Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША западозрылі ГРУ ў акустычных атаках на амэрыканскіх дыпляматаў


Комплекс будынкаў Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Расеі, Масква.
Комплекс будынкаў Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Расеі, Масква.

За меркаванымі акустычнымі нападамі на амэрыканскіх дыпляматаў могуць стаяць супрацоўнікі расійскай ваеннай выведкі (ГРУ).

Дакладных доказаў гэтаму пакуль няма. Аб гэтым піша выданьне Politico са спасылкай на крыніцы.

Фэдэральныя спэцслужбы ЗША пакуль ня выявілі прычыну пагаршэньня здароўя амэрыканцаў, але расьсьледаваньне меркаваных нападаў актывізавалася.

Паводле суразмоўцаў выданьня, ГРУ — адзіная спэцслужба Расеі, якая мае тэхналёгіі для арганізацыі акустычных нападаў. Былы супрацоўнік органаў нацыянальнай бясьпекі ЗША расказаў Politico, што такія тэхналёгіі могуць быць у Ізраілю і Кітаю, але яны не працуюць ва ўсіх месцах, дзе былі зафіксаваныя інцыдэнты.

З канца 2016 году амэрыканскія дыпляматы ў Гаване паведамлялі аб дзіўных гуках высокай частаты, пасьля якіх у іх назіраліся моцныя галаўныя болі, млоснасьць, стомленасьць, галавакружэньне і страта каардынацыі і слыху.

У верасьні 2017 году Злучаныя Штаты адклікалі большую частку свайго дыпляматычнага корпусу з кубінскай сталіцы. Тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў у нападах кубінскія ўлады і выправадзіў з Вашынгтону 15 кубінскіх дыпляматаў. Гавана любую датычнасьць да нападаў адпрэчвала.

У чэрвені 2018 году ЗША таксама адклікалі некалькі амэрыканцаў з консульства ў кітайскім Гуанчжоў пасьля таго як у дыпляматаў выявіліся тыя самыя сымптомы «акустычнай атакі». Улады Кітаю заяўлялі аб правядзеньні расьсьледаваньня і пра тое, што ня выявілі нічога падазронага.

У канцы красавіка сёлета тэлеканал CNN паведаміў, што два падобныя выпадкі былі зафіксаваныя на тэрыторыі ЗША. У 2019 годзе супрацоўніца Белага дому расказала, што падвергнулася акустычнай атацы ў штаце Вірджынія. Яшчэ адзін выпадак выявілі ў лістападзе 2020-га. Як сьцьвярджаецца, інцыдэнт адбыўся непадалёку ад Белага дому.

Паводле дадзеных крыніц Politico, пакуль незразумела, ці зьвязаныя напады за мяжой з падобнымі выпадкамі на тэрыторыі Злучаных Штатаў.

У канцы 2019 года паведамлялася, што магнітна-рэзанансная тамаграфія пацьвердзіла структурныя зьмены галаўнога мозгу ў 40 супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі ЗША на Кубе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG