да 74 тысяч даляраў у эквіваленце) або да 11 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Пры гэтым «значныя аб’ёмы» кантрабанды будуць пачынацца ад 850 грыўняў (30 даляраў у эквіваленце) вартасьці тавараў, а «вялікія» — ад 6,8 тысячы грыўняў (на сёньня 247 даляраў у эквіваленце).

Адначасова ўводзяцца і больш жорсткія санкцыі за непраўдзівае дэкляраваньне тавару пры грузаперавозках.

Згодна з украінскім заканадаўствам, у пералік падакцызных тавараў уваходзяць сьпірт этылевы, сьпіртавыя дыстыляты, алькаголь, піва, тытунёвыя вырабы, нафтапрадукты, звадкаваны газ, легкавыя аўтамабілі, прычэпы і матацыклы.

Цяпер закон павінен падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Новыя нормы набудуць юрыдычную моц на наступны дзень пасьля іх публікацыі.

Крымінальную адказнасьць за кантрабанду ва Ўкраіне скасавалі ў 2012 годзе. Дагэтуль усе спробы незаконнага перамяшчэньня тавараў караліся штрафам і канфіскацыяй транспартнага сродку (у выпадках вялікіх аб’ёмаў кантрабанды).

Сёлета ў траўні дырэктар дэпартамэнту аховы дзяржаўнай мяжы адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Леанід Баран заявіў, што летась беларускі тытунь заняў першае месца ў «кантрабандным рэйтынгу», а з пачатку 2021-га колькасьць спробаў незаконнага перамяшчэньня цыгарэт з боку Беларусі ва Ўкраіну павялічылася ў чатыры разы, прычым ня столькі празь «зялёны» калідор, колькі праз «чырвоны» — іх увозілі, прыхаваўшы ў вялікіх грузавіках, празь дзейныя пункты пропуску.

Служба бясьпекі Ўкраіны ў траўні 2021 году заявіла пра раскрыцьцё маштабнай схемы кантрабанды нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі. Паліва пастаўлялі некалькім камэрцыйным структурам, пазьбягаючы сплаты мытных плацяжоў і збораў шляхам штучнага заніжэньня ўтрыманьня мэтылевага сьпірту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG