Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Асацыяцыі футбалістаў Беларусі вымушана пакінуў краіну


Ілюстрацыя на тэму футболу
Ілюстрацыя на тэму футболу

Аляксандар Сьвярчынскі выехаў зь Беларусі не праз аэрапорт, бо заўважыў за сабой «хвост». Ён абацае змагацца з перасьледам футбалістаў за грамадзянскую пазыцыю і з тэрыторыі Літвы.

Аляксандар Сьвярчынскі, які правёў асноўную частку футбольнай кар’еры на радзіме ў клюбе «Мінск», таксама выступаў за менскае «Дынама», у Славаччыне за «Зэмплін» і ў Армэніі за «Гандзасар». Пасьля заканчэньня выступленьняў у 2019 годзе застаўся ў футболе і заснаваў Асацыяцыю футбалістаў Беларусі (АФБ) — незалежны прафсаюз дзеля абароны правоў футбалістаў.

АФБ двойчы атрымлівала адмову ў рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі, аднак у арганізацыю ўсё адно ўступілі звыш 280 футбалістаў дзьвюх наймацнейшых ліг Беларусі. Прафсаюз, нават ня маючы афіцыйнай рэгістрацыі, дапамог футбалістам рэчыцкага «Спадарожніка» і горадзенскага «Нёмана» адсудзіць грошы па сваіх кантрактах, паведамляе Tribuna.

Кіраўнік прафсаюзу плянаваў паляцець за мяжу ў сваіх справах, аднак у менскім аэрапорце заўважыў за сабой сачэньне — як мінімум два чалавекі нязьменна хадзілі за ім, назіраючы за ўсімі крокамі. Сьвярчынскаму ўдалося схавацца ад незнаёмцаў, аднак ён зразумеў, што шляху праз аэрапорт у яго больш няма, а пакідаць краіну давядзецца. У выніку выехаў зь Беларусі іншым шляхам, які не раскрывае.

Зараз Сьвярчынскі працуе ў ІТ-кампаніі, якая пераехала зь Менску ў Вільню, таму Аляксандар адправіўся менавіта ў гэты горад. Там жа ён і абяцае працяг дзейнасьці АФБ.

Задумацца пра пераезд кіраўніка прафсаюзу футбалістаў змусіў арышт Аляксандра Івуліна, якога сілавікі зрабілі падазраваным у крымінальнай справе. Хаця першыя думкі пра пераезд, як прызнаўся Сьвярчынскі, зьявіліся яшчэ ў час, калі сілавікі завялі справы на дзеячоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна. Таксама Сьвярчынскі нагадаў пра тое, што ў турме ў крымінальнай справе знаходзіцца і прафэсійны футбаліст Расьціслаў Шавель.

Сусьветная асацыяцыя гульцоў, калі даведалася пра адмову АФБ у рэгістрацыі, напісала ў FIFPro (Міжнародную фэдэрацыю асацыяцый прафэсійных футбалістаў) аб тым, што на кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці заводзяць крымінальныя справы, а ў дзяржаве адбываецца прававое бязьмежжа.

«У FIFPro прынялі гэтую заяву, убачылі наша паведамленьне аб чарговай адмове ў рэгістрацыі ў Беларусі. Зьвязаліся з намі, я распавёў пра тое, што адбываецца. У людзей проста валасы ўставалі дыба ад расказаў. Потым мы адаслалі дадзеныя па кожным футбалісьце, які так ці інакш пацярпеў за сваю грамадзянскую пазыцыю, і нам сказалі, што могуць дапамагчы. Але дзеля гэтага прафсаюз футбалістаў павінен прайсьці рэгістрацыю».

Цяпер Аляксандар Сьвярчынскі з калегамі плянуюць зарэгістраваць АФБ у Літве. Сам ён актыўна дае інтэрвію замежным СМІ па сытуацыі з рэпрэсіямі ў беларускім футболе.

Адзначаючы чынны ўдзел FIFPro, Сьвярчынскі пры гэтым ня раіць зьвяртацца ў найбуйнейшыя міжнародныя футбольныя арганізацыі — ФІФА (сусьветную) і УЭФА (эўрапейскую). Паводле беларуса, у свой час менавіта FIFPro, а не яны, дапамагла аднаму з гульцоў зборнай Бахрэйну зьехаць у Аўстралію, калі на радзіме патрабавалі яго выдачы за ўдзел у антыўрадавых мітынгах. Раней ФІФА і УЭФА ніяк не прарэагавалі на дасланыя ім факты перасьледу за грамадзянскую пазыцыю беларускіх футбалістаў мужчынскага і жаночага чэмпіянатаў.

Паводле словаў Сьвярчынскага, цяперашнія ўлады «забілі эканоміку і эмоцыі» ў айчынным футболе, падрыхтоўка юных гульцоў не ідзе так, як патрэбна. Пры знаходжаньні ва ўладзе Лукашэнкі і яго паплечнікаў, на думку кіраўніка АФБ, беларускі футбол чакае «поўная дэградацыя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG