Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане старэйшых за 40 гадоў чыноўнікаў абавязалі стаць сівымі, як прэзыдэнт


Фотаздымкі прэзыдэнта Туркмэністану 2017 і 2019 гадоў.

Мужчын-чыноўнікаў Лебапскага рэгіёну на ўсходзе Туркмэністану, старэйшых за 40 гадоў, абавязалі хадзіць зь сівымі валасамі, паведамляе карэспандэнт туркмэнскай службы Радыё Свабода. Такім чынам дзяржаўныя службоўцы павінны прыпадобніцца прэзыдэнту краіны Гурбангулы Бердымухамедаву, які стаў зьяўляцца на публіцы зь сівізной у жніўні 2018 году.

З 1 лютага чыноўнікам, супрацоўнікам школ і шпіталёў забаронена падфарбоўваць валасы, — паведамляе туркмэнская служба Свабоды. — Тым, у каго захаваўся натуральны колер валасоў, трэба падфарбаваць іх у сівізну. У выпадку, калі прэзыдэнт наведае рэгіён зь візытам, дапускацца да яго будуць у асноўным сівыя чыноўнікі, — перадае служба са спасылкай на дзьве крыніцы.

У студзені 2019 году дзяржаўныя ўстановы Туркмэністану, у тым ліку школы, абавязалі закупіць новыя партрэты Бердымухамедава. На іх ён — зь сівізной, у той час як раней на афіцыйных партрэтах кіраўнік дзяржавы быў з чорнымі валасамі. Да атрыманьня гэтай пасады ў 2007 годзе ён таксама хадзіў зь сівізной. Пакуль ён яе хаваў, кіраўніцтва патрабавала ад лебапскіх бюджэтнікаў рабіць гэтак жа, — перадае туркмэнская служба Свабоды, адзначыўшы, што не змагла атрымаць афіцыйныя камэнтары на гэтую тэму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG