Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі «расейскага шпіёна»: ён сустракаўся са сваімі куратарамі ў Беларусі


Завэрбаваны ўкраінец працаваў на «Укроборонпроме»
Завэрбаваны ўкраінец працаваў на «Укроборонпроме»

У расьсьледаваньнях украінскіх спэцслужбаў Беларусь другі раз фігуруе як месца сустрэчы завэрбаваных Расеяй украінцаў са сваімі куратарамі.

Супрацоўнікі контравыведкі разам з Галоўным сьледчым упраўленьнем Службы бясьпекі Ўкраіны затрымалі завэрбаванага расейскай вайсковай выведкай украінца, які перадаваў сакрэтную інфармацыю сваім куратарам на сустрэчах у Беларусі.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе СБУ, супрацоўнік аднаго з прадпрыемстваў канцэрну «Укроборонпром» быў завэрбаваны на тэрыторыі Крыму ў 2014 годзе і перадаваў расейскаму боку інфармацыю аб функцыянаваньні прадпрыемстваў абароннай прамысловасьці Ўкраіны.

Жыхар Запароскай вобласьці быў затрыманы пры перасячэньні дзяржаўнай мяжы, калі накіроўваўся ў Варонеж на чарговую сустрэчу са сваім куратарам. Паводле СБУ, усю інфармацыю ён перадаваў афіцэрам Цэнтральнага камандаваньня Узброеных сілаў Расеі па каналах электроннай сувязі, а таксама ў часе асабістых сустрэч, якія арганізоўваліся ня толькі ў Расеі і Крыме, але і ў Беларусі.

Паводле інфармацыі СБУ, у часе кожнай сустрэчы ён атрымліваў ад 400 да адной тысячы даляраў за сабраныя зьвесткі пра абаронную прамысловасьць Украіны. У часе ператрусу па месцы жыхарства затрыманага канфіскавалі кампутары ды іншыя носьбіты інфармацыі, якія выкарыстоўваліся для апрацоўкі, захоўваньня і перадачы сабраных зьвестак, а таксама сродкі сувязі з куратарамі.

Цяпер выяўленага «расейскага агента» арыштавалі, ён абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе.

Гэта другі выпадак, калі ў матэрыялах дасудовага расьсьледаваньня Беларусь фігуруе як месца сустрэчы завэрбаваных Расеяй украінцаў са сваімі куратарамі. Сёлета ў сакавіку ў Харкаве быў затрыманы чыноўнік Харкаўскай гарадзкой рады, які таксама перадаваў расейскаму боку выведаныя дадзеныя ў часе сустрэч у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG