Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія назвала «інсцэніроўкай» затрыманьне свайго дыплямата ў Санкт-Пецярбургу


Цэнтральны офіс ФСБ у Маскве

Эстонія ў аўторак абвінаваціла Расею ў беспадстаўным затрыманьні аднаго са сваіх дыпляматаў, назваўшы гэты інцыдэнт сьведчаньнем таго, што Расея выбірае шлях канфрантацыі ў адносінах з Эўропай

Раней Фэдэральная служба бясьпекі РФ (ФСБ) заявіла, што затрымала консула Эстоніі ў Санкт-Пецярбургу Марта Лятэ пасьля таго, як ён быў выкрыты ў атрыманьні канфідэнцыйнай інфармацыі ад грамадзяніна Расеі.

«Гэтая дзейнасьць несумяшчальная са статусам дыплямата і мае відавочны варожы характар у адносінах да Расейскай Фэдэрацыі, — гаворыцца ў заяве ФСБ. — Да замежнага дыплямата будуць ужытыя меры ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права».

Адносіны Расеі з эўрапейскімі краінамі ў апошнія месяцы абвастрыліся пасьля шэрагу абвінавачваньняў у шпіянажы на адрас расейскіх дыпляматаў у Эўропе. Адбылася ўзаемная высылка дыпляматаў з такімі краінамі ЭЗ, як Італія, Баўгарыя, Чэхія і Румынія.

Афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных справаў Эстоніі Аары Лемік заявіла, што ФСБ затрымала Лятэ на паўтары гадзіны пасьля таго, як ён пакінуў рабочую сустрэчу ў Санкт-Пецярбурскім палітэхнічным унівэрсытэце.

«Абвінавачаньне ў тым, што ў яго былі сакрэтныя дакумэнты, цалкам беспадстаўнае. Гэта правакацыя. Увесь інцыдэнт быў інсцэніроўкай», — сказала яна.

«Мы лічым гэта чарговым прыкладам таго, што Расея выбірае канфрантацыю замест таго, каб зьмяніць нэгатыўную тэндэнцыю ў адносінах з краінамі-чальцамі ЭЗ», — дадала Лемік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG