Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Туркмэністану прызначыў сына намесьнікам міністра замежных спраў краіны


Сэрдар Бэрдымухамэдаў (зьлева) на сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым
Сэрдар Бэрдымухамэдаў (зьлева) на сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым

Прэзыдэнт Туркменістану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў прызначыў свайго сына Сэрдара намесьнікам міністра замежных спраў Туркменістану. Пастанова аб гэтым разьмешчаная на афіцыйным сайце ўраду Туркмэністану, паведамляе «Настоящее время».

36-гадовы Сэрдар ужо зьяўляецца дэпутатам і кіраўніком камітэту па заканадаўстве парлямэнту (ён узначаліў яго ўжо праз тры месяцы пасьля таго, як стаў дэпутатам). Да гэтага ў ліпені 2015 году сын прэзыдэнта Туркмэністану адмысловай пастановай атрымаў прызначэньне ў структуры МЗС краіны і абараніў доктарскую дысэртацыю.

Увесну і ўлетку 2017 году ён зьдзейсьніў шэраг афіцыйных замежных візытаў і правёў некалькі сустрэч з высокапастаўленымі асобамі, у тым ліку ў Расеі і Казахстане. Экспэрты адзначаюць, што ён усё часьцей удзельнічае ў публічных мерапрыемствах разам з бацькам, а ў афіцыйных публікацыях яго называюць «сынам народа» і адзначаюць ягоны ўнёсак у разьвіцьцё краіны, у прыватнасьці ў галіне фізкультурнага руху і спорту. Усё гэта дае замежным палітолягам падставу меркаваць, што менавіта Сердар стане пераемнікам цяперашняга прэзыдэнта Туркмэністану.

Аднак перадача ўлады можа адбыцца ня хутка: у верасьні 2016 году Бэрдымухамэдаў атрымаў права на пажыцьцёвае прэзыдэнцтва і дзеля яго было адменена абмежаваньне на ўзрост кіраўніка дзяржавы ў 70 гадоў.

Сын прэзыдэнта Таджыкістану таксама ўжо цяпер можа стаць пераемнікам свайго бацькі: нядаўна парлямэнт Таджыкістану ўхваліў закон, які зьніжае ўзроставы цэнз для кандыдатаў у прэзыдэнты з 35 да 30 гадоў. У 2018 годзе Рустаму Эмамалі споўніцца 31 год, перад гэтым яго прызначылі генэралам і мэрам Душанбэ. Ён стаў самым маладым мэрам сталіцы ў краінах СНД.

А прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у 2017 годзе прызначыў віцэ-прэзыдэнтам краіны сваю жонку Мэхрыбан Аліеву. У выпадку, калі прэзыдэнт будзе ня ў стане выконваць свае абавязкі, менавіта да яе, а не да прэм’ер-міністра, якога прызначае парлямэнт, пяройдуць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG