Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі гадоў турмы атрымлівалі апанэнты Лукашэнкі


Віктар Бабарыка ў дзень агучваньня выраку да 14 год зьняволеньня. Менск, 6 ліпеня 2021 году.
Віктар Бабарыка ў дзень агучваньня выраку да 14 год зьняволеньня. Менск, 6 ліпеня 2021 году.

6 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі пакараў Віктара Бабарыку 14 гадамі пазбаўленьня волі. Так жорстка не каралі ніводнага з апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі за 27 гадоў ягонага кіраваньня.

Цягам найноўшай гісторыі Беларусі апанэнты Аляксандра Лукашэнкі атрымлівалі жорсткія тэрміны. Вось некаторыя зь іх.

Павал Севярынец: 7 гадоў турмы

Адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Адбываў пакараньне некалькі разоў, дзясяткі разоў быў асуджаны да адміністрацыйных спагнаньняў — арыштаў і штрафаў.

У 2005-м быў асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі нібыта за арганізацыю акцый пратэсту.

У 2011-м зноў асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі пасьля пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Вызвалены ў 2013-м.

7 чэрвеня 2020 году арыштаваны і пазьней абвінавачаны ў нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Асуджаны да 7 гадоў калёніі строгага рэжыму.

Мікалай Статкевіч: 6 гадоў турмы. Ідзе чарговы суд

Шматгадовы лідэр беларускай апазыцыі. Неаднаразова сядзеў у турме.

Мікалая Статкевіча затрымалі адразу пасьля Плошчы-2010. У траўні 2011 году яму прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч не пісаў прашэньня аб памілаваньні і пацьвердзіў інфармацыю аб катаваньнях, якую агучыў Алесь Міхалевіч. Выйшаў на волю 22 жніўня 2015 году згодна з указам Лукашэнкі аб памілаваньні. З таго часу ня раз затрымліваўся і адбываў адміністрацыйныя пакараньні. У 2017 годзе, паводле яго, зноў быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА КДБ перад Днём Волі.

30 жніўня 2020 году Мікалай Статкевіч быў затрыманы па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля Камароўскага рынку. Спачатку Статкевіча пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ 15. У канцы чэрвеня Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342. У гэтыя дні ў Гомлі ідзе суд.

Аляксандар Казулін: 5,5 года турмы

25 сакавіка 2006 году ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, падчас якой людзі рушылі ў бок турмы на Акрэсьціна. Акцыю жорстка разагналі.

Аляксандра Казуліна затрымалі і абвінавацілі ў злосным хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пазьней яму прысудзілі 5,5 года зьняволеньня. У турме Казулін трымаў галадоўку, яго прызналі вязьнем сумленьня. У 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка памілаваў яго адмысловым указам. Больш Аляксандар Казулін палітычнай дзейнасьцю не займаўся.

Дзьмітры Ус: 5,5 года турмы

Дзьмітрыя Уса не затрымлівалі ўвечары 19 сьнежня. Ён заставаўся падазраваным у справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. У траўні 2011-га Дзьмітрыя Уса асудзілі на 5,5 года пазбаўленьня волі ў турме ўзмоцненага рэжыму. За кратамі Дзьмітры Ус трапіў у лякарню, атрымаў другую групу інваліднасьці. Ён не падаваў прашэньня на імя Лукашэнкі, у кастрычніку 2011 году быў памілаваны і выйшаў на волю. Палітыкай цяпер не займаецца.

Андрэй Саньнікаў: 5 гадоў турмы

Андрэя Саньнікава пры затрыманьні на плошчы каля Дому ўраду моцна пабілі, яму прысудзілі 5 гадоў за арганізацыю масавых беспарадкаў. Саньнікава памілавалі і выпусьцілі датэрмінова ў красавіку 2012 году пасьля прашэньня на імя Лукашэнкі. Міжнародная супольнасьць прызнала яго вязьням сумленьня. Ён эміграваў у Вялікую Брытанію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. Жонка Ірына Халіп засталася ў Менску.

Міхаіл Марыніч: 5 гадоў турмы

Быў міністрам замежнаэканамічных сувязяў, дэпутатам Вярхоўнага Савету, дыпляматам.

Выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Ня быў зарэгістраваны.

26 красавіка 2004 году быў арыштаваны КДБ і пазьней асуджаны на 5 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Прызнаны палітвязьнем. Вызвалены ў 2006 годзе па амністыі. Памёр у 2014 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG