Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Туркмэністану Бердымухамедаў павысіў свайго сына да віцэ-прэм’ера


Гурбангулы Бердымухамедаў і ягоны сын Сердар
Гурбангулы Бердымухамедаў і ягоны сын Сердар

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў прызначыў свайго сына Сердара на пасаду віцэ-прэм’ера ў эканамічных і банкаўскіх пытаньнях, а таксама ў працы зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.

Пра гэтае рашэньне кіраўнік дзяржавы абвясьціў на пашыраным пасяджэньні кабінэту міністраў, паведамляюць туркмэнскія дзяржаўныя СМІ.

Для Бердымухамедава-малодшага гэта павышэньне: раней ён займаў пасады старшыні Найвышэйшай кантрольнай палаты і быў чальцом Дзяржаўнай рады бясьпекі.

Як мяркуе туркмэнская служба Радыё Свабода, чарговае значнае прасоўваньне 39-гадовага Сердара па кар’ернай лесьвіцы, пэўна, зьвязана з тым, што прэзыдэнт рыхтуе яго да ролі свайго наступніка. У лютым сын Бердымухамедава заняў пасаду старшыні Найвышэйшай кантрольнай палаты Туркмэністану, а таксама спэцыяльна створаную дадатковую пасаду віцэ-прэм’ера ў пытаньнях інавацыяў і дыгіталізацыі. Тады ён быў таксама ўключаны ў склад Дзяржаўнай рады бясьпекі.

Пасьля лютаўскага прызначэньня Сердар Бердымухамедаў прыкметна павысіў свой публічны статус. Ён пачаў узначальваць урадавыя дэлегацыі ў замежных паездках, а яго паездкі па рэгіёнах краіны сталі падобныя на візыты кіраўніка дзяржавы. У красавіку 2021 году Сердар стаў галоўнай дзейнай асобай на сьвяткаваньні Дня ахалтэкінскага скакуна і прымаў падарункі ад імя свайго бацькі-прэыдэнта.

Палітычная кар’ера сына прэзыдэнта Туркмэністану Сердара Бердымухамедава пачалася ў канцы 2016 году, калі ён быў абраны ў парлямэнт Туркмэністану па выніках дадатковых выбараў 20 лістапада 2016 году. З тых часоў грамадзка-палітычная актыўнасьць Сердара Бердымухамедава прыкметна ўзрасла.

У афіцыйных публікацыях сына прэзыдэнта Туркмэністану называлі «сынам народу», а яго публічныя зьяўленьні разам з бацькам — «сымбалем пераемнасьці пакаленьняў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG