Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ Расеі на тэрыторыі Беларусі вэрбуе ўкраінцаў для супрацы? Гісторыя адной крымінальнай справы


Сьледчыя і праваахоўныя органы Ўкраіны за апошнія некалькі гадоў расьсьледуюць вялікую колькасьць спраў, зьвязаных з абвінавачаньнямі ўкраінскіх грамадзянаў у супрацы з замежнымі спэцслужбамі, і найперш з Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі.

Часьцей за ўсё такія справы заводзяць на падставе зваротаў саміх грамадзян, якія добраахвотна прызнаюцца ў тым, што былі завэрбаваныя замежнымі спэцслужбамі. Дзякуючы гэтаму ім удаецца пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці і пазбаўленьня волі, прадугледжанага заканадаўствам за дзяржаўную здраду.

Адну з такіх справаў нядаўна разглядаў Новазаводзкі раённы суд Чарнігава, рашэньне якога апублікавана ў Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны. Зь яго вынікае, што грамадзяніну Ўкраіны, ураджэнцу Чарнігава, адзін зь ягоных знаёмых прапанаваў «высокааплатную працу» у Расеі.

Украінец пагадзіўся, але, каб атрымаць гэтую працу, яго ў лютым 2018 году запрасілі ў Турэччыну, дзе адбылася першая сустрэча з супрацоўнікам ФСБ Расеі.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, у Стамбуле пасьля «біяграфічнага вывучэньня» ўкраінцу прапанавалі паглыбіць супрацу на ўмовах кансьпірацыі, а ўжо ў красавіку 2018-га ў Менску той добраахвотна пагадзіўся на «канфідэнцыйную супрацу і выкананьне заданьняў ФСБ РФ для ажыцьцяўленьня шэрагу акцый інфармацыйна-псыхалягічнага ўплыву на насельніцтва Ўкраіны» (так адзначаецца ў судовым рашэньні. — РС).

Паводле сьледчых, завэрбаваны ўкраінец меўся арганізаваць акцыі пратэсту працоўных калектываў прадпрыемстваў ВПК супраць санкцый і за аднаўленьне гандлёвых дачыненьняў з Расеяй, у тым ліку і ў вайскова-тэхнічнай сфэры. Асобна ўкраінец меўся працаваць з кіраўнікамі абаронных прадпрыемстваў, дэпутатамі Кіеўскай гарадзкой і Вярхоўнай Рады Ўкраіны, каб і тыя рабілі публічныя заявы пра неабходнасьць аднаўленьня супрацы з Расеяй.

Супраца з ФСБ, паводле сьледзтва, працягвалася з лютага 2018-га да верасьня 2019 году. Сярод матэрыялаў справы шэраг дакумэнтаў з Кіеўскай гарадзкой і абласной дзяржаўных адміністрацый, якія могуць сьведчыць пра тое, што абвінавачаны меў пэўны доступ да прадстаўнікоў гэтых структураў улады.

Улічваючы, што абвінавачаны сам заявіў ў органы Службы бясьпекі Ўкраіны пра сваю сувязь з прадстаўніком ФСБ і расказаў пра заданьні, якія ён атрымліваў, суд вызваліў грамадзяніна Ўкраіны ад адказнасьці і закрыў крымінальную справу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG