Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец Папоў, якога судзяць разам зь Ціханоўскім, просіць Пуціна пазбавіць яго грамадзянства


Суд у Гомлі. 24 чэрвеня.

Сястра палітзьняволенага Дзьмітрыя Папова, грамадзяніна Расеі, фігуранта «справы Ціханоўскага», атрымала ад яго ліст зь СІЗА.

У ім Дзьмітрый Папоў просіць Уладзіміра Пуціна пазбавіць яго расейскага грамадзянства.

«Я больш за год чакаў, што „Расея сваіх не пакідае“, як неаднаразова казаў Пуцін. Аказалася, што гэта зусім ня так. На сваіх у Расеі выбіральная сьлепата. Уступаецца яна толькі за тых, дапамога якім можа прынесьці палітычныя балы кіраўніцтву Расеі. За простых сьмяротных, як я, які не адменіць санкцыі, ня купіць лішні танкер нафты, ніхто не заступіцца. Тым ня менш менавіта Расею я называў сваёй радзімай», — напісаў Дзьмітрый з гомельскага СІЗА. Ягоны ліст цытуе сястра Юлія.

За год яго толькі адзін раз наведаў расейскі консул, са словамі: «Дзіма, ну вы самі ўсё разумееце!»

«Я адмаўляюся разумець, чаму за цэлы год консульства пацікавіліся маёй пэрсонай аднойчы. Я адмаўляюся разумець, чаму той дыялёг праходзіў пасьля катаваньняў мяне ў прысутнасьці супрацоўніка КДБ. Я адмаўляюся прымаць такое цынічнае стаўленьне расейскай дзяржавы да сваіх грамадзян. Я не хачу мець пашпарт такой краіны, якая гатовая ахвяраваць сваімі грамадзянамі ў інтарэсах іншай краіны. Для мяне гэта подлая і жорсткая здрада. Быць грамадзянінам краіны-здрадніцы я не хачу і ня буду», — заявіў палітзьняволены Папоў.

Закрыты суд у СІЗА

24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА-3 ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым.

Судовы працэс пачаўся праз год пасьля затрыманьня кожнага зь іх. Увесь гэты час яны ўтрымліваліся ў СІЗА Менску і Жодзіна, а ў Гомель трапілі перад самым пачаткам суду. Першапачаткова Генпракуратура і Вярхоўны суд, куды перадалі матэрыялы пасьля завяршэньня сьледзтва, паведамлялі, што працэс мае прайсьці ў Гомельскім абласным судзе. Аднак у выніку родным абвінавачаных стала вядома, што суд будзе ня толькі закрыты, але да таго ж пройдзе ў будынку СІЗА № 3 Гомля. Ніякіх афіцыйных тлумачэньняў гэтаму няма.

Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў. Яе зьмест абвінавачаныя вывучалі на працягу кастрычніка. Мікола Статкевіч рабіць гэта адмовіўся амаль адразу, назваўшы ўсе абвінавачаньні беспадстаўнымі.

Хто такі Дзьмітрый Папоў

Мадэратар сацыяльных сетак «Страны для жизни» Дзьмітрый Папоў прапаў увечары 4 чэрвеня 2020 году. Незадоўга да зьнікненьня Папоў запісаў і апублікаваў відэа, у якім расказаў пра цікавасьць да сябе з боку сілавікоў.

Яго затрымалі 4 чэрвеня 2020 году ў лесе пад Мазыром. Ен хаваўся ў фэрмера Аляксандра Вянгуры, затрымліваць Дзьмітрыя прыехалі 16 чалавек.

Спачатку ён быў у ІЧУ на Акрэсьціна ў Менску, адкуль яго перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Абвінавачваюць Дзьмітрыя Папова, як і Ціханоўскага з Сакавым, адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу — 130, 191, 293 і 342. Яму пагражае да 15 гадоў зьняволення.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG