Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнік «чату радыкальнай скіраванасьці» ўцёк зь Беларусі і расказаў, як здымаўся у пакаяльным відэа


Працуе ГУБАЗіК, ілюстрацыйнае фота
Працуе ГУБАЗіК, ілюстрацыйнае фота

У судзе Ленінскага раёну Менску амаль месяц ідзе судовы разбор у масавай крымінальнай справе, якая вырасла з телеграм-чату «радыкальнай накіраванасьці».

Як піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», 11 чалавек затрымалі ў канцы верасьня 2020 году, жорстка пабілі і выставілі абвінавачаньні паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Астапенка.

На лаве падсудных — у тым ліку палітвязьні Юры Бялько, Сяргей Плоніс, Аляксандар Рэзьнік, Расьціслаў Стэфановіч, Павал Нядбайла, Яўген Прапольскі, Дзьмітры Ластоўскі, Арцём Касакоўскі.

Зьбіты мянчук Давід Слашчаў
Зьбіты мянчук Давід Слашчаў

Суд праходзіць фактычна ў закрытым рэжыме, не дапускаюць нават усіх сваякоў. Адзіны, хто цяпер на волі, — 22-гадовы Давід Слашчаў. 21 чэрвеня яго абвясьцілі ў вышук, бо ён не зьяўляўся на паседжаньне. Пазьней стала вядома, што малады чалавек выехаў ад перасьледу за мяжу.

Давід Слашчаў расказаў праваабаронцам падрабязнасьці гісторыі: пра пабіцьцё і ціск, якія зазналі фігуранты, а таксама пра тое, што яму давялося перажыць падчас сьледзтва.

Пяць чалавек, у тым ліку Давіда Слашчава, схапілі 29 верасьня ля станцыі мэтро «Ўручча». Там удзельнікаў чату чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Яшчэ шасьцёх затрымалі да таго або пасьля.

Усіх 11 фігурантаў абвінавачваюць у масавых беспарадках паводле ч. 2 арт. 293 КК за ўдзел у тэлеграм-чаце «радыкальнай накіраванасьці». Акрамя гэтага, у наўмысным зьнішчэньні альбо пашкоджаньні маёмасьці групай асобаў (ч. 3 арт. 218 КК), а палітвязьню Юрыю Бялько прад’яўляюць ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі).

Як высьветлілася на судзе, у чат з двух акаўнтаў пісалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Двух чалавек затрымалі раней, і ад іхнага імя «падкідвалі правакацыйныя рэчы, падбухторвалі да агульнай сустрэчы». Калі людзі сабраліся, іх затрымалі. Іншых вылічылі праз чат і па мабільных тэлефонах.

Карпянкоў асабіста здымаў «пакаяльнае відэа»

«Нас жорстка білі ўсю ноч — „выбівалі паказаньні“. Па галаве нагамі, дубінкамі, рукамі. Проста тапталіся ўсюды. Калі прывезьлі ў РУУС Першамайскага раёну, па кабінэтах таксама дубасілі. Адзінае, калі хтосьці пачынаў плакаць або казаў пра нейкія праблемы са здароўем, не чапалі. Я ім казаў: „Спыніцеся, я трачу прытомнасьць“. І чуў у адказ: „Кладзіся на падлогу!“. І далей працягвалі біць. Білі берцамі, потым было шмат сінякоў», — расказаў Давід Слашчаў.

Па яго словах, калі ўсіх даставілі ў дворык РУУС Першамайскага раёну, да яго ў бус падсеў Мікалай Карпянкоў (цяпер намесьнік міністра ўнутраных спраў, у той час начальнік ГУБАЗіК). Ён сам здымаў «пакаяльнае відэа» на камэру, якое затым увайшло ў нарэзку для навінаў БТ.

«Я тады рэальна спалохаўся. На відэа сказаў, што мне заплаціў каардынатар „ОГСБ“ [атрад грамадзянскай самаабароны]. Гэта няпраўда, мне ніхто нічога не плаціў. Але, калі мы ўсё адхілялі, нас білі. Карпянкоў мне адразу сказаў: „Ці ты кажаш, што табе заплаціў каардынатар 1000 даляраў, ці едзеш на 16 гадоў“. Натуральна, я падумаў, што мяне наогул могуць забіць, а ня вельмі хацелася», — успамінае малады чалавек.

10 чалавек ад канца верасьня трымаюць пад вартай у сьледчых ізалятарах. Справу Слашчава, які не зьявіўся на паседжаньне, выдзелілі ў асобную вытворчасьць.

«Я раней не затрымліваўся і ня ведаў, што без адваката лепей не даваць ніякіх паказаньняў. Мяне пужалі турэмнымі тэрмінамі ад 8 да 16 гадоў. І я расказаў, як усё было. Я нікога не здаваў, сілавікі на ўсіх выйшлі самі. Калі мяне прывялі ў Сьледчы камітэт, там ужо сядзеў апошні чалавек, якога яны затрымалі дома. Магчыма, таму я на волі, бо даў нейкія паказаньні. І я лічу, што зрабіў правільна, уся інфармацыя і так ёсьць у чаце».

Пры гэтым Давід Слашчаў ня стаў выпрабоўваць лёс і чакаць выніку судовага працэсу — зьехаў адразу, як зьявілася такая магчымасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG