Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне раскрылі маштабную схему кантрабанды нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі


Нафтаздабыўная вытворчасьць у Рэчыцы. Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла пра раскрыцьцё маштабнай схемы кантрабанды нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі.

Паводле СБУ, паліва пастаўлялі некалькім камэрцыйным структурам, пазьбягаючы аплаты мытных плацяжоў і збораў шляхам штучнага заніжэньня ўтрыманьня мэтылавага сьпірту.

Сьледчыя сьцьвярджаюць, што цягам 2020–2021 гадоў ва Ўкраіну такім чынам завезьлі паліва больш як на 100 мільёнаў грыўняў (больш як 3 мільёны даляраў у эквіваленце).

Пасьля ўвозу нафтапрадукты на тэрыторыі Ўкраіны перапрацоўваліся на нелегальных мінізаводах у сурагатныя гаруча-змазачныя матэрыялы і прадаваліся за наяўныя грошы без афармленьня бухгальтарскіх дакумэнтаў.

У часе вобшукаў, якія правялі адразу ў трох абласьцях — Чарнігаўскай, Кіеўскай і Луганскай — канфіскавалі пячаткі 300 фіктыўных прадпрыемстваў, іхную дакумэнтацыю, абсталяваньне для апрацоўкі нафтапрадуктаў, а таксама больш як тысячу тон мэтылавага сьпірту і іншых хімічных дабавак.

Адзін з вобшукаў сёньня правялі ў будынку, дзе жыве мэр Кіева Віталь Клічко. Першапачаткова ўкраінскія СМІ пісалі, што сьледчыя дзеяньні адбываюцца ў кватэры кіеўскага мэра, але Служба бясьпекі Ўкраіны зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG