Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 23 чэрвеня: затрымалі менскую пэнсіянэрку і жодзінскага лекара

Затрыманьні, архіўнае фота
Затрыманьні, архіўнае фота

Сілавікі працягваюць рэпрэсіі за актыўную грамадзянскую пазыцыю і пратэсты: людзей забіраюць з дому, затрымліваюць на працы, заводзяць палітычна матываваныя справы.

Арышт за падыход да помніка пакутнікам

За нядзельную акцыю ля Помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі двум маладэчанцам прысудзілі суткі адміністрацыйнага арышту.

Пётар Дыко атрымаў 15 сутак, Жанна Пілючонак — 25 сутак. Яшчэ дзьвюх жанчын, у якіх былі непаўнагадовыя дзеці, адпусьцілі з аддзяленьня міліцыі, пра суды над імі пакуль нічога невядома.

20 чэрвеня ў Маладэчне ля Помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі, паводле меркаваньня супрацоўнікаў міліцыі, прайшла несанкцыянаваная акцыя.

Людзей, што знаходзіліся побач, сілавікі затрымалі. У аддзяленьне міліцыі таксама даставілі двух карэспандэнтаў «Рэгіянальнай газеты», што знаходзіліся ля помніка, але пазьней адпусьцілі.

Менскую пэнсіянэрку забралі з дому

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», раніцай 23 чэрвеня ў сябе дома была затрыманая пэнсіянэрка Натальля Хоміч. Па яе прыехалі людзі ў цывільным на срэбным мікрааўтобусе. Акрамя таго, яны забралі ўсю тэхніку. Да гэтага ёй прыйшоў заказны ліст з суду, але невядома, зь якой нагоды.

Таксама паведамляецца пра затрыманне ў Менску Віталя Ігнатовіча. Вядома, што апэрацыяй кіраваў падпалкоўнік МУС Валадзько. Прычыны перасьледу мужчыны пакуль невядомыя.

Затрымалі жодзінскага лекара

У Жодзіне затрымалі лекара-нэўроляга цэнтральнай гарадзкой лякарні Ўладзіслава Кузьняцова. У яго інваліднасьць 2-й групы.

А 9-й раніцы ў кватэры бабулі, дзе ён жыве, зьнікла сьвятло. Затым у дзьверы пастукаліся, запыталі, ці няма ключа ад электрашчытка. Калі жанчына адчыніла, у памяшканьне ўварваліся чацьвёра. Яны не прадставіліся, адразу надзелі кайданкі на Ўладзіслава Кузьняцова, пабілі, а потым павезлі ў ГАУС. Таксама забралі ўсю тэхніку, у тым ліку тэлефоны.

XS
SM
MD
LG