Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі піша лісты, Дар’я Лосік дзяжурыць каля будынку. Як ідзе суд у гомельскім СІЗА


Гомель. Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — стаяць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі.

У Гомельскім СІЗА-3 працягваецца судовы працэс па справе Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Уладзімера Цыгановіча і Дзьмітрыя Папова.

Усе яны былі затрыманыя ў траўні-чэрвені 2020 году і абвінавачаныя па шэрагу крымінальных артыкулаў, такіх як «масавыя беспарадкі», «перашкода працы ЦВК», «распальваньне сацыяльнай варожасьці».

Суд праходзіць у закрытым рэжыме ў памяшканьні СІЗА, трапіць на паседжаньне змаглі толькі адвакаты абвінавачаных.

«Ігар адчувае сябе больш бадзёра»

Жонка палітвязьня, кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка Дар’я па-ранейшаму кожны дзень прыходзіць пад будынак СІЗА-3, дзе судзяць яе мужа. Дар’я расказала пра апошнія дні свайго «дзяжурства».

«Пра суд я па-ранейшаму нічога ня ведаю, на жаль, — кажа Дар’я. — Сам Ігар больш-менш у норме, трымаецца. Перадачу яму адвезла сёньня. Перадачы бяруць, у прынцыпе, без праблем. Учора я Ігару садавіну перадавала, сёньня рэчы, сродкі гігіены. У мяне тут на маёй чорнай лавачцы ўсё спакойна, нічога непрыемнага не адбываецца. Я пад аховай па-ранейшаму».

На стаянку каля СІЗА Дар’ю Лосік не пускаюць з аўтамабілем. Там стаіць адмысловы пост ДАІ, які сочыць, каб жонка палітвязьня не магла заехаць. Пры гэтым аўтамабілі іншых людзей праяжджаюць свабодна. У тым ліку тых, хто прывёз перадачы для арыштантаў. Дар’я мусіць сваю машыну паркаваць у іншым месцы. «Ахова» да яе больш не падыходзіць, спробаў затрымаць яе больш не было.

«Іх тут увесь час столькі ж, колькі ад самага пачатку (каля дзясятка чалавек. — РС), — кажа Дар’я Лосік. — Яны знаходзяцца ля СІЗА ўвесь час. Сэнсу ў гэтым асаблівага ня бачу, тут нічога не адбываецца. Але сядзяць. Мяне не напружваюць, у прынцыпе».

На стан здароўя Ігар ня скардзіўся. Па словах Дар’і, яго псыхалягічны стан цяпер палепшыўся, Ігар адчувае сябе больш бадзёра, чым на пачатку тыдня.

«Колькі гэта ўсё будзе працягвацца, як доўга будзе ісьці суд, сказаць цяжка, — дадае Дар’я. — Мая асабістая думка, што гэта ўсё скончыцца яшчэ ня хутка. Мяркуючы па тым, што Ігар расказваў пра аб’ём матэрыялаў у справе».

Сяргей Ціханоўскі з турмы: «Цэнзура, будзьце людзьмі, дзе аркушы?!»

Сяргей Ціханоўскі ў лісьце ад 7 ліпеня піша, што «ў СІЗА ўсё спакойна». На суды іх водзяць на два паверхі вышэй, чым іхнія камэры. На тым жа паверсе сядзіць і праваабаронца Леанід Судаленка. У мінулым лісьце Ціханоўскі пісаў пра свой «фарт», калі ня ён езьдзіць у суд, а суд — да яго ў СІЗА.

Зь ліста Сяргея Ціханоўскага ад 7 ліпеня
Зь ліста Сяргея Ціханоўскага ад 7 ліпеня

«Прагулкі ў нас штодзень, па гадзіне. Мой жарт пра фарт ужо гуляе ў інтэрнэце. Увогуле нас ня крыўдзяць. Усё паводле статуту. А ў іншых месцах хлопцаў білі. Слухаем тры гомельскія радыё тут, так што замаўляйце віншаваньні :) І ў „Гомельскай праўдзе“ — віншаваньні з днём нараджэньня :) Яны там публікуюць, але па купонах. Цікава ўбачыць, як яны адмовяць», — піша палітзьняволены.

Ён перадае прывітаньне ўсім, «хто мяне памятае». «Кажуць, што на волі ўжо лічаць, што Бабарыка людзей падняў. Прапаганда ўсё перакручвае. Бачу вежу фабрыкі („8 сакавіка“. — РС). Там у мяне раней была крама. ...Я атрымаў толькі адзін ліст без канцоўкі. Цэнзура, будзьце людзьмі! Дзе аркушы?!», — скончыў ліст Ціханоўскі.

Сярод фігурантаў гэтай справы таксама блогер Уладзімер Цыгановіч. Ягоная жонка Натальля Цыгановіч сказала, што нічога ня ведае пра справу і суд. «Лісты даходзяць ад яго, але там ні слова пра справу і суд», — кажа яна.

Працэс па справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і шэрагу іншых палітвязьняў адновіцца ў аўторак 13 ліпеня. У панядзелак на судзе будзе перапынак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG