Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Вялікабрытанія абвінавацілі ГРУ ў двухгадовай кібэрнэтычнай вайне


Хакеры, якія працуюць на расейскую ваенную выведку ГРУ, з сярэдзіны 2019 году атакавалі сотні цэляў у ЗША і Эўропе, спрабуючы ўзламаць іх паролі мэтадам перабору і з дапамогай уразьлівасьцяў у праграмным забесьпячэньні.

Такое сьцьвярджэньне ўтрымліваецца ў сумеснай справаздачы спэцслужбаў ЗША і Вялікабрытаніі, апублікаванай 1 ліпеня.

Згодна з дакумэнтам, атакі «амаль напэўна» працягваюцца і цяпер. Яны сканцэнтраваныя на ўрадавых і вайсковых структурах і іх падрадчыках, экспэртных цэнтрах, энэргетычных кампаніях і мэдыях, палітычных партыях, унівэрсытэтах.

У дакумэнце не гаворыцца пра канкрэтныя цэлі такіх нападаў і аб інфармацыі, доступ да якой магла атрымаць расейская выведка. Патэнцыйным аб’ектам хакераў спэцслужбы рэкамэндуюць стандартныя захады кампутарнай бясьпекі: у тым ліку адмову ад простых і паўтаральных пароляў, увядзеньне двухфактарнай аўтэнтыфікацыі і кантроль за карыстальнікамі.

25 чэрвеня Ўкраіна ўвяла санкцыі ў дачыненьні да афіцэра Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Генштабу Расеі Юрыя Андрыенкі, якога падазраюць у распрацоўцы кампанэнтаў вірусу Petya для кібэратак інфраструктуры Ўкраіны і шэрагу іншых краін у 2016-2017 гадах.

Паводле інфармацыі Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, ён зьяўляецца грамадзянінам Расеі і служыць у вайсковай частцы 74455 галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Расеі, а нарадзіўся ў траўні 1988 году ў Менску.


Заходнія спэцслужбы рэгулярна абвінавачваюць або падазраюць расейцаў у масіраваных кібэратах. Расея гэтыя абвінавачваньні заўсёды адмаўляе. У 2020 годзе прэзыдэнт Уладзімір Пуцін прапанаваў ЗША аднавіць супрацоўніцтва ў галіне кібэрбясьпекі, замарожанае пасьля ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і абвінавачваньняў Масквы ў спробе ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША.

Памочнік генэральнага пракурора ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Дэмэрс тады заявіў, што дзеяньні расейскіх хакераў «зьяўляюцца напамінам, чаму гэта прапанова ня больш чым хлусьлівая рыторыка», у заяве дзяржсакратара ЗША Майкла Пампэо было сказана, што Расея «зьяўляецца адным з найвялікшых разбуральнікаў глябальнага Інтэрнэту».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG